На Маларытчыне ёсць месца, адно з 50-ці ва ўсім свеце, дзе расце вельмі рэдкая расліна

На Маларытчыне на працягу двух дзён працавала навуковая экспедыцыя Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Вучоныя, навуковыя супрацоўнікі лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Дзмітрый Дубовік, Сяргей Саўчук, Аркадзь Скуратовіч і Уладзімір Лябедзька займаліся падрыхтоўкай да перасадкі  ўнікальнай  расліны  – альдраванды пухіраватай. 

– У Беларусі гэтая расліна знаходзіцца пад аховай з 1964 года, – гаворыць  кіраўнік экспедыцыі,  старшы навуковы  супрацоўнік Аркадзь Скуратовіч. – Альдраванда пухіраватая ўключана ва ўсе выданні нацыянальнай Чырвонай кнігі. Расліна гэтая таксама знаходзіцца пад пагрозай знікнення ў Еўропе і належыць  ахове згодна  з дадаткам да дырэктывы Еўрапейскага саюза па месцах пражывання і дадатку да Бернскай канвенцыі.

– Аркадзь Мікалаевіч, а чаму вашу навуковую экспедыцыю зацікавілі так званыя  “Арэхаўскія разлівы”?

– У свеце  было вядома толькі каля 500 тэрыторый, дзе расла альдраванда пухіраватая. У Беларусі зафіксавана каля дваццаці такіх месцаў. Чаму я гавару ў мінулым часе? Гэтая расліна стала хутка знікаць. Цяпер у свеце, па звестках вучоных, налічваецца не больш за 50 месцаў, дзе яна яшчэ расце. Зменшылася яе папуляцыя і на тэрыторыі Беларусі. У нашай краіне засталося толькі некалькі месцаў (каля васьмі), дзе “жыве” альдраванда пухіраватая. Адно з іх – гэта Арэхаўскае возера і яго ваколіцы. На сённяшні дзень тут самая вялікая і ўстойлівая папуляцыя альдраванды пухіраватай у Беларусі, дзе яна пастаянна расце і не знікае. Па самых прыблізных падліках,  на Маларытчыне знаходзіцца амаль дзесяць тысяч экзэмпляраў гэтай расліны. Арэхаўскае возера і яго ваколіцы з’яўляюцца  спрыяльнымі для існавання альдраванды пухіраватай. Расліна любіць мелкаводдзе, якое добра праграваецца сонцам, ёсць кіслае воднае асяроддзе. Пры такіх спрыяльных умовах яна ўтварае густыя зараснікі.

– А якая асноўная мэта экспедыцыі?

– За альдравандай пухіраватай на Маларытчыне мы вядзем пастаяннае назіранне. Перыядычна з навуковымі мэтамі сюды прыязджаем, фіксуем  стан і плошчу папуляцыі  расліны. Паколькі альдраванда пухіраватая імкліва  знікае ва ўсім свеце, мы вырашылі паспрабаваць пашырыць месцы, дзе яна яшчэ можна расці. Было прынята рашэнне стварыць дадаткова яшчэ два-тры месцы для пашырэння  папуляцыі гэтай расліны. Падчас экспедыцыі мы  адлавілі амаль 500 экзэмпляраў альдраванды пухіраватай, якія запусцім  у Пінскім раёне ў тых месцах, дзе яна расла да пачатку правядзення меліярацыйных работ. Для гэтай мэты выбрана тры вадаёмы ў пойме ракі Прыпяць па-за межамі меліярацыйнай сеткі. Калі эксперымент дасць станоўчыя вынікі, ён будзе працягнуты і ў іншых месцах.

Усяленне альдраванды рэалізуецца ў рамках праекта «Ветландс», які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.

– Чаму альдраванда пухіраватая – расліна незвычайная?

– Альдраванда пухіраватая – расліна-драпежнік, – кажа навуковы супрацоўнік  Уладзімір Лябедзька. –Асноўнай яе ежай з’яўляецца дробны заапланктон (рачкі, інфузорыі …). Сваю назву расліна атрымала ў гонар знакамітага італьянскага вучонага эпохі Адра­джэння Уліса Альдравандзі. У расліны няма карэньчыкаў, адна з яе асаблівасцей – простыя тоненькія сцяблінкі, здольныя вырастаць у даўжыню да дзесяці-пятнаццаці сантыметраў. Лісты сабраны ў мутоўкі, якія па знешняму выгляду нагадваюць пузыркі. Расліна мае кветку, якая складаецца з  пяці белых пялёсткаў. Убачыць, як альдраванда пухіраватая цвіце, – рэдкая ўдача. Аднак нам пашанцавала. На адной з  адлоўленых з вадаёма раслін  мы знайшлі бутон, якія яшчэ не раскрыўся,  і плод – шарападобную каробачку з гладкім  чорным насеннем. 

У цэнтры ліста альдраванды пухіраватай размешчаны спецыяльныя залозы, якія вылучаюць ліпкую вадкасць. Яна прыцягвае розныя дробныя водныя арганізмы. Калі тыя падплываюць да шчацінкі і кранаюць любую з іх, ліставая пласцінка амаль імгненна зачыняецца і паглынае дробнае насякомае. Напярэдадні зімы на галінках альдраванды пухіраватай з’яўляюцца пупышкі, якія адпадаюць і асядаюць на дно. Там яны зімуюць, а ўвесну з іх вырастаюць маладыя расліны. Яны пачынаюць актыўна расці ўверх і усплываюць. Распаўсюджванне альдраванды пухіраватай адбываецца дзякуючы птушкам,  якія чапляюць яе сабе на лапкі і пер’е. Так альдраванда  пухіраватая засяляецца на новыя тэрыторыі.

Члены навуковай экспедыцыі інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выказваюць шчырую падзяку начальніку Маларыцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатолію Нікіцюку за садзейнічанне ў правядзенні запланаваных работ.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!