«Вёска Дарапеевічы пад  знакам  Сонца» Ёсць там і яшчэ адно святое, нават свяшчэннае, месца (Маларыцкі раён)

Больш за чатыры з паловай стагоддзі стаіць на маларыцкай зямлі працавітая і гасцінная вёска Дарапеевічы. У аздабленні векавых дубоў, што нібыта тыя волаты-абярэгі ахоўваюць цішыню і спакой гэтых мясцін, Дарапеевічы зачароўваюць сваёй самабытнасцю, заварожваюць сціплай прыгажосцю і загадкавасцю. Тут усё адметнае – старажытная царква Раства Багародзіцы, што пабудавана ў XVII стагоддзі, каменны ідал сонечнага бога, старыя могілкі з драўлянымі высокімі крыжамі, якія ўзнімаюць свае парэпаныя сонцам і часам «рукі» ажно да самых нябёсаў. Шматпакутная дарапеевіцкая зямля, здаецца, пацалаваная Богам, таму і людзі, што жывуць і шчыруюць на гэтых палетках, маюць высакародную душу і добрае сэрца. Калі не верыце, тады завітайце ў Дарапеевічы і ўсё ўбачыце на ўласныя вочы.

Усе шляхі вядуць у Дарапеевічы

Сёння мой гід і праважаты па Дарапеевічах — настаўнік гісторыі, краязнаўца і проста ўлюбёны ў свой родны кут  чалавек – Ана­толь Дзямянка. Пра гіс­торыю вёскі і навакольных мяс­цін Ана­толь Ігнатавіч ведае ўсё і нават больш.

— Першае ўпамінанне аб Да­­рапеевічах у пісьмовых крыніцах датуецца 1566 го­дам, — расказвае мясцовы краяз­наўца. – Аднак вёсцы на­многа больш гадоў. Падчас правядзення меліярацыі, а гэта прыкладна 60-я гады мі­нулага стагоддзя, было поў­насцю раз­бурана гарадзішча. За вако­ліцай населенага пункта з давён-даўна стаіць гра­нітная глыба, якая знешне нагадвае крыж. У 60-я гады крыж хацелі знішчыць. Тапілі яго ў балоце, спрабавалі разбіць, але нічога не атрымалася. Толькі крыху адбілася верхняя частка, так бы мовіць, галава ідала.

За размовай незаўважна пад’язджаем да таго месца, дзе за невялічкай агароджай і стаіць каменны крыж.

— Вось гэта і ёсць урочышча Вя­лікі лес, — працягвае гаворку Анатоль Дзямянка. – Тут калісьці раслі шыкоўныя дубы, высякаць якія пачалі яшчэ пры каралеве Боне. Знішчалі дуброву, а дрэвы кацілі ажно да Паўлопаля, дзе па каналу сплаўлялі далей.

Дарэчы, ад былой дубровы засталося толькі некалькі ма­гутных дрэў. Урочышча “Вялікім лесам” цяпер і не назавеш. Вакол поле і цішыня. Упрыгожаны рознакаляровымі стужкамі, пад­пярэзаны фартушком стаіць каменны крыж. Дакранаюся рукой да шурпатай гранітнай глыбы, якая аддае цеплынёй. Анатоль Ігнатавіч кажа, што сю­ды прыходзяць многія людзі, каб прыкласціся да каменя і папрасіць аб збаўленні ад той ці іншай хваробы, і быццам бы крыж дапамагае. Гісторык упэўнены, што гэты каменны валун з’яў­ляецца ідалам ста­ражытнага бога Сонца і, каб не быць га­ласлоўным, Анатоль Дзямянка паказвае кола, у цэнтры якога выбіта выява кры­жа.

— Гэта язычніцкі знак Сон­ца, галоўнага бога, якому на­шы продкі пакланяліся ў да­хрысціянскія часы, — тлума­чыць Анатоль Ігнатавіч. – Да­рэчы, па­добныя крыжы я су­ст­ракаў на Пружаншчыне, ёсць яны і ў іншых мясцінах Беларусі.

Як бы там ні было, але некалькі гадоў таму крыж асвяцілі, цяпер да яго ідуць памаліцца вернікі.

Красавіцкая трагедыя

Ёсць у Дарапеевічах яшчэ адно святое, нават свяшчэннае, месца. Амаль у самым цэнтры вёскі, непадалёк ад будынка сярэдняй школы, стаіць абе­ліск. 4 красавіка 1944 года, калі да вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў заставалася ўсяго некалькі месяцаў, у Дарапеевічах ад­былася страшная трагедыя. Нацыстамі і іх па­магатымі былі  расстраляны і спалены ў хляве 44 мірныя жыхары, ся­род якіх былі жанчыны, дзеці і старыя. 

— У той страшны дзень загінулі і мае родзічы, — з болем у го­ласе кажа Анатоль Дзямянка. – Мне пашчасціла нарадзіцца крыху пазней, у мірны час, таму я не быў сведкам той трагедыі. Потым, калі пасталеў, знайшоў тых людзей, каму ўдалося выратавацца, іх ус­паміны я падрабязна запісаў. Мінула больш за семдзесят гадоў з таго часу, а нататкі і сёння цяж­ка і балюча чытаць. На жаль, і тыя, каму тады давялося выжыць, адышлі ў іншы свет. Але памяць жывая, і жудасны боль страты не суцішыць нават час. 

 Анатоль Ігнатавіч падыходзіць да абеліска, дакранаецца да яго рукой і павольна, нібыта баючыся нешта прапусціць, пачынае свой аповяд:

— У той халодны красавіцкі дзень, калі на дварэ яшчэ ляжаў снег, фашыстамі былі расстраляны, а затым спалены мая родная цётка Лізавета, яе муж Васіль і двое дзяцей: 14-гадовая Ніна і 10-гадовая Мелання Раманюкі. А на лютую смерць іх павёў кум, хрышчоны бацька Ніны і Меланні, які служыў у паліцыі. Дзяўчынкі, якім ён не даў нават часу, каб апрануцца, дрыжучы ад холаду, стаялі ля царквы, куды прывялі ўсіх перад расстрэлам, і плакалі, прыгаворваючы: “Татачка наш хрышчоны, нам вельмі холадна!”–“Пацярпіце крышачку, — з ус­мешкай адказваў кат, — зараз вам будзе вельмі горача”.

На хвілінку Анатоль Ігнатавіч спыніў свой расказ. Напэўна,  перад вачыма ў мужчыны паў­стала страшнае відовішча: напаўраздзетыя дзеці, абды­маючы адзін аднаго, быццам бы імкнуцца засланіцца ад смерці і ўсё яшчэ з надзеяй і спадзяваннем узіраюцца ў вочы вылюдку, які хрысціў іх у царкве і перад Усявышнім абяцаў гадаваць і выхоўваць у хрысціянскіх традыцыях. Сэр­ца ката не ўстрапянулася. Прагучалі стрэлы, і беласнежнае покрыва зямлі стала крывава-чырвоным. Здаецца, што нават праз дзесяцігоддзі тут чуецца плач і стогн дзяцей і дарослых, якія, сцякаючы крывёй, паміралі жудаснай смерцю.  

Ведаючы, што асноўныя сілы партызан знаходзіліся за лініяй фронту на перафарміраванні, фашысты вырашыліся пакараць партызанскую вёску. Незадоўга перад правядзеннем карнай аперацыі немцы далі заданне мясцоваму свяшчэнніку Мікалаю Радзіеўскаму падрыхтаваць спі­­сы тых вяскоўцаў, якія пад­трымліваюць сувязь з пар­ты­занамі, і тых, хто выказвае сваё нездавальненне нямецкай ула­дай. Айцец Мікалай добра пастараўся. У спісы смяротнікаў ён запісаў і сваіх асабістых не­прыяцеляў. 

— Напрыклад, сям’ю Фёдара Кіцеля ён прыгаварыў да смерці толькі за тое, што Фёдар не наведваў царкву, не ахвяраваў на царкоўныя патрэбы грошай. Васіль Раманюк адмовіўся папу плаціць даніну баранчыкам за тое, што савецкая ўлада ў 1939 годзе дазволіла яму пабудаваць хату на былой царкоўнай зямлі. Уся сям’я Раманюкоў была расстраляна.

З раніцы немцы акружылі вёску. У напрамку вёсак Паў­лопаль, Чарняны і Забалацце былі ўсталяваны узмоцненыя пасты. У карнай акцыі былі задзейнічаны ўсе паліцаі Чар­нянскага і Дывінскага гар­ні­зонаў. З Кобрына прыбыў па­ліцэйскі карны батальён. Людзей зганялі да царквы,  вялі ў папоўскую хату, правяралі па спісах, а затым па пяць чалавек адводзілі ў хлеў.

За­бітых складвалі штабялямі, перасцілалі саломай. Калі ўсіх няшчасных расстралялі,  карнікі падпалілі хлеў.

— Немцы не сталі чакаць, па­куль будыніна згарыць датла, — працягвае Анатоль Дзямянка. – Усё ж такі баяліся карнікі партызанскай помсты. Разам з фашыстамі з вёскі выехалі сем’і Мікалая Радзіеўскага і паліцэйскіх. Калі фашысты па­кінулі Дарапеевічы, на месца трагедыі збегліся людзі і пачалі тушыць пажар, раскідваючы бярвенні. Страш­нае відовішча паўстала перад вяскоўцамі: па рэштках адзен­ня некаторыя пазнавалі сваіх знаёмых і су­седзяў. Сем’і пахавалі ў агульных магілах. Сведкі той трагедыі прыгадвалі, што дарога, якая вяла ад месца рас­стрэлу да могілак, была чыр­вонай ад крыві.

Некалькі гадоў таму на месцы старога абеліска быў узведзены новы, на якім па­значаны імёны і прозвішчы ўсіх забітых. Грошы на помнік выдаткаваў ураджэнец Дарапеевічаў Віктар Дзямянка, эскіз распрацаваў яго сын Сяр­гей, які жыве ў Маскве. На ўзвядзенні помніка загінуўшым землякам шчыравалі Анатоль і Вячаслаў Дзямянка.   

Смерць старшыні

Нават пасля заканчэння Вя­лікай Айчыннай вайны ў ваколіцах Дарапеевічаў не было ціха і спакойна. У пастаянным страху мясцовае насельніцтва трымалі бандыты, што хаваліся ў лясах і не прызнавалі савец­кую ўладу. Адна з вуліц у вёсцы названа ў гонар першага стар­шыні мясцовага калгаса “17 Ве­расня” Івана Швайко.

У 1948 годзе Іван Маісеевіч, якому тады споўнілася 26 гадоў, быў абраны кіраўніком калгаса. Час быў вельмі няпросты. Іван Маісеевіч і два гады не пабыў на пасадзе старшыні. Восенню 1949 года ў яго сям’і нарадзілася немаўлятка. На прастольнае свята вырашылі дзіцятка па-хрысціць.Але замест хрэсьбінаў адбылося пахаванне старшыні.

Напярэдадні свята ў вёску завітала некалькі чалавек. Зай­шлі да аднаго з вяскоўцаў, прадставіліся работнікамі Ды­­­вінскага райвыканкама і папрасілі паказаць хату, дзе жыў старшыня калгаса. Нічога не падазраваючы, мужчына пагадзіўся. Падышлі да сядзібы Швайко, якая стаяла ў Малых Дарапеевічах. Незнаёмцы пачалі грукаць у дзверы. Калі Іван Маісеевіч выйшаў на парог, бандыты выпусцілі ў яго цэлую абойму. У жывых засталіся жонка, сын і дзве дачушкі. Івана Швайко пахавалі на мясцовых могілках. Зараз магіла пер­шага старшыні калгаса не ў лепшым стане, зарасла травой. Відаць, што даўно тут ніхто не прыбіраў.

— Раней за магілкай глядзелі  дзеці, — гаворыць Анатоль Ігнатавіч. – Напэўна, нешта здарылася, калі сёлета ніхто з іх не прыехаў з Кобрына, каб прыбрацца на магіле бацькі. 

Ёсць і мемарыяльная шыльда ў гонар Івана Швайко. Раней яна вісела на бу­дынку сельскага клуба, а калі ўстанову з-за аварыйнага стану закрылі, разам з іншымі каштоўнымі рэ­чамі  дырэктар Дома фаль­клору Ларыса Гузюк забрала яе на захоўванне дамоў. Мно­гія вяскоўцы лічаць, што мэ­тазгодней мемарыяльную дош­­ку ўсталяваць на будынку праўлення СВК «Дарапеевічы» – сельгасарганізацыі, першым кіраўніком якой і з’яўляўся Іван Маісеевіч.

На “драпцы” ездзілі ў школу

Ці ведаеце вы, што такое “драпка” і як ёй карыстацца? А вось у Дарапеевічах не толькі ведаюць, але і могуць паказаць ды нават змайстраваць “драп­ку”. Дарэчы, Анатоль Дзямянка цу­доўна памятае, з якога матэрыялу і як робяць гэтае дзіўнае прыстасаванне.

— У дзяцінстве на “драпцы” мы нават у школу з Паўлопаля ў Дарапеевічы ездзілі, пера­адольваючы па 5 кіламетраў штодзень, — расказвае Анатоль Ігнатавіч. – “Драпка” – гэта адмысловыя драўляныя канькі, на падэшву якіх замест ляза прымацоўваўся дрот. Левай нагой, на якой замацоўвалася металічная пласціна, сагнутая ў крук, адштурхоўваліся і на правай назе ехалі. Вось так цікава і весела калісьці ў маладосці маё пакаленне бавіла свой вольны час. 

Пра гісторыю сваіх родных вёсачак Да­рапеевічы і Паў­лопаль Анатоль Ігнатавіч мо­жа расказваць гадзінамі. За ўсё сваё жыццё ён сабраў мноства цікавых і аў­тэнтычных экспанатаў, шмат рарытэтных фотаздымкаў і занатаваных успамінаў сваіх землякоў края-з­наўца беражліва захоўвае ў альбомах. Планаў і задумак ў Анатоля Дзямянкі яшчэ шмат. Гэты цудоўны і няўрымслівы чалавек не можа сядзець без справы. А значыць, што яшчэ не пра адну таямніцу дарапеевіцкай зямлі мы ў хуткім часе даведаемся.

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!