«Урадзіла як на заказ» У Яблачным частавацца яблыкамі асабліва няма каму (Маларыкці раён)

У вёсцы Яблычнае сёлета ўрадзіла яблыкаў як на заказ. Чырвоным дываном усцілаюць дол сакавітыя малінаўкі, ляжаць пад нагамі крамяныя каштэлі, на галінах даспяваюць хрумсткія антонаўкі. І плыве над маленькай вёсачкай непаўторны водар жнівеньскіх яблыкаў, замешаны на лясных травах і прэлым лісці. Толькі вось частавацца яблыкамі ў вёсцы асабліва няма каму, бо дажываюць свой век тут адны старыя. Разам з жыхарамі  адлічвае свой час і Яблычнае.

Дарога блукае па лесе, пятляе паміж гонкіх сосен і бяроз, а потым раптам знікае ў лясным гушчары. Без праважатага, якой ветліва па­гадзілася стаць стараста вёсак Дворышча, Яблычнае і Лазіца Раіса Абрамчук, мы наўрад ці адразу трапілі б да герояў нашай публікацыі. Сядзібы вяскоўцаў хаатычна раскіданы па лесе. Там-сям ся­род зараснікаў кустоўя нібыта тыя здані сваімі пустымі вокнамі ў чаканні гаспадароў глядзяць на свет закінутыя хаты. Пакуль едзем на рэдакцыйнай машыне, якая з цяжкасцю пераадольвае раскіслую пасля дажджоў да­­­рогу, Раіса Уладзіміраўна расказвае пра вёску і яе жы­хароў.

— Зараз у Яблычным пражывае ўсяго толькі сем чалавек, — гаворыць Раіса Абрамчук. – Маладзейшаму вяскоўцу – Мікалаю Крэню – 59 гадоў, а самаму пажылому – Георгію Крэню – споўнілася 90 гадоў. Дарэчы, яны суседзі, зараз мы да іх і завітаем.

Раптам аўтамабіль вы­коч­ваецца на палянку, на якой амаль адна насупраць другой стаяць дзве дыхтоўныя сядзібы. Мікалая Крэня дома не засталі.

— Ён працуе на ферме, што ў Дворышчы, — патлумачыла Раіса Уладзіміраўна. – А вось Георгій і Антаніна Крэнь, напэўна, будуць дома. Яны надзвычай цудоўныя людзі, добрыя гаспадары, што разам прайшлі па дарозе жыцця 67 гадоў. Гэтая сямейная пара – сапраўдны прыклад любові і вернасці.

Муж з жонкай гасцей не чакалі, аднак Антаніна Пятроўна ветліва запрасіла прайсці ў прасторную хату. У пакоі пануе прахалода, тут зусім не адчуваецца лет­няя спёка. У хаце чыста. На кухонным стале ляжыць газета “Аргументы и факты”, якую чы­тае гаспадар. Побач – два ма­більныя тэлефоны – сувязь са знешнім светам. Бабулі Антосі, як ласкава называе жонку Геор­гій Георгіевіч, – 82 гады. Жан­чына ходзіць, абапіраючыся на кіёчак. Як гаворыць Антаніна Пятроўна, 20 гадоў таму раптам сталі балець ногі. Так з таго часу гаспадыня з кіем і не расстаецца, паціху корпаецца па гаспадарцы. За­раз Крэні ўжо не трымаюць той жыўнасці, якая была на падворку раней. Здароўе і гады не дазваляюць. За бацькамі даглядае дачка Надзея, якая для гэтага спецыяльна прыехала з Маладзечна. Яна і да аўталаўкі, якая прыходзіць у Яблычнае два разы на тыдзень, збегае, лекі прывязе з аптэкі, у хаце прыбярэ ды ежы наварыць. Ды і весялей утраіх.

67 гадоў у радасці і горы прожылі разам доўгажыхары вёскі Яблачнае Георгій і Антаніна Крэнь

Жыццё  Георгія і Анта­ні­ны Крэнь не было лёг­кім. Абое нарадзіліся ў шматдзетных сем’ях, з ма­ленства зведалі, як няпроста здабываецца хлеб. А самае страшнае, што было ў іх лёсе, – Вялікая Айчынная вайна, якая ўшчэнт растаптала іх дзяцінства, пазбавіла радасных успамінаў.

— Яблычнае – партызанская вёска, — расказвае гаспадар. – Немцы сюды баяліся сунуцца, але  сям’ю майго бацькі карнікі двойчы ледзьве не расстралялі. Набедаваліся мы тады. У нашай хаце часта на адпачынак спы­няліся партызаны. Памятаю, ля хаты стаяў вялізны дуб, на які я ўзбіраўся і глядзеў, каб раптам не наскочылі немцы. Часта бываў у нас легендарны партызан-разведчык Маруда.

Узгадваць пра гады акупацыі Георгій Георгіевіч не хоча, яму і праз столькі гадоў надзвычай цяжка гаварыць пра страшныя гады ваеннага ліхалецця. Дзядуля з ахвотай пры­гадвае той час, калі служыў у арміі, потым вярнуўся ў родную вёску, уладкаваўся працаваць у мясцовы калгас, дзе да самай пенсіі шчыраваў брыгадзірам трактарнай бры­­гады, жывёлаводам, ме­ханізатарам. Летам 1952 года Георгій і Антося ўзялі шлюб і зас­таліся жыць у роднай вё­сачцы. Нарадзілі і выгадавалі дваіх дзетак. Зараз багатыя на ўнукаў і праўнукаў, якія не забываюць пра сваіх дзядулю і бабулю, часта наведваюцца ў госці. Праз тры гады Георгій Георгіевіч і Антаніна Пятроўна адзначаць 70-годдзе сумеснага жыцця. Неверагодна, але нават праз такі значны прамежак часу яны не згубілі трапяткіх адносін адзін да аднаго. У іх поглядах, размове і паводзінах столькі пяшчоты, пашаны і дабрыні, што ніяк не хацелася развітвацца з гаспадарамі. Тым не менш, час прыспешваў, і сонца няўмольна кацілася за гарызонт. Вечарэла. 

