Гісторыя Рыгора Грабайла, які змагаўся супраць прыгнёту панскай Польшчы і атрымаў у СССР 25 гадоў турмы «без права перапіскі» (Маларыцкі раён)

86 гадоў таму, у ноч з 3 на 4 жніўня, адбылося Навасёлкаўскае выступленне сялян супраць прыгнёту панскай Польшчы. Дарэчы, арганізатары паўстання — нашы землякі, сябры падпольнай ячэйкі КПЗБ, якая дзейнічала ў Паўлопалі з 1924 года. Сярод іх  і Рыгор Грабайла, лёс з якім абышоўся даволі жорстка і несправядліва.

Пасля падаўлення Навасёлкаўскага паўстання, хаваючыся ад польскіх жандармаў, рэвалюцыянер уцякае ў СССР.  Неўзабаве Рыгор Грабайла быў арыштаваны і абвінавачаны ў пераходзе савецкай мяжы і шпіянажы на карысць польскай дзяржавы. Гістарычная даведка: Рыгор Андрэевіч Грабайла – жыхар вёскі Паўлопаль. Нарадзіўся ў 1906 годзе. У часы бела-польскай акупацыі 1921-1939 гг. – актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, член КПЗБ, сакратар Паўлопальскага падрайкама КПЗБ. Адзін з актыўных арганізатараў Навасёлкаўскага паўстання супраць польскай улады ў 1933 годзе. Пасля разгрому паўстання вымушаны быў уцякаць у СССР, арыштаваны супрацоўнікамі НКУС, атрымаў 25 гадоў турмы “без права перапіскі”.

Рыгор Грабайла да арышту

Пра свайго роднага дзядзьку Рыгора Грабайла спецыяльна для газеты «Голас часу»   узгадвае краязнаўца і гісторык Анатоль Дзямянка.

 

 Дзядзька Грыша

“Аб тым,  што ў мяне ёсць родны дзядзька Грыша, я даведаўся толькі тады, калі аднаго разу позняй восенню ў хату ўвайшоў узрушаны бацька і сказаў маці: “Ведаеш, Аляксандра, брат твой Грышка з’явіўся. Аказваецца, жывы. Увесь гэты час сядзеў у турме. Адпусцілі, таму што смяротна хворы”.

Маці замітусілася па хаце, пачала збірацца, наліла ў слоік сырадою,  якраз падаіла карову. За маці ўвязаўся і я.

У цёткі Ганны на ложку сядзеў незнаёмы мне чалавек. На першы погляд,  непрыветлівы,  нейкі нават дзікаваты. Яго счарнелы ці то ад няшчаднага сонца і ветру, ці можа ад хваробы твар пакрывала густая барада, і толькі вочы гарэлі агнём. Маці кінулася незнаёмцу на грудзі і пачала плакаць. Слёзы цяклі і па шчоках дзядзькі. З гэтага часу мы з маці штовечар наведвалі дзядзьку Грышу. Я назіраў, як ён прагна п’е малако, як беражліва падбірае кавалачак хлеба, які ўпаў. Паступова дзядзька набіраўся сіл і пачаў павольна хадзіць па двары. Мне вельмі хацелася пабыць з гэтым дзіўным чалавекам, паслухаць яго гаворку – за 17 гадоў ён забыў тутэйшую мову і размаўляў па-руску. Многіх слоў я ўвогуле не разумеў, што яшчэ больш вабіла мяне да дзядзькі Грышы.

… Лета. З дзядзькам Грышам крочым у лес па ягады. За некалькі гадзін ён набраў трохлітровы слоік сакавітых чарніц, ну а я — толькі кубачак. Апоўдні вяртаемся дамоў. Раптам я спатыкаюся,  падаю і рассыпаю свае ягады. Махнуўшы рукой,  крочу далей,  але дзядзька вяртаецца, становіцца на калені і пачынае выбіраць з травы рассыпаныя чарніцы, прыгаворваючы: “Гэта ж ежа, нельга яе пакідаць”.

Цяжка дыхаючы, дзядзька капае яму для бульбы. Раптам выцягвае з зямлі доўгі і тонкі корань, чысціць яго і жуе. Затым гаворыць: “Вось такія карэньчыкі і ратавалі нас на катарзе ад галоднай смерці”.

