Дзённік ветэрана: першыя дні Вялікай Айчыннай вайны на Маларытчыне

На досвітку 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія напала на СССР.  Пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая змяніла ўвесь ход гісторыі, зламала і скалечыла лёсы мільёнаў людзей. У ліку тых, хто трапіў ў самае пекла вайны, Веніямін Кудзелін. Ён нарадзіўся і вырас у Архангельскай вобласці Расіі.  Аднак ў чэрвені 1941 года ва ўзросце 21 года лёс закінуў юнака на Маларытчыну. Пра  першыя дні ліхалецця  камандзір першага ўзвода першага стралковага батальёна 115-га стралковага палка 75-й стралковай дывізіі Веніямін Рыгоравіч Кудзелін расказвае ў сваіх успамінах, якія адшукалі журналісты «Голасу часу». Успаміны напісаны ў форме дзённіка. Прапануем вашай увазе вытрымкі з яго.

 10 чэрвеня 1941 года.

Веніямін Рыгоравіч Кудзелін

Курсанты Урупінскага пяхотнага вучылішча  пастроіліся  паўзводна на дварэ. Сёння радасны для ўсіх нас дзень, бо апошні раз  стаім у агульным страі для таго, каб паслухаць загад аб прысваенні воінскіх званняў. Гэта незабываемы момант! Мы ўступаем у новае жыццё, якое будзе прысвечана ўмацаванню ваеннай магутнасці Айчыны. Іграе аркестр, нарэшце зачытваецца загад народнага камісара абароны… Вось і мая чарга. Я – лейтэнант, закончыў вучылішча на “добра” і “выдатна” і накіроўваюся ў распараджэнне  камандзіра 115-га стралковага палка 75-ай дывізіі ў Заходнюю Беларусь. Некалькі маіх таварышаў едзе разам са мною ў адну і тую ж дывізію, а сябар Мухтараў Нажмутдзін —  нават у адзін полк. Затым з Мухтаравым  ідзем у бібліятэку, бяром энцыклапедыю і шукаем звесткі пра Кобрын, дзе размяшчаецца штаб арміі.  Стараемся ўявіць горад і чамусьці думаем, што ён шэры, невялікі.  Што чакае нас наперадзе?

11-18 чэрвеня 1941 года.

У дарозе ўжо чацвёрты дзень. Сёння (18) прыехалі ў Мінск. У рэстаране на вакзале да нас выпадкова падышоў старшы лейтэнант. Разгаварыліся. Аказалася, што ён з той дывізіі, куды мы едзем. Вайсковец параіў нам, як хутчэй даехаць да месца назначэння. На развітанне ён сказаў, што на заходняй мяжы неспакойна: чакаюцца нейкія падзеі. Мы верылі пачутаму і не верылі. У Кобрыне даведаліся  пра месцазнаходжанне сваёй часці. Едзем у Брэст. Там таксама не затрымліваемся і накіроўваемся далей.

19 чэрвеня 1941 года.

На змярканні  прыехалі на станцыю Маларыта. Тут знаходзіцца штаб 75-ай стралковай дывізіі.  Шукаем яго, даведваемся пра  месцазнаходжанне  115-га стралковага палка. Разам з Мухтаравым ідзем  тры кіламетры пешшу ад станцыі ў бок лесу. У лагер прыйшлі позна. Дзяжурны па палку размясціў нас у  палатцы. Пасля   нялёгкай дарогі мы хутка заснулі.

20 чэрвеня 1941 года.

Мяне назначылі камандзірам мінамётнага ўзвода ў першы батальён. Не ведаю, як буду  камандаваць узводам, калі я стралок,  мінамётную справу ведаю толькі ў агульных дэталях. Давядзецца шмат папрацаваць над сабой. Мухтараў назначаны ў трэці батальён, які цяпер будуе ўмацаванні ля самай мяжы. Яму туды неабходна ехаць цягніком праз Брэст. Мы пакуль разам. Сябар ад’язджае раніцай 22 чэрвеня. Не пакідае адчуванне нейкай трывогі. Ва ўсіх байцоў ёсць  баявыя патроны. Я не ведаю пакуль, ці гэта так патрэбна ў прыгранічнай паласе, ці гэта нейкая мера перасцярогі.

Субота, 21 чэрвеня 1941 года.

