Сястра міласэрнасці

З 1 студзеня 2009г. функцыяніруе Велікарыцкая бальніца сястрынскага догляду, разлічаная на 20 ложкаў. Яе ўзначальвае Галіна Палішчук. Асноўнай задачай бальніцы, па словах Галіны Іванаўны, з’яўляецца прадастаўленне пацыентам медыка-сацыяльнай дапамогі, якая скіравана на  падтрымку іх актыўнай жыццядзейнасці. Сёння ў бальніцы  пад кругласутачным наглядам 20 адзінокіх чалавек (з іх – 18 жанчын) ва ўзросце прыблізна ад 76 да 94 гадоў. Дарэчы, за знаходжанне тут пацыенты плацяць суму ў памеры 60% ад пенсіі, а ў каго ёсць дзеці — 80%. Большасць пажылых людзей мае патрэбу не столькі ў медыцынскай дапамозе, колькі ў доглядзе. Менавіта гэтую праблему і вырашае бальніца. Медыцынскі персанал, які тут працуе, смела можна назваць сёстрамі міласэрнасці, бо яны дапамагаюць пажылым дажыць адведзеныя Богам дні годна, у спакоі, у акружэнні павагі і клопату, сардэчнай цеплыні і шчырасці. Яны робяць боль больш лёгкім, змяншаюць пакуты, ратуюць ад адзіноты. Медсястра ў такой бальніцы адначасова і медык, і няня, і псіхолаг…
Галіна Іванаўна любіць усіх сваіх пацыентаў. Кожнаму з іх імкнецца ўдзяліць штодзень увагу, цікавіцца самаадчуваннем, настроем. Працуе жанчына не дзеля пахвалы, хоць, безумоўна, заслугоўвае не аднаго добрага слова.
— Інакш і быць не можа,-дадае Галіна Іванаўна, медсястра амаль з 28-гадовым стажам работы.- Толькі любоўю можна дасягнуць таго, у чым іншы раз і медыкаменты не дапамагаюць. Часам сказанае шчырае слова залечвае, загойвае боль куды лепш, чым лекавы сродак.
Так могуць гаварыць толькі людзі, самааддана ўлюбёныя ў сваю справу. Медыкам, між іншым, Галя стала выпадкова. Неяк раз са сваімі сяброўкамі паехала ў Калінінград, каб паглядзець на Балтыйскае мора. Тутэйшая прырода (на Лунінетчыне, адкуль родам, яна нічым не горшая) так спадабалася дзяўчыне, што вырашыла тут застацца. Таму паступіла вучыцца ў Калінінградскае медыцынскае вучылішча. Пасля яго заканчэння стала працаваць фельчарам на ФАПе, а потым пазнаёмілася з цудоўным хлопцам Сяргеем, які прыехаў з Украіны ў Калінінград праведаць сваю цётку. У чэрвені 1984г. згулялі вяселле. Праз год, пасля нараджэння дзіцяці, вырашылі вярнуцца бліжэй да сваёй малой радзімы. Па волі лёсу апынуліся ў Велікарыце. Муж уладкаваўся працаваць у мясцовы калгас, а Галя – ва ўчастковую бальніцу. З чэрвеня 1986г. так і працуе нязменна медсястрой.
-Работу сваю люблю, — гаворыць Галіна Палішчук, — яна мне падабаецца і прыносіць задавальненне. А ўсе пацыенты як свае родныя бацькі. Усім калектывам імкнемся стварыць ім у бальніцы максімальна прыбліжаныя да хатніх умовы жыцця. Не іх віна, што на старасці гадоў засталіся адны.
Цяжка пераацаніць ролю бальніцы сястрынскага догляду і тых, хто працуе тут, у вырашэнні сацыяльных і медыцынскіх праблем людзей шаноўнага ўзросту.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Галіна ПАЛІШЧУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.