У кішэнях дзядзькі заўсёды былі скарыначкі сухога хлеба, якія ён, здавалася, увесь час жаваў. Сухары ляжалі і пад яго падушкай. Было такое ўражанне, што ён заўсёды галодны. Пазней, пасталеўшы, я даведаўся, што людзі, якія зведалі голад, інстынктыўна робяць сабе запасы ежы на “чорны” дзень.

Часта да дзядзькі Грышы прыходзіў яго пляменнік,  а мой стрыечны брат Канстанцін Грабайла, які працаваў настаўнікам у Паўлопальскай пачатковай школе. У 1933 годзе ён таксама ўдзельнічаў у Навасёлкаўскім паўстанні. Канстанцін атрымаў тады 9 гадоў, 6 з якіх адсядзеў у Бяроза-Картузскай турме, а ў 1939 годзе быў вызвалены з палону воінамі Чырвонай Арміі. Іх размова тады для мяне была незразумелай. Пройдзе час, і Канстанцін раскажа мне пра трагічны лёс майго сваяка».

У засценках НКУС

Пасля разгрому паўстання ў Навасёлках Рыгору Грабайлу пагражала смяротная кара, таму ён вырашыў шукаць прытулку ў СССР. Паслуга праваднікоў, якія гарантавалі пераход праз савецка-польскую мяжу, каштавала вялікіх грошай. «Ён тады прадаў каня і карову, — прыгадвае Анатоль Дзямянка. — Ішлі на ўсход пешшу, ляснымі малалюднымі дарогамі. Калі дайшлі да польскай мяжы, праважатыя падалі ўмоўны сігнал. Далей усё было, як па схеме. Палякі ўзялі пэўную суму грошай і дзядзька са сваімі падарожнікамі пакрочыў далей. Вось, нарэшце, і савецкая мяжа. Зноў – умоўны сігнал,  на які з’явіліся два пагранічнікі. Вайскоўцы забралі дзядзьку, а праважатых павярнулі назад. Калі прывялі дзядзьку Рыгора да палаткі, то загадалі распранацца. У адзін момант святочнае дзядзькава адзенне і мяшок з ежай аказаліся ў руках пагранічнікаў. Узамен дзядзьку кінулі невялікі клунак, у якім ляжала рыззё. Неўзабаве падышла машына. Дзядзьку звязалі рукі і ногі, трое вайскоўцаў зацягнулі небараку ў кузаў. Усё, што адбывалася далей, было падобна на страшны сон. Рыгора Грабайлу прывезлі ў мінскую турму і кінулі ў камеру-адзіночку, дзе ён галодны прасядзеў два дні. Затым пачаліся допыты. Следчы прапанаваў  прызнацца, што ён з’яўляецца польскім шпіёнам і мае намер у СССР зрабіць шэраг забойстваў і дыверсій. Пасля катэгарычнай адмовы дзядзьку жорстка збілі. Так працягвалася некалькі дзён. Затым непакорлівага Рыгора кінулі ў камеру да крымінальнікаў. Злачынцы не сталі чапаць напаўжывога “ворага народа”, але далі параду: «Падпішаш паперу, што ты шпіён – сядзеш у турму, застанешся ў жывых, а так памрэш як сабака страшнай смерцю ад пабояў».

Рыгор Грабайла пасля вызвалення

Рыгор Грабайла так і зрабіў. У выніку атрымаў нізавошта 25 гадоў турэмных лагераў “без права перапіскі”. 17 гадоў лагернай катаргі не прайшлі бясследна: здароўе было моцна падарвана. Не пражыўшы на свабодзе і два гады, Рыгор Андрэевіч памірае позняй восенню 1952 года. На той момант яму было толькі 46 гадоў.

— Дзядзька Рыгор пахаваны на могілках у вёсцы Дарапеевічы, —  дадае Анатоль Дзямянка.

 Жудасная і сумная гісторыя. Чалавек, які верыў у светлыя ідэалы камунізму, змагаўся з белапалякамі не шкадуючы свайго жыцця,  быў беспадстаўна пакараны савецкай уладай, растаптаны, забіты жудаснай машынай рэпрэсій, ад якой загінула нямала ўраджэнцаў Маларытчыны. Толькі гэта ўжо іншая гісторыя.

Запісала Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!