Лукаўскі дзіцячы сад у Маларыцкім раёне лічыцца адным з лепшых сярод вясковых дашкольных устаноў.

Фота райгазеты «Голас часу»

Лукаўскі дзіцячы сад у Маларыцкім раёне цяпер лічыцца адным з лепшых сярод вясковых дашкольных устаноў. У гэтым  немалая заслуга яго загадчыцы Любові Алесік. У жніўні споўніцца 43 гады, як яна шчыруе на ніве адукацыі раёна.

 

Любоў Рыгораўна ўпэўнена, што, ідучы па жыцці, неабходна пастаянна азірацца на свой пройдзены шлях. Гэта трэба для дэталёвага аналізу ўласных памылак і недахопаў, якія, магчыма, былі дапушчаны, каб іх выправіць і больш не дапускаць.

– Біяграфія ў мяне самая звычайная і простая, – гаворыць Любоў Алесік. – Я вырасла ў вясковай сям’і, у якой бацькі з маленства прывучалі да працы, павагі людзей, любові да роднага краю. У вольны час бавілася тым, што гуляла ў школу. Была такой, як і ўсе мае равеснікі.

Адзінае, што дзяўчыну адрознівала ад іншых, – моцнае жаданне стаць настаўніцай пачатковых класаў. Для ажыццяўлення сваёй мары пасля за­канчэння Высокаўскай васьмігадовай школы дакументы яна падала ў Пінскае педагагічнае вучылішча імя А.С.Пушкіна. З дыпломам маладога спецыяліста ў 1976 годзе на першае месца працы была накіравана на Маларытчыну.

– Спачатку два летнія месяцы працавала важатай у міжкалгасным аздараўленчым лагеры “Бярозка” (в.Боркі),  – успамінае Любоў Рыгораўна. – Паколькі вакансій настаўніка пачатковых класаў тады ў раёне не было, мне прапанавалі папрацаваць некаторы час выхавальнікам у Ланскім дзіцячым садзе. Гэта мяне не вельмі задаволіла. Такая нечаканая прапанова выклікала ў душы нават нейкі пратэст, бо сябе бачыла толькі ля дошкі з крэйдаю і ўказкаю. Мне так хацелася вучыць першакласнікаў! Да сваіх абавязкаў з першага дня стала адносіцца адказна і сур’ёзна. Хутка без сваіх 18 хлопчыкаў і дзяўчынак не ўяўляла ўжо жыцця.  Ды і з бацькамі адразу “знайшла” кантакт. Праца стала падабацца.

Праз пэўны час у Ланской васьмігодцы з’явілася вакансія піянерскай важатай. Тагачасны дырэктар установы адукацыі Людміла Іванаўна Русак прапанавала памяняць месца працы. Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, Любоў Рыгораўна згадзілася. Жыццё стала складацца з паходаў, экскурсій, культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў… Шэсць гадоў работы ў Ланской школе надалі не толькі педагагічнага вопыту, неабходных навыкаў і ведаў, але і ўпэўненасці ў сваіх сілах, умення ладзіць з людзьмі, пастаянна знаходзіцца ў пошуку і тварыць. Для павышэння свайго прафесійнага ўзроўню закончыла Брэсцкі дзяржаўны інстытут імя А.С.Пушкіна, дзе набыла спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў.

Пасля лёс закінуў Любоў Алесік у в.Лукава. Пачаўся яшчэ адзін этап яе педагагічнага жыцця. У вёсцы тады якраз здаваўся ў эксплуатацыю дзіцячы сад калгаса “Чырвоны партызан”. Неабходны былі выхавальнікі. Любові Рыгораўне прапанавалі пасаду загадчыцы.  Жанчына згадзілася.   

Цяпер Лукаўскі дзіцячы сад наведвае 44 хлопчыкі і дзяўчынкі. Выхаванцы ідуць сюды з задавальненнем. Для іх створана тры групы: лагапедычная,  рознаўзроставыя другая малодшая і сярэдняя. Ва ўстанове працуе 18 чалавек, у тым ліку – 8 педагагічных работнікаў. Калектыў энергічны, крэатыўны, іні­цыя­тыўны, дружны, зладжаны, творчы, які жыве жыццём дзіцячага сада. Усе ўкладваюць у прафесію душу, каб выхаванцам стварыць камфортныя ўмовы знаходжання, каб было і цёпла, і сытна, і добра, і пазнавальна, аддаючы цяпло сваіх сэрцаў. А гэта сведчыць аб тым, што людзі сапраўды знайшлі сваё прызванне і прызначэнне.

Як толькі трапляеш на тэрыторыю сада, у вочы адразу кідаецца прыгажосць, створаная на тэрыторыі. Калектыў шмат сіл затрачвае на яе добраўпарадкаванне. Тут з ранняй вясны да позняй восені радуюць вока розныя кветкі. Прыгожа і ў групах.

– Вялікая ўвага ў садку надаецца фарміраванню ў дзяцей асноў бяспечнай жыццядзейнасці, пытанням здаровага ладу жыцця, мы імкнемся далучаць іх да нацыянальна-культурных традыцый беларускага народа, выхоўваем любоў і павагу да роднага краю, – гаворыць Любоў Алесік. – У нас створаны неабход­ныя ўмовы для паўнавартаснага фізічнага і эмацыянальнага развіцця дзяцей.

– Любоў Рыгораўна, які вы кіраўнік?

– Пра гэта трэба пацікавіцца ў маіх калег (усміхаецца). Для мяне ўсе работнікі дашкольнай установы ў першую чаргу – калегі, а ўжо толькі потым – падначаленыя. Сябе я, напэўна, ахарактарызавала б як кіраўніка, які заўсёды і ва ўсім патрабуе дысцыпліны, парадку. Загадчык як гаспадар дзіцячага сада, якому трэба бачыць усё: ад адукацыйнага працэсу да спраў у  сталовай.

Калі стаўлю перад сабой нейкую мэту, стараюся яе заўсёды дасягнуць. Не прывыкла збочваць з дарогі, калі на ёй сустракаюцца перашкоды. Сябе адношу да тых шчаслівых людзей, якія прачынаюцца і ідуць на работу з радасцю і задавальненнем.

Між іншым, калегі Любоў Рыгораўну ахарактарызавалі як чалавека высокай культуры, шчырага, неабыякавага, інтэ­лігентнага, прынцыповага.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 39
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!