«Трэба быць у адной асобе і юрыстам, і артыстам, і псіхолагам, і выхавальнікам, і пажарнікам (тушыць полымя сямейнага пажару)» Праца без браку Антаніны Пішчык (Маларыцкі раён)

Антаніна Пішчык – чалавек у Маларыце вядомы. Больш чым дваццаць адзін год яна займала пасаду начальніка аддзела ЗАГС Маларыцкага райвыканкама. Нядаўна жанчына адзначыла свой чарговы юбілей. З памятнай датай былую калегу шчыра павіншавалі і выказалі цёплыя словы падзякі цяперашнія работнікі аддзела ЗАГС Людміла Гарбацэвіч і Наталія Камянчук.

Антанірна Пішчык. Фота райгазеты «Голас часу»

–Антаніна Пішчык карыстаецца заслужанай павагай і аўтарытэтам у гараджан, – гаворыць Людміла Уладзіміраўна. – Яна і цяпер, як і заўжды, імкнецца зразумець чалавека, параіць, падтрымаць, падказаць, як зрабіць лепш. Антаніна Сцяпанаўна з тых нямногіх, хто ўмее знаходзіць прыгожае ў будзённым і шэрым, радавацца кожнаму шчасліваму імгненню, штодзень дарыць усмешкі і радасць людзям. Для Антаніны Пішчык таксама характэрна душэўная цеплыня, уменне суперажываць, прыроджаная шчырасць, неабыякавасць, вялікае пачуццё адказнасці, паважлівыя адносіны да людзей. Антаніна Сцяпанаўна ўжо некалькі гадоў на заслужаным адпачынку. Але  жанчына не сядзіць без справы. Яна па-ранейшаму імкнецца дапамагаць іншым, цяпер ужо на пасадзе  намесніка старшыні Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

У прафесію Антаніна Пішчык прыйшла не адразу. У школе яна была выдатніцай і актывісткай. У старэйшых класах займала пасаду сакратара камсамольскай арганізацыі школы. Дзяўчына марыла стаць настаўнікам і працаваць у школе. Таму пасля заканчэння дзесяці класаў Мельніцкай СШ паступіла на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна, каб набыць спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Вучоба падабалася, давалася лёгка. Аднак пасля заканчэння другога курса яна пайшла ў акадэмічны адпачынак. Антаніна Сцяпанаўна  выйшла замуж і на першае месца ў жыцці паставіла сям’ю.

–Пасля год выкладала рускую мову і літаратуру ў Хаціслаўскай школе, – гаворыць Антаніна Пішчык. – Затым некаторы час працавала ў Маларыцкай школе-інтэрнаце. Хацелі нават накіраваць у Чарнянскую СШ. Але папрасілася на працу ў аддзел культуры. Так у 1979 годзе ўладкавалася туды і стала працаваць інспектарам па кадрах. Аднак адчувала, што не хапае пэўных ведаў, таму ў другі раз па вышэйшую адукацыю накіравался ў Брэсцкі педінстытут. Зноў лёгка стала студэнткай. Мяне адразу залічылі на трэці курс ВНУ.

За час сваёй працоўнай дзейнасці Антаніна Пішчык шчыравала на розных пасадах. Яна была, дырэктарам гарадской, а затым і раённай кінасеткі, інструктарам аргаддзела райвыканкама, намес­нікам старшыні гарвыканкама і нават старшынёй камісіі па размеркаванні  тавараў… Аднак таго задавальнення ад працы, якога хацелася б, у поўнай меры не адчувала.  Яно прыйшло ў 1992 годзе, калі ўзначаліла аддзел ЗАГС Маларыцкага райвыканкама. Тут найбольш ярка і поўна раскрыўся талент Антаніны Сцяпанаўны як прафесіянала і спецыяліста  высокага класа. 

–Неабходна было разбірацца не толькі ва ўсіх нюансах грамадзянскага і сямейнага права, – кажа Антаніна Пішчык. – За кароткі час трэба стаць у адной асобе і юрыстам, і артыстам, і псіхолагам, і выхавальнікам, і пажарнікам (тушыць полымя сямейнага пажару)… Даводзілася нялёгка, але да цяжкасцей мне было не прывыкаць. Праца падабалася, яна прыносіла задавальненне і радасць.

З душэўнай цеплынёй і сардэчнасцю Антаніна Сцяпанаўна праводзіла кожную шлюбную цыры­монію. Аднак падлічыць, колькі сямейных пар ёй давялося распісаць больш чым за два дзесяцігоддзі працы, нерэальна.

–Падчас правядзення рэгістрацыі шлюбу заўсёды сама вельмі перажывала за тое, як яна пройдзе, – успамінае Антаніна Пішчык. – Кожная пара – асобны і непаўторны сусвет, які трэба імгненна разгадаць, каб цырымонія прайшла ўдала. Я заўсёды спрабавала стварыць добрую атмасферу, хацелася маладых настроіць на хвалю радасці і шчасця. Кожны з нас памятае тую падзею, якая адбываецца ў жыцці ўпершыню. Такім жа яркім і запамінальным павінна застацца ў памяці кожнай пары і заключэнне шлюбу. Імкнулася, як кажуць, працаваць без браку (усміхаецца). Рэгіструючы кожную маладую пару, заўсёды думала пра тое, што ён і яна ў шлюбе будуць жыць разам доўга і шчасліва.

З самымі рознымі пытаннямі ідуць людзі ў ЗАГС. Антаніне Сцяпанаўне  даводзілася займацца рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану (нараджэнняў, шлюбаў, выпадкаў смерці), устанаўленнем бацькоўства, разводамі, калі сямейныя пары не мелі ўласных дзяцей і маёмасных прэтэнзій, зменай прозвішча, імя і імя па бацьку, выдачай даведак, падрыхтоўкай штомесячных справаздач.

— Тады яшчэ не было такой тэхнічнай падтрымкі, як цяпер, -заўважае Антаніна Сцяпанаўна, —  таму ўсю неабходную дакументацыю даво­дзілася весці ўручную. А бывала і такое, што нехта шукаў сваякоў ці аднаўляў згублены дакумент або афармляў усынаўленне. З кожным неабходна было пагаварыць шчыра, усім трэба было дапамагчы, даць дакладны адказ.

Антаніна Пішчык з захапленнем расказвае пра сваю работу. Мы разам уважліва разглядаем шматлікія фотаздымкі, якія беражліва захоўвае жанчына. На іх адлюстраваны імгненні працы Антаніны Сцяпанаўны. Кожны дзень у ЗАГС яна ішла як на свята, каб стварыць яго іншым. Тут Антаніна Пішчык знайшла сваё прызванне.

     Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 23
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!