Пераемнасць па-маларыцку

У раёне прайшоў абласны семінар па тэме “Кіраванне працэсам пераемнасці ў сістэме дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі”. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама на чале з начальнікам Міхаілам Ціханчуком, Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, а таксама загадчыкі аддзелаў адукацыі рэгіёнаў. Падчас адкрыцця мерапрыемства Міхаіл Андрэевіч падкрэсліў, што Маларытчына выбрана невыпадкова месцам правядзення семінара. Тут вядзецца пэўная работа ў гэтым накірунку, планамерная, паслядоўная, і ёсць вопыт, які варта пераняць. “Пытанні пераемнасці – пытанні актуальныя, таму пра іх неабходна гаварыць пастаянна”,- падкрэсліў начальнік упраўлення. Затым Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама, расказаў пра сацыяльную сферу рэгіёна, яе прыярытэты і перспектывы развіцця. Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі, спынілася на асноўных пытаннях фарміравання і развіцця цэласнай сістэмы кіравання якасцю адукацыі на Маларытчыне. У раёне на сённяшні дзень функцыянуе 41 установа адукацыі рознага прызначэння, дзе працуе 844 педагагічныя работнікі. Кадравы патэнцыял сведчыць пра магчымасці якаснага правядзення адукацыйнага працэсу. Каб усе дзеці былі ўладкаваны ў дашкольных установах, на базе я/с №6 горада дадаткова сталі працаваць 2 групы, у Замшанскім д/с-БШ – рознаўзроставая група. Акрамя таго, у 9 установах адукацыі арганізаваны падвоз дзяцей да­школьнага ўзросту. Сёння да­школьным выхаваннем ахоплены 82,3% дзяцей. У садках працуе 89 гурткоў рознага накірунку, якія наведваюць 1107 дзяцей… Радуе і тое, што ўсе агульнаадукацыйныя ўстановы маюць выхад у сетку інтэрнэт. У школах і гімназіі функцыянуе 770 факультатываў, якія ахопліваюць 97,6% вучняў, існуе 4 міжшкольныя факультатывы для падрыхтоўкі да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Значная ўвага надаецца і прафесійнай падрыхтоўцы вучняў на базе ўстаноў адукацыі, вучэбна-курсавога камбіната райсельгасхарчу, Маларыцкага прафесійнага ліцэя… Ірына Федчык, намеснік начальніка аддзела адукацыі, пазнаёміла прысутных з дзейнасцю спецыялістаў аддзела і метадыстаў вучэбна-метадычнага кабінета па пытаннях вырашэння праблем пераемнасці ў адукацыі.
Пасля ўдзельнікі абласнога семінара наведалі ўстановы адукацыі, каб на свае вочы ўбачыць тое, пра што было расказана. У я/с №2 райцэнтра быў прэзентаваны вопыт работы па супрацоўніцтву дзіцячага садка і школы. Правільна спланаваная і пастаянная работа ў гэтым накірунку, на думку Марыны Нікіфаравай, загадчыцы дашкольнай установы, з’яўляецца адной з самых галоўных умоў забеспячэння пераемнасці ў адукацыйнай дзейнасці. Толькі тады яна дае вынікі.
Удзельнікі семінара былі зачараваны і здзіўлены ўбачаным у “Горадзе майстроў” СШ №2. Усё, што экспанавалася на своеасаблівай выставе, было створана рукамі вучняў і настаўнікаў. “Прадстаўленая прадукцыя не зроблена спецыяльна і на заказ, — падкрэсліла Любоў Куц, дырэктар школы, расказваючы пра ўлік прынцыпаў пераемнасці ў арганізацыі інтэлектуальнай творчай і працоўнай дзейнасці вучняў. — Гэтым мы займаемся штодзень. Вучняў ніхто не прымушае. Яны самі з ахвотаю ў пасляўрочны час прыходзяць у майстэрні і займаюцца любімаю справаю. Нехта шые, вяжа, а хтосьці выразае, пляце… Кожны знаходзіць занятак па душы”.
У раённай гімназіі ўвага была акцэнтавана на каардынацыі дзейнасці ўстановы адукацыі новага тыпу і школ па павышэнню якасці адукацыі вучняў рэгіёна. Калектыў Ланской СШ падзяліўся напрацоўкамі па пытаннях забеспячэння працэсам пераемнасці ў адукацыйнай сістэме “урок – факультатыўны занятак”, а Лукаўская сярэдняя школа прадставіла вопыт работы “Практыка ўнутрышкольнага кіравання па забеспячэнню пераемнасці ў адукацыі. Узаема­дзеянне настаўніка-прадметніка і класнага кіраўніка”.
— Таццяна Міхайлаўна, дык што такое пераемнасць у навучанні?
— Адказ на гэтае пытанне мы і паспрабавалі даць на сённяшнім семінары. Ён атрымаўся тэарэтычна-практычным. Хоць адназначнага адказу няма. Пераемнасць трактуецца шырока. Але гэта найперш – неперарыўны працэс выхавання і навучання дзіцяці, які мае агульныя і спецыфічныя мэты для кожнага ўзроставага перыяду. Пераемнасць – сувязь паміж рознымі ступенямі развіцця, сутнасць якіх заключаецца ў захаванні тых ці іншых элементаў цэлага ці асобных характарыстык пры пераходзе на больш высокую прыступку.
Р.S. Удзельнікі абласнога семінара таксама пабывалі на экскурсіі ў Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: пераемнасць удзельнікам семінара была прадэманстравана і тэарэтычна, і практычна.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!