«Служба ў паветрана-дэсантных войсках і полымя Афгана» 2 жніўня асаблівы дзень для выкладчыка Уладзіміра Няфёдава (Маларыта)

Другога жніўня для  выкладчыка спец­дыс­цыплін Маларыцкага пра­фесійнага ліцэя Уладзіміра Няфёдава дзень асаблівы і памятны.

— Той, хто калісьці насіў блакітны берэт з эмблемай паветрана-дэсантных войск, усё жыццё будзе памятаць пра гэта,  — гаворыць Уладзімір Генадзьевіч. — Упэўнены, што служба паветрана-дэсантных войсках – гэта сапраўдная школа мужнасці і станаўлення для юнака,   якая загартоўвае, дадае стойкасці, жыццёвага вопыту і ўпэўненасці ў сабе.

Перад Уладзімірам Няфёдавым не стаяла ніколі пытанне: служыць ці не служыць у арміі? З дзяцінства ён марыў стаць танкістам. Таму да службы ў радах Савецкай Арміі юнак старанна рыхтаваўся, рабіў усё, каб словы не разышліся са справай.  Ён займаўся гіравым спортам, з задавальненнем бегаў, іграў у тэніс і  баскетбол. Пасля заканчэння СШ №2 г.Маларыты вырашыў набыць спецыяльнасць трактарыста-машыніста і слесара  ў Маларыцкім ПТВ-155. Пасля таго, як закончыў установу адукацыі з адзнакаю, быў прызваны на тэрміновую  службу ў армію.

— Папярэдне ў райваенкамаце мне сказалі, што служыць буду ў войсках супрацьпаветранай абароны ў Падмаскоўі, — кажа Уладзімір Генадзьевіч. — Аднак на зборным пункце Брэсцкага абласнога ваенкамата ў дзень майго прызыву адпраўлялі навабранцаў толькі на службу ў марфлот і паветрана-дэсантныя войскі. Мне хацелася ў ПДВ. Пачаўся адбор. Усім прызыўнікам па парадку афіцэры прапаноўвалі выканаць на перакладзіне пэўныя практыкаванні. З гэтым заданнем справіўся лёгка і на выдатна, бо перакладзіна была адным з маіх любімых спартыўных снарадаў.

Так Уладзімір Няфёдаў у маі 1985 года  трапіў у 44-ую вучэбную дывізію ў Гайжунай (Літва), дзе рыхтавалі сяржантаў і малодшых спецыялістаў для часцей і падраздзяленняў паветрана-дэсантных войск. З першых дзён службы ён зразумеў, што служыць у ПДВ даволі складана, але вельмі цікава.

— Каб стаць сапраўдным дэсантнікам, трэба асвоіць мноства навыкаў — ад стральбы з аўтамата да прыёмаў рукапашнага бою і скачкоў з парашутам,  — заўважае Уладзімір Няфёдаў. — Спачатку было нязвыкла: пад’ём па трывозе, начныя марш-кідкі ў поўнай баявой выкладцы, шасцікіламетровыя кросы,  начная трэніровачная стральба.

Грунтоўна рыхтаваўся Ула­дзімір Генадзьевіч і да скачкоў з парашутам. Не адну гадзіну ён і яго саслужыўцы займаліся трэніроўкамі на  макетах,  скакалі з вышак, засвойвалі тэхніку прызямлення, праходзілі розныя інструктажы.

— Самалёт, вышыня пад два кіламетры над зямлёй. Першы скачок не страшны. Ён як у стане афекту, бо не разумееш, што адбываецца.  Проста ты ляціш  ўніз і дух захоплівае. Адчуванне палёту ні з чым не параўнаць!  Падчас скачка трэба не толькі правільна выканаць дзеянні па раскрыцці парашута, але і не забываць кантраляваць сітуацыю ў паветры ў працэсе палёту. Трэба правільна прызямліцца.

У вучэбцы даведаўся, што буду служыць у Афганістане. Мяне рыхтавалі на камандзіра баявой машыны пяхоты-2.

… І вось 23 кастрычніка. ІЛ-76 узяў накірунак на Кабул. Думак у галаве Уладзіміра Няфёдава было многа і розных. Аднак пужала толькі невядомасць. Ён ведаў, што, як правіла,   дэсантнікі заўсёды на перадавой, таму яны павінны быць да ўсяго гатовы, не баючыся ніякіх цяжкасцяў і небяспек.

І вось Афганістан, месца службы – павет Дэх Сабз правінцыі Кабул. Уладзімір Няфёдаў разам са сваімі саслужыўцамі стаў ахоўваць сталічны аэрапорт на дальніх подступах да яго. Веды і навыкі, набытыя ў вучэбцы ў СССР, тут вельмі спатрэбіліся. Вытрымліваць цяжкасці Уладзіміру Генадзьевічу дапамагала прыроджаная дужасць і фізічная загартоўка, а таксама заняткі спортам, салдацкая дружба, жаданне апраўдаць званне воіна-дэсантніка. Ён ведаў, што кожны дзень, праведзены ў Афганістане, можа стаць апошнім у яго жыцці. Уладзімір Няфёдаў памятаў словы бацькі, які гаварыў аб тым, што галоўнае — застацца верным прысязе і народу, не запляміць гонар і сумленне салдата, з годнасцю выканаць свой абавязак, у любой сітуацыі застацца чалавекам.

Афганская вайна для Уладзіміра Няфёдава закончылася 19 мая 1987 года. Аднак ён яшчэ і да гэтага часу не можа выкрасліць з памяці яе эпізоды і будзе заўжды памятаць баявых сяброў,  якія загінулі. У лёсе воіна-інтэрнацыяналіста вайна пакінула свой глыбокі след і незагойныя раны.

Пасля службы ў арміі Ула­дзімір Няфёдаў закончыў Маскоўскі інстытут  інжынераў  сельскагаспадарчай вытвор­часці і са жніўня 1992 года працуе ў Маларыцкім ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Спачатку ўладкаваўся на пасаду майстра вытворчага навучання, затым сем з паловаю гадоў шчыраваў  намеснікам дырэктара гэтай жа ўстановы адукацыі па выхаваўчай рабоце. Цяпер ужо 17 гадоў працуе выкладчыкам спецыяльных дысцыплін.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!