«Усе знайшлі сваё месца ў жыцці» Сустрэча праз 25 гадоў выпускнікоў Маларыцкага ліцэя

Аднагрупнікі… Яны звязаны паміж сабой мноствам нябачных нітак лёсу, моцнымі і трывалымі нават праз шмат гадоў. І таму, калі наступае пара летніх водпускаў, настальгія вядзе іх у родную ўстанову адукацыі не толькі ў думках. Узнікае жаданне сустрэцца, убачыцца, моцна паціснуць адзін аднаму рукі, пагаварыць, успомніць былое. Менавіта так было 17 жніўня. На спатканне  са сваім юнацтвам сабраліся разам у сценах Маларыцкага прафесійнага ліцэя выпускнікі 1994 года.

— З групай 152 я працаваў на працягу трох гадоў, — гаворыць  былы майстар Маларыцкага СПТВ-155 Уладзімір Арабей, які ўстанове адукацыі аддаў 25 гадоў жыцця. — За гэты час мы зжыліся, сталі практычна адной сям’ёй, знайшлі паразуменне і агульную мову. Група ў вучылішчы была адной з лепшых. Юнакі актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх  мерапрыемствах. Яны дасягнулі пэўных поспехаў і ў вучобе, і ў спорце. Вельмі любілі іграць не толькі ў футбол,   але і ў КВіЗ.  Пазней ўсе юнакі знайшлі сваё месца, здолелі ўпісацца ў рэаліі жыцця, уліцца ў працоўныя калектывы і праз гады захаваць  вернасць  сяброўству.

Між іншым, у групе 152 , якая закончыла вучылішча ў 1994 годзе, навучаліся юнакі толькі з Брэста і Брэсцкага раёна. Ва ўстанове адукацыі яны атрымлівалі дзве спецыяльнасці: трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці і вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”.  Таму на першае месца працы ўсе былі накіраваны па месцы жыхарства.

— Наша група сапраўды была дружнай, — кажа Андрэй Міхальчук. —  На сённяшні дзень практычна ўсе мае аднагрупнікі працуюць па атрыманай спецыяльнасці, пражываюць у Брэсце і Брэсцкім раёне. Шаснаццаць чалавек у розных арганізацыях і прадпрыемствах цяпер шчыруюць даль­набойшчыкамі. Успа­мінаючы  мінулае, трэба сказаць, што ўсе тыя, хто навучаўся ў 152-й групе, да канца 1994 года былі прызваны на службу ў армію. Там і спатрэбіліся веды