Пяцідзясяты выпуск Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў
У Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся юбілейны, 50-ы выпуск. З гэтай нагоды ў актавай зале сабраліся выпускнікі, іх бацькі, настаўнікі на ўрачысты вечар-канцэрт, падчас якога сваё майстэрства дэманстравалі выпускнікі. Сёлета ўстанову закончыла 39 чалавек, якія займаліся на 4 аддзяленнях. Яны з рук дырэктара Ірыны Пятрухінай атрымалі пасведчанні. Лепшыя вучні таксама былі ўзнагароджаны граматамі.
Сваю гісторыю Маларыцкая дзяржаўная школа мастацтваў пачала ў 1964 годзе як філіял ад Кобрынскай музычнай школы. Тады яе наведвала толькі 20 чалавек. Рашэннем Брэсцкага аблвыканкама афіцыйна ўстанова свае дзверы гасцінна адчыніла з 1 верасня 1965 года, наведвала яе 67 вучняў. Пад школу быў перададзены будынак Дома піянераў. У 1969 годзе ў ёй ужо займалася 100 чалавек, функцыянавала два аддзяленні. У 1973 годзе адкрыліся філіялы ў вёсках Олтуш, Макраны. 1 верасня 1998 года ўстанова атрымала статус школы мастацтваў, а ў 2010 годзе музычныя школы вёсак раёна (Олтуш, Хаціслаў, Чарняны) былі ператвораны ў філіялы Маларыцкай дзяржаўнай школы мастацтваў.
Фундамент установы – педагагічны калектыў. У ім цяпер працуе 40 настаўнікаў. У 2018/2019 навучальным годзе на харэаграфічным, мастацкім, музычным (фартэпіяна, скрыпка, баян, акардэон, балалайка, домра, цымбалы), тэатральным, вакальным аддзяленнях і аддзяленні фатаграфіі займалася 464 вучні. Акрамя таго, пры ўстанове працуе 8 педагагічных і 30 вучнёўскіх творчых калектываў, 19 з іх – у сельскай мясцовасці.
Маларыцкая дзіцячая школа мастацтваў не перастае здзіўляць шматграннасцю падрыхтоўкі юных талентаў. За апошнія гады прафесійнае майстэрства вучняў школы мастацтваў было заўважана і адзначана на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных творчых спаборніцтвах. Напрыклад, за 2018/2019 навучальны год вучні ўстановы адукацыі заваявалі 83 дыпломы, з іх 32 – першай ступені, 17 – другой ступені, 15 – трэцяй ступені, астатнія – дыпломы ўдзельнікаў. Амаль кожны год выпускнікі Маларыцкай дзяржаўнай школы мастацтваў паступаюць далей вучыцца ў сярэдне-спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы культуры і мастацтва. За перыяд з 2009 па 2018 гады студэнтамі стала 59 чалавек.
Мікалай НАВУМЧЫК.