Дзень прайшоў незаўважна. Асабістую зброю яшчэ не атрымаў, не атрымаў і пасведчання, якое  сведчыць маю асобу. Усё знаёмлюся з усімі. Вечарам з Нажмутдзінам ідзем у Маларыту. На станцыі зайшлі ў сталовую, павячэралі, пагаварылі з камандзірам і вярнуліся назад. Кладземся спаць у палатцы. Што дзень будучы мне рыхтуе? Я і раней часта думаў пра гэта. Аднак у гэты вечар я і Мухтараў у сваіх  думках мы былі далёка ад тых падзей, якія чакалі нас заўтра.

Нядзеля,  22 чэрвеня 1941 года.

Страшэнны грукат выбухаў падняў усіх на ногі. Мухтараў і я хутка  ўскочылі з нараў і сталі апранацца. Гарніст неяк  асабліва трывожна заіграў збор. Усе былі здзіўлены  незвычайным пад’ёмам. Усё гэта не нагадвала вучэбную трывогу. За лесам, у накірунку да станцыі, успыхвалі агні зарыва. Было зразумела, што гэта выбухі ад снарадаў ці бомб. Раптам нешта праляцела ля мяне і ўваткнулася ў пясок. “Гэта асколак!” – мільгатнула думка. Выбухі спыніліся так нечакана, як і пачаліся. Неўзабаве Мухтараў узваліў на плячо чамадан і накіраваўся на станцыю, каб хутчэй даехаць да свайго месца службы. Пасля на працягу дзвюх  гадзін ніхто з камандавання нічога не тлумачыў, хоць мы не сумняваліся, што пачалася вайна. Да нас даносіліся ледзь улоўная артылерыйская кананада, зрэдку – рокат самалётаў.

На пачатку дзявятай гадзіны  полк  накіраваўся на захад. Наша мінамётная рота на некаторы час была пакінута для аховы лагера. Тут неўзабаве мы пачулі  выступленне Молатава па радыё, сумненняў няма: мы ваюем. У мяне быў вольны час, таму вырашыў пазнаёміцца з новай для мяне зброяй – пісталет-кулямёт Дзегцярова. На пачатку другой гадзіны дня за намі прыехалі аўтамашыны. Іх па дарозе абстралялі нямецкія самалёты. Пагрузіўшы ўсё, мы паехалі. Увесь час глядзелі ў неба, чакаючы з’яўлення самалётаў. Дзень быў гарачы, на небе – ні воблачка. Раптам мы пачулі  кулямётную стральбу і рэдкія выбухі. Наперадзе – Збураж, а за гэтай вёскай  нашы вядуць бой. Я разглядаю поле, якое пачынаецца на захад ад вёскі. “Вось яна, вайна, — думаю я. — Ваяваць дык ваяваць!” Байцы, якія  размясціліся ў жыце і бульбе, страляюць. Немцаў не відаць. Мы адкрываем агонь з усіх мінамётаў. Нямецкія міны рваліся вакол нас. Некаторы час я быў захоплены  азартам бою, таму пра небяспеку нават не думаў. Некалькі разоў мяняў пазіцыю. Дзень хіліўся да вечара, калі заўважылі, што  паблізу няма першага ўзвода. Па загаду камандзіра  бягу яго шукаць. Нідзе не знаходжу. Нашы пачалі адступаць. Я згубіў дарогу. Цямнела, але немцы пакуль у вёску не ўвайшлі…

Мы адступаем у накірунку Маларыты. Толькі ніхто не ведаў чаму?  Ноч была цёмнай і душнай.  Вельмі хацелася піць, але вады нідзе не было. З нейкай лужы пачаў чарпаць кацялком ваду, але яе нельга было піць. Ля дзвюх гадзін ночы мы вярнуліся ў свой лагер. Хутка атрымалі загад заняць абарону паміж рэчкай і лесам.

Так скончыўся мой першы дзень вайны.  Я ўпершыню параўноўваў вайну тую, пра якую чытаў у кнігах, з той, якую ўбачыў на свае вочы. Кантраст быў  вялікі.

23 чэрвеня 1941 года.

Раніцай нашу мінамётную роту перамясцілі бліжэй да станцыі Маларыта, да вёскі Лазкі. Некалькі гадзін ляжалі ў акопах. Ля 11.00  у небе з’явілася 17 нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў. Яны скідвалі бомбы на станцыю. Мы абстрэльвалі самалёты. Пад вечар  нашу мінамётную роту перамясцілі да краю лесу. Паблізу была чыгунка Маларыта-Ковель. Тут прабылі ўсю ноч. Бою не было.

24 чэрвеня 1941 года.

Разведка далажыла, што ў Маларыце з’явіліся немцы. Мы атрымалі загад весці па захопніках агонь… Вечар атрымаўся гарачым. Нашы падраздзяленні адыходзілі ў лес. Нечакана сустрэў Нажмутдзіна Мухтарава. Ён не паспеў з’ехаць у свой батальён, таму цяпер быў пры штабе палка. Мы пагаварылі, успомнілі тую апошнюю мірную ноч і рассталіся.

Немцы ішлі па полі  ланцугом. Набліжаўшыся, яны  сталі крычаць па-руску: “Забіце сваіх камандзіраў-камуністаў і пераходзьце да нас!” Пачаўся бой. Немцы некалькі разоў спрабавалі наступаць і ў лоб, і з флангаў, але безвынікова. Камандзір  батальёна быў паранены. Мой камандзір роты прыняў камандаванне. Калі пачало змяркацца, бой спыніўся. Немцы не здолелі прымусіць нас адступаць. Мы радаваліся, абмяркоўвалі бой, гаварылі  пра тое, што нас чакае наперадзе. Амаль уся ноч прайшла ў руху. Нам хацелася спаць, але ўсе некуды ішлі  па лясной дарозе. На світанні я са сваімі байцамі прыйшоў на вялікую паляну, дзе было многа чырвонаармейцаў. Тут сабраліся ўсе падраздзяленні нашага палка. Высветлілася, што мы былі  акружаны немцамі. Нешта страшнае і невядомае чакала нас. Неўзабаве было прынята рашэнне ісці на прарыў з наступленнем змроку. Увесь дзень быў заняты падрыхтоўкай да выхаду з кальца. Была пастаўлена задача: захаваць людзей і прарвацца да сваіх.

26 чэрвеня 1941 года.

Калі я прачнуўся, ужо світала. Падушкай была купіна, ложкам – некалькі зламаных галін вярбы. Павярнуўшы галаву направа, нечакана непадалёк ад сябе ўбачыў гадзюку. Яна, скруціўшыся ў клубок і выцягнуўшы галаву, напэўна, разглядвала мяне. Калі б так блізка гадзюку ўбачыў да вайны, то з усіх ног кінуўся б наўцёкі далей ад гэтага месца.  А цяпер спакойна яе разглядваў некалькі хвілін. А калі гадзюка пачала шыпець ад маіх рухаў, устаў і пайшоў прэч.

Вельмі хацелася есці, але ў маёй  палявой сумцы нічога не было, акрамя двух кавалачкаў цукру. Аднак саслужыўцы падзяліліся сваім правіянтам… Камандзіры сабраліся  на нараду. Было прынята рашэнне разбіцца на маленькія групы па 10-20  чалавек і так выйсці з акружэння. Мне з лейтэнантам мінамётнай групы трапіла група чалавек з трыццаць. Пазней некаторыя адышлі ад нас. Нас стала  дваццаць два чалавекі. Ля 11 гадзін  вечара мы накіраваліся па балоце на прарыў. Групу вёў я, ішоў наперадзе, глядзеў на компас. Мясцовасці не ведаў зусім. Перад дарогай толькі паглядзеў карту капітана. На світанні 27 чэрвеня мы ўбачылі  насып шасейнай дарогі. Руху на ёй не было.  Вырашылі пераходзіць дарогу праз  водаадводную трубу. Наперадзе былі пінскія балоты. Нас гэта радавала…

*  *  *

У верасні 1941 года пры выхадзе з акружэння ў Чаркаскай вобласці Веніямін Кудзелін захварэў на цяжкую форму малярыі. З адным байцом быў пакінуты ў мясцовых жыхароў. Пасля выздараўлення вярнуўся ў Палескую вобласць. У Жыткавіцкім раёне стаў партызанам, быў назначаны памочнікам камандзіра ўзвода, пазней – камандзірам узвода. У чэрвені 1943 года Веніяміна Кудзеліна  накіроўваюць у Петрыкаўскі раён для арганізацыі новага партызанскага атрада. Праз два месяцы на базе роты быў створаны партызанскі атрад, дзе Кудзелін назначаецца начальнікам штаба. У студзені 1944 года партызанскія атрады Петрыкаўскай партызанскай зоны злучыліся з франтавымі часцямі Савецкай Арміі. У лютым 1944 года  В.Р.Кудзеліна накіроўваюць на шасцімесячныя курсы партыйна-савецкага актыву пры ЦК  Камуністычнай партыі Беларусі. Выйшаў ён у адстаўку ў званні капітана. З 1971 па 1980 гады быў дырэктарам музея, дырэктарам Мемарыяльнага комплекса “Брэсцкая крэпасць-герой”.

Падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 2
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!