«Усім працягнула б руку…»

Сустрэча з Вольгай Варанчук, выязным фельчарам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі райбальніцы, не­калькі разоў перано­сілася. Кожны раз, як мы павінны былі сустрэцца, Вольга Іванаўна ехала на выклік. Хто ведае, якая дапамога спатрэбіцца хвораму. Іншы раз адлік часу, за які яшчэ можна выратаваць жыццё чалавека, вядзецца на секунды. Колькі было такіх сітуацый за 31 год працы, Вольга Варанчук не лічыла. Проста кожны раз імкнецца свае абавязкі выканаць так, як патрабуюць законы сумлення і прафесійныя. Таму і карыстаецца павагай і аўтарытэтам у калег. Удзячны ёй і пацыенты, якім была аказана неадкладная медыцынская дапамога. Пацвярджэнне таму – некалькі тэлефонных званкоў у рэдакцыю за апошні час, калі гучалі словы падзякі за цеплыню ў абыходжанні, за падтрымку, за дапамогу.
Вольга Іванаў­на родам з Велікары­ты. Пасля заканчэння 8-мі класаў паступіла вучыцца ў Брэсцкае медыцынскае вучы­лішча, каб набыць спецыяльнасць “Фельчар-акушэр”. З дзяцінства яна імкнулася аказваць дапамогу людзям. Вользе хацелася, каб усе былі шчаслівымі і здаровымі.
— Стаць медыцын­скім работнікам – гэта мая запаветная мара, — гаворыць мая субяседніца. – Многія дзяўчынкі хочуць вывучыцца на настаўніка, а я вось пра гэта і не думала зусім. Мне хацелася людзям дарыць здароўе. Калі яго няма, то чалавек самы бедны на зямлі. На выбар жыццёвага шляху паўплывала і тое, што нашымі суседзямі былі цудоўныя людзі. Гэта Лізавета Лісавец, якая ўсё жыццё прапрацавала фельчарам у Велікарыцкай амбулаторыі, і вясковы настаўнік Васіль Хапалюк. Менавіта Васіль Аляксандравіч і падштурхнуў да таго, што я стала медыцынскім работнікам. Ён неяк сказаў: “Ідзі, гэта – жаночая прафесія, адна з самых неабходных і прэстыжных. Яна заўсёды запатрабаваная. Да медыкаў заўжды адносяцца з павагаю”. Меў мой настаўнік рацыю. Аднак не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца.
Вольга Варанчук пераканалася ў гэтым на асабістым вопыце. Каб нечага дасягнуць, неабходна працаваць шчыра, самааддана. Каб спазнаць усе прамудрасці прафесіі, разгадаць сакрэты, улавіць усе адценні і нюансы, патрэбен не адзін год. Самае галоўнае, неабходна жаданне пастаянна самаўдасканаль­вацца. Таму з радасцю жанчына кожны раз ездзіць на курсы павышэння кваліфікацыі.
Вольга Іванаўна да вяршынь свайго майстэрства ішла не адзін год. Пасля заканчэння навучальнай установы была накіравана на Маларытчыну, а дакладней, у Макранскі ФАП, дзе працавала акушэрам.
— У Маларыту ехаць зусім не хацела, — прызнаецца мая субяседніца. – У іншае месца, здаецца, з радасцю паляцела б. Аднак выбар у мяне быў невялікі. Можна сказаць, што яго амаль зусім не было. Практыку праходзіла ў Маларыцкай бальніцы. Тут мяне заўважыў галоўны ўрач Аляксандр Аляксеевіч Дакучыц. Ён і дабіўся таго, каб я працавала ў райбальніцы.
Затым Вольгу Варанчук пры­з­начылі загадчыцай Ляхавецкай амбулаторыі… А з 16 верасня 1980 г. стала працаваць у аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі райбальніцы. З таго часу ужо 31 год так і шчыруе на адным месцы.
— Працаваць з хворымі – не мёд, — прызнаецца Вольга Іванаўна. – Розныя сустракаюцца людзі, розныя ўзнікаюць сітуацыі. Таму, хто працуе ў аддзяленні хуткай дапамогі, трэба мець тактоўнасць, вялікую сілу волі. Разам з тым неабходна праяўляць і стрыманасць, далікатнасць у абыходжанні. З Божай дапамогай мы імкнемся як мага хутчэй “даляцець” да ўсіх, апынуцца там, дзе нас чакаюць. На жаль, здараюцца выпадкі, калі наш прыезд ужо нічога не вырашае. Калі б змагла, калі б была такая магчымасць, то ўсім, хто падае, працягнула б руку, падаслала б саломку ці дыван.
Вольга Варанчук перажывае за ўсіх, у каго была на выкліку. Усе пацыенты становяцца для яе як родныя. За кожнага баліць сэрца, якое ўмясціла боль і пакуты не аднаго чалавека. У ім ёсць месца для ўсіх, з кім давялося сутыкнуцца, выконваючы свой прафесійны абавязак. І калі б можна было вярнуць гады назад, то ўсё роўна зноў стала б медыцынскім работнікам. Фельчар для яе – гэта самая лепшая прафесія на свеце. Бачыць усіх вакол сябе здаровымі – шчасце.
Ужо развітваю­чыся, Вольга Іва­наўна раптам сказала:
— Калі можна, то хацелася б папрасіць прабачэння ва ўсіх тых, каму, на іх погляд, я зрабіла не ўсё, што магла… За лёс кожнага пацыента перажываю не менш, чым яны самі. Таму ўсім хворым – выдатнага здароўя!
Р.S. Вольга Варанчук яшчэ і ганаровы донар РБ. За 60 разоў яна здала ўжо 24 літры сваёй крыві.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Вольга Варанчук, выязны фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Маларыцкай ЦРБ, яшчэ раз з задавальненнем прайшла б па сваёй жыццёвай сцежцы.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!