“КРОК НАСУСТРАЧ”

Клуб для бацькоў “Крок насустрач” дзейнічае пры Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання трэці год.
Сёлета аб’яднаў ён бацькоў, дзеці якіх пакутуюць ад цяжкіх захворванняў нервовай і апорна-рухальнай сістэмы.
Першую сустрэчу ў клубе, на якую прыйшлі 5 матуль, сацыяльны педагог Цэнтра Вера Мехралыева і псіхолаг Іна Булатава пачалі са знаёмства. Спачатку жанчыны запоўнілі анкеты з простымі і ў той жа час мудрагелістымі пытаннямі. Адказы пакрыху раскрывалі характар, расказвалі пра захапленні, у выніку, рыса за рысай, маляваўся партрэт кожнай. І хоць усе гэтыя партрэты, як і самі характары жанчын, атрымаліся зусім розныя, але было ў іх адно падобнае: кожная маці ўжо шмат гадоў змагаецца за жыццё і здароўе свайго “асаблівага” дзіцяці.
— Быць маці – гэта няпростая прафесія, з якой, як бы ні было цяжка, нельга звольніцца. Вы ведаеце гэта, як ніхто іншы. У кожнай з вас шмат праблем, ёсць што абмеркаваць з тым, у каго такая ж бяда, ёсць чым падзяліцца. Для гэтага і створаны наш клуб, які дапамагае сустрэцца, пагутарыць і проста крыху адпачыць ад надзённых праблем, — вітала гасцей дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання Людміла Лукавец.
Спецыялісты Цэнтра расказвалі матулям пра той уплыў, які аказвае на характар чалавека яго імя, чыталі разам прытчы, а потым абмяркоўвалі іх, разважаючы аб тым, як можна перамагчы гнеў, навучыцца пазітыўна ставіцца да праблем. На жыццёвых прыкладах удзельнікі гутаркі пераконваліся, што чалавек бачыць свет такім, якім хоча яго бачыць, што кожны дасягае таго, у што верыць, важна толькі змагацца і, не губляючы сіл, несці па жыцці свой крыж. У выніку атрымалася шчырая размова, з якой кожны ўзяў для сябе нешта сваё.
У завяршэнні гэтай размовы на пялёстках, выразаных з паперы, удзельнікі сустрэчы напісалі свае пажаданні, а арганізатары сустрэчы сабралі гэтыя пялёсткі ў прыгожыя кветкі.
Забыць пра надзённыя праблемы і клопаты, адпачыць, абменьваючыся парадамі, змаглі жанчыны за чаяваннем. «Салодкі стол» для іх прыгатавала раённая арганізацыя Беларускага фонду міру.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час пасяджэння клуба “Крок насустрач”.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!