Родныя Івана Смаля не губляюць надзею даведацца, дзе ён загінуў і пахаваны (Маларыцкі раён)

Маларытчанка Галіна Смаль і яе сям’я бе­ражліва захоўваюць памяць пра сваіх родных і блізкіх – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. І хоць ужо прайшло 74 гады, як яна закончылася, але многа яшчэ ёсць невядомых старонак. Шмат абаронцаў Радзімы не вярнулася з франтоў жывымі і здаровымі. Многія прапалі без вестак.  У іх ліку – Іван Іванавіч Смаль. Сям’я Галіны Пятроўны да гэтага часу не ведае, дзе ён загінуў і пахаваны. Пасля заканчэння вайны пра чырвонаармейца Івана Смаля сабраны скупыя звесткі.

Іван Іванавіч Смаль

–Іван Смаль – гэта родны брат маёй свекрыві, – га­ворыць Галіна Смаль. –  Ён нарадзіўся ў в.Талочна ў шмат­дзетнай сям’і Ульяны Лу­кінічны і Івана Васільевіча Смаля. У Чырвоную Армію юнак прызваны 12 жніўня 1944 года Маларыцкім РВК ва ўзросце 18 гадоў. Ён быў стралком 562-га стралковага палка 165-й стралковай Сяд­лецкай Чырванасцяжнай ды­візіі. Дзясятага кастрычніка гэтага ж года прадстаўлены да ўзнагароджвання медалём “За адвагу”. Адпаведны за­гад падпісаны 2 лістапада 1944 года. Іван Смаль пад­час аднаго наступлення захопнікаў пад гміннай Яб­лонна (Люб­лінскі павет Люблінскае вая­водства) першым узняўся ў атаку і гранатамі знішчыў трох фашыстаў. 16 кастрычніка быў лёгка паранены. Далей звесткі пра яго губляюцца.

Ганна Смаль (1928 года нараджэння) расшуквала род­нага брата Івана да самай сваёй смерці. Жанчына ўсё спадзявалася і верыла, што ў адзін момант ён па­стукае ў дзверы і ўвойдзе ў пакой. У чырвоным куце до­ма Ганны Смаль віселі іко­ны, а непадалёк ад іх быў размешчаны і партрэт брата Івана. Жанчына малілася і шчы­ра прасіла, каб Бог вяр­нуў яго жывым і здаровым дадому.

Галіна Пятроўна захоўвае апошняе пісьмо з фронту Іва­на Смаля, якое датавана 3 кастрычніка 1944 года. У ім чырвонаармеец піша:

“Добры дзень, мае дарагія бацькі – мама і бацька! У першых радках свайго ліста паведамляю, што я жы­вы і здаровы… Мне было цікава слухаць, як бацька некалі расказваў пра тое, як ён ваяваў на вайне [Пер­шай сусветнай]. Цяпер вайну я пабачыў на свае вочы. Перадайце ад мяне прывітанне ўсім Смалям… Маіх таварышаў са мною няма. Стрыечнага брата Астапука не бачыў ужо дзён з дзесяць. Разам з ім быў Крэнь з Галёўкі, двое – з Радзежа.

Да пабачэння, дарагія баць­­кі! Не ведаю, ці па­ба­чымся яшчэ. Не ведаю, як мне давядзецца. Спадзяюся на Бога. Да пабачэння, мама, тата, Нюра, Насця (сястра 1930 года нараджэння), ма­ленькі брат Андруша (1933 года нараджэння) і цётка Ка­ця. Чакаю адказу. Іван Смаль”.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!