А мясціны ў Яблычным сапраўды  прыгожыя. Вакол хаты растуць стромкія сос­ны, пад якімі ўлетку чар­неюць чар­ніцы, а пад асіна­мі ды бярозамі хаваюцца ў ліс­тоце крамяныя падасінавікі і падбярозавікі. Дыхаецца тут так лёгка, што нават ад ляснога водару кругам ідзе галава.

— Мясціны тут  адметныя, — нібыта агучваючы мае думкі, гаворыць стараста вёскі. – Паветра гаючае, дыхаеш ім і надыхацца не можаш. Мабыць, таму і жывуць тут амаль адны доўгажыхары.

На «пасёлку», як гавораць ту­тэйшыя, стаіць сядзіба 80-гадовага Мікалая Крэ­ня. Дарэчы, прозвішча Крэнь у Яблычным самае рас­паў­сюджанае. На ганку пры­го­жага драўлянага дома сядзіць рыжая прыгажуня – вавёрка. Звярок нешта трымае ў сваіх лапках, пакуль не заўважае няпрошаных гасцей. Раптам вавёрка спраўна ўзбіраецца па сцяне дома і знікае пад страхой. Дзверы ў сені адчынены, у хаце і на двары – нікога.

— Мікалай Лаўрэнцьевіч па­вінен быць дома, — кажа Раіса Абрамчук. – Хадзем пашукаем гаспадара ў садзе.

Садок у дзядулі вялікі, праўда, яблыні, як і сам гаспадар, ужо немаладыя. На сцяжынцы пад дрэвамі не прайсці: усюды ляжаць падалкі. Яблыкаў сёлета ўрадзіла шмат.

— А куды іх збываць? — пра­цягвае гаворку стараста. – Вось і гніюць пад нагамі. Я, колькі змагла, перапрацавала на сок, зварыла варэнне. А з астатнімі што рабіць? Толькі ў мяне на падворку расце  некалькі яблынь, а вось у Мікалая Лаў­рэнцьевіча два дзясяткі дрэў набярэцца. 

Уражвае сваімі памерамі не сад дзядулі, а яго пчальнік. Вось гэта сапраўдная гаспадарка. Дзядуля ў акрузе раней быў слынным пчаляром. З гадамі сваё майстэрства перадаў сыну, які жыве ў суседнім Дворышчы. У некалькі радоў стаяць пчаліныя домікі, сярод якіх – дубовыя калоды. У садзе і знайшлі Мікалая Лаў­рэнцьевіча.

— Борці я калісьці сам май­страваў, — тлумачыць Мі­калай Крэнь. – Пакуль быў дужы, займаўся бортніцтвам. Зараз ледзьве тупаю па зямлі. 

Пчалярская справа для  Мі­­калая Лаўрэнцьевіча была сапраўднай аддушынай. Пчолы супакойвалі, дапамагалі яму пераключыцца з надзённых клопатаў.  Назіраючы за пчоламі, мужчына адпачываў душой. Амаль 40 гадоў адпрацаваў Мі­калай Крэнь трактарыстам. Праца нялёгкая. Пачынаў на МТЗ-50, аб’ездзіў уздоўж і ўпоперак усе палі, як свае пяць пальцаў ведае кожную ўхабіну на дарозе.

Урадзілі сёлета яблыкі ў садзе Мікалая Крэня

Мікалай Крэнь – шматдзетны тата. Разам з жонкай, якая некалькі гадоў таму пайшла ў іншы свет, ён выгадаваў 5 сыноў і дачушку. Дзеці бацьку на старасці не пакідаюць, часта праведваюць, дапамагаюць па гаспадарцы.

Увогуле, Яблычнае адметна яшчэ і тым, што тут няма па­кі­ну­тых старых, за ўсімі па­жылымі даглядаюць дзеці або ўнукі.

 Далей за сядзібай Мікалая Крэня жывуць Вера Чуль, Ніна і Лявонцій Лямачкі. Веру Якаўлеўну засталі дома за чытаннем кніжкі. Бабулі 86 гадоў, жыве яна адна. Яе няхітрую гаспадарку ахоўвае сабака Дружок. Кнігі для бабулі, якая, дарэчы, вельмі любіць чытаць духоўную літаратуру, з бібліятэкі прывозіць сын. Трое дзяцей Веры Якаўлеўны жывуць непадалёку: у Макранах, Сушытніцы і Хаціславе, таму адзінокай жанчына сябе не адчувае.

Вера Чуль

Ніна Лямачка са сваім надзейным ахоўнікам

Адпрацавалі ўсё сваё жыццё ў мясцовым калгасе Ніна і Лявонцій Лямачкі. Ніна Клімаўна, маючы ўсяго чатыры класы адукацыі, асвоіла прафесію асемянатара, была ў свой час малаказборшчыкам, за­гадчыцай фермы. Муж 38 гадоў адпрацаваў на трактары. Вялікага багацця не нажыў, а два інсульты перанёс. Лявонцій Іванавіч у 79 гадоў аказаўся прыкаваным да ложка. Пакуль ёсць сілы, за сваёй другой палавінкай даглядае Ніна Клімаўна. Жанчына на лёс не скардзіцца. Толькі з сумам у голасе адзначае, што пакрысе памірае вёска. Лесам зарастаюць падворкі. Пройдзе яшчэ час, і ад Яблычнага застанецца толькі назва. Гэта няўмольная рэалія жыцця.

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!