Вёсачка Отчын: бадай, жывуць адні Бягезы (Маларыцкі раён)

Ціхая і спакойная вёсачка Отчын, што стаіць на самай беларуска-ўкраінскай мяжы, пакрысе дажывае свой няпросты век. Жыццё ў былым партызанскім Отчыне, які ў гады акупацыі палілі і нішчылі нацысты, заціхае. Зараз у населеным пункце ў некалькіх хатах пражываюць сем чалавек.

У гэтыя спякотныя чэрвеньскія дзянькі вёсачка ў адну вуліцу маркотліва маўчыць у прагным чаканні дажджу. У Отчыне жывуць, бадай, адны Бягезы. Болей таго, у першай хаце пры ўездзе ў населены пункт пражывае Кацярына Міленцьеўна Бягеза, а ў самай апошняй — Кацярына Цімафееўна Бягеза. Жанчыны не сваякі паміж сабой, але вельмі даўно сябруюць. Як выйшлі сюды замуж, а з таго часу прайшло-мінула больш за паўвека, так і дружаць яны паміж сабой. Праўда, Кацярына Цімафееўна на некалькі гадоў старэйшая за сваю сяброўку Кацярыну Міленцьеўну. У іх шмат агульнага: на святы ходзяць у царкву, што ў суседнім Хаціславе, абедзве выпісваюць не адзін год  раённую газету “Голас часу”, са старонак якой даведваюцца аб падзеях што адбываюцца на Маларытчыне.     

    Кацярына Міленцьеўна каля 30 гадоў спявае ў царкоўным хоры, даглядае за двума інвалідамі, якія пражываюць побач, і адна на ўсю вёску трымае вялікую гаспадарку. Бабулі Кацярыне 77 гадоў, а ў яе хаце і на падворку ўзорны парадак. Каля хаты цвітуць кветкі: ружавеюць півоні, чырванеюць ружы, выглядаюць са збаночкаў петуніі. За агароджай, важна перабіраючы лапамі, туды-сюды сноўдаецца статак гусей, качак, індыкоў і курэй. У хляве, шукаючы паратунку ад спёкі, рохкаюць свінні.

— Качаняты толькі вылу­пліваюцца, — кажа бабуля Кацярына. – Летась каля сотні птушанят выгадавала. Зяць дапамагае. Як толькі ў яго выхадныя, дык ён адразу з Брэста едзе да мяне ў вёску.

Бабуля Кацярына родам з пасёлка Гута, што на Украіне. У Отчын яна выйшла замуж за працавітага ды дбайнага хлопца Сцяпана. Разам пражылі паўвека, нават адзначылі залатое вяселле. А праз год Сцяпан Піліпавіч, які ўсё жыццё адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы трактарыстам, памёр. Вось і засталася Кацярына Міленцьеўна адна ў вялікай ды прасторнай хаце. Шчасце прыходзіць у дом, калі прыязджаюць дзеці з унукамі ды праўнукамі. Тады ажывае Отчын, поўніцца дзіцячымі галасамі вуліца Цэнтральная. Самотна тут узімку. Але і ў халодную пару года Кацярына Міленцьеўна не сядзіць без працы. Па некалькі разоў на дзень яна бяжыць у суседнюю хату, у якой жывуць два браты- інваліды — Мікалай і Уладзімір Вуйцікі. Над малодшым, Уладзімірам, Кацярына Бягеза аформіла апеку.

— Шкада стала хлопца. Ён прызнаны недзеяздольным, — гаворыць Кацярына Міленцьеўна. – Я Валодзю хрысціла, хлопчык рос на маіх вачах. Таму і пагадзілася стаць апекуном. Яго старэйшы брат — інвалід трэцяй групы. Калі была яшчэ ў Отчыне ферма, працаваў даглядчыкам. Зараз сядзіць без працы. А куды ў Отчыне  ўладкуешся? Летам па ягады, грыбы ходзіць. Вось і ўчора пайшоў па чарніцы, слоік назбіраў. Кажа, што праз некалькі дзён чарніцы масава паспеюць. Вось так і жывём. Адны мы тут засталіся. Побач жыве Ніна Бягеза с сынам. На жаль, бабуля Ніна перанесла інсульт, зараз дачка са Старых Дарог прыехала, каб за маці даглядаць. А на тым канцы вёскі засталіся Кацярына Бягеза і яе сын Леанід, які працуе трактарыстам у СУП “Хаціслаўскі”. Ён адзіны ў вёсцы, у каго ёсць аўтамабіль.

Бабуля Кацярына вельмі чулая і шчырая, яна ніколі не пройдзе міма, калі ў чалавека здарылася бяда, ці камусьці патрэбна дапамога. У яе вялікае, добрае сэрца, любові якога, здаецца, хапае не толькі на сваіх родных і блізкіх, але і нават на чужых людзей.

У Отчыне поўдзень. Ля прызбы пустуючай хаты, схаваўшыся ў цень, сядзіць з торбачкай Кацярына Цімафееўна Бягеза. Хутка павінна падысці аўталаўка. Пакуль магазіна на колах няма, гаворым з бабуляй пра яе няпростае сялянскае жыццё.

— Сама я з Арэхава, а па волі лёсу маёй другой радзімай стаў Отчын, — расказвае бабуля Кацярына. – Тут прайшло ўсё маё жыццё, праляцелі як адно імгненне гады. Сем гадоў таму пахавала мужа. Жыву з сынам. Леанід працуе на трактары, ходзіць у перадавіках. Працы не цураецца, добры, спакойны. Толькі яму ўжо 55 гадоў, а так бабылём і жыве. Старэйшы сын Генадзь хоць прыжаніўся, а за Лёню душа мая баліць. Мне ўжо за восемдзесят. Здароўя даўно няма, хутка паміраць прыйдзецца, а душа не на месцы, таму што сын застанецца адзін.

У бабулі Кацярыны трое дзяцей і ўсе працуюць у сель­гаспрадпрыемстве “Хаціслаўскі”. Дачка – касір, абое сыноў – механізатары. Як зазначае Кацярына Цімафееўна, пайшлі па слядах сваіх бацькоў. Яна адпрацавала амаль 40 гадоў на цялятніку, рукі ад цяжкай непасільнай працы пашкодзіла так, што суставы павыкручвала. Муж Фёдар Рыгоравіч быў брыгадзірам, а затым загадчыкам фермы. Сям’я працавітая, ні муж, ні жонка ніколі не лайдачылі, працавалі шчыра, каб не сорамна людзям у вочы было глядзець.

— Калі сюды прыйшла жыць, а гэта больш за 60 гадоў таму, дык у Отчыне жыццё віравала, — прыгадвае бабуля Кацярына. – Нават пачатковая школа была. А цяпер толькі два разы на тыдзень аўталаўка заязджае. І тое добра, што не забываюць пра нас, старых.

Быццам бы пацвярджаючы словы Кацярыны Цімафееўны, роўна ў 12 гадзін 20 хвілін у Отчын прыехаў магазін на колах. Пакуль прадавец Марыя Цяліпка раскладвала тавар, ля машыны сабраліся ўсе жыхары Отчына. На некалькі дзён вяскоўцы “затарваліся” хлебам, малаком, кефірам, бралі каўбасу. Усё ж такі аўталаўка прыязджае толькі два разы на тыдзень. На развітанне ў дзвюх бабулек Кацярын пытаюся, адкуль назва такая ў вёскі пайшла.

Амаль у адзін голас яны мне вось што сказалі: “Маўляў, чулі калісьці ад тутэйшых старажылаў наступную легенду, што ў былыя часы адзін пан выслаў некалькі няўгодных яму сялян у гэтыя балоцістыя, гіблыя мясціны з надзеяй, што людзі тут не выжывуць, прападуць. “За вочы вас мае высылаю!”- грозна прамовіў памешчык, адпраўляючы прыгонных на вырак лёсу. Сяляне не толькі выжылі, але і заснавалі тут вёску, якую сталі называць Отчын.

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!