Ксенія Курыловіч з Арэхава дасягнула на Маларытчыне аднаго з лепшых вынікаў па ЦТ за апошнія гады

Выпускніца Арэхаўскай СШ 2019 года Ксенія Курыловіч з нецярпеннем чакала вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання. Дзяўчына была ўпэўнена, што ў “скарбонку” для паступлення яна набярэ высокія балы, але ўсё роўна хвалявалася. Атрыманыя вынікі ўсё ж здзівілі Ксенію і яшчэ раз пацвердзілі яе грунтоўныя і трывалыя веды. Ксенія Курыловіч у ліку тых на Маларытчыне, у каго найбольшая колькасць балаў у сёлетняй уступнай кампаніі. Дзяўчына будзе паступаць у ВНУ з 386 баламі з 400 магчымых. Па біялогіі Ксенія набрала максімальную колькасць  балаў (100), па хіміі – 99 балаў, рускай мове – 93. Акрамя таго,  сярэдні бал яе атэстата складае 94 балы. Усё гэта без рэпетытараў. Дасягнуты вынік выпускніцы вясковай школы — адзін з самых высокіх у раёне на цэнтралізаваным тэсціраванні за апошнія гады.

Поспех Ксеніі Курыловіч на цэнтралізаваным тэсціраванні заканамерны. Яна пастаянная ўдзельніца розных прадметных алімпіяд з чацвёртага класа. Гонар школы Ксенія ў розныя гады абараняла па беларускай і рускай мове і літаратуры, хіміі, фізіцы, матэматыцы. За апошнія тры гады дзяўчына на раённым этапе прадметных алімпіяд стала лепшай па хіміі, матэматыцы,  беларускай і рускай мове і літаратуры.

– Ксенія, як рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання, каб атрымаць высокія балы і паступіць у прэстыжную ВНУ? – цікаўлюся ў дзяўчыны.

–Найперш я перад сабой паставіла мэту пераадолець па ўсіх трох прадметах дзевяностабальны вынік, каб не кіравацца прынцыпам “туды праходжу — туды не праходжу”. Я сур’ёзна рыхтавалася да ЦТ, каб у мяне з набранымі баламі была магчымасць прайсці на бюджэтнае месца туды, куды даўно запланавала, дзе хацела б набыць вышэйшую адукацыю. Цяпер у планах — паступіць вучыцца ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Мне хочацца стаць кардыёлагам ці хірургам або стаматолагам. Канчаткова яшчэ не вызначылася, — расказвае ў размове Ксенія. — Да ЦТ сур’ёзна пачала рыхтавацца яшчэ ў 10 класе. Больш увагі  на падрыхтоўку надавала тым прадметам, па якіх неабходна будзе здаваць іспыты пры паступленні. Кожны дзень сістэматычна, звычайна па дзве гадзіны, выконвала заданні ЦТ мінулых гадоў, чытала шмат дадатковай літаратуры. Свае веды папоўніла, сістэматызавала і замацавала, наведваючы па суботах на працягу навучальнага года міжшкольныя факультатыўныя заняткі на базе Маларыцкай раённай гімназіі. Хочацца сказаць шчыры дзякуй настаўнікам гэтай навучальнай установы: Іне Пятроўне Андрайчук (хімія), Ірыне Аляксееўне Сезік (руская мова), Нэлі Андрэеўне Шпетнай (біялогія). Асобная падзяка — усяму педагагічнаму калектыву роднай Арэхаўскай СШ, а таксама маім бацькам – Алене Уладзіміраўне і Алегу Мікалаевічу  за падтрымку, разуменне, веру ў мяне.

Дзяўчына ўпэўнена, што цэнтралізаванае тэсціраванне “пакараецца” толькі мэтанакіраваным, уседлівым, старанным і працавітым. Яна раіць выпрацоўваць у сабе самадысцыпліну, менш часу праводзіць у сацыяльных сетках, а больш – за кнігамі. Ксенія прызналася, што яна часта сядзела за кнігамі да ночы, імкнучыся грунтоўна падрыхтавацца да ўрокаў. 

— Ксенія ў нас была актывісткай, ініцыятарам і арганізатарам правядзення практычна ўсіх школьных мерапрыемстваў, — гаворыць дырэктар Арэхаўскай СШ Галіна Сахарчук. — Яна ўмела размяркоўваць свой час і ўсюды паспявала. Ксенія добра іграе на гітары, не адзін год спявала ў дзіцячым царкоўным хоры пры мясцовым храме, прымала актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці пры Арэхаўскім СДК.

…Ксенія сёлета яшчэ здавала ЦТ і па матэматыцы. Дадаткова па гэтым прадмеце не займалася, не рыхтавалася. Запісалася на ЦТ па матэматыцы ў апошні момант. Вынік Ксеніі – 69 набраных балаў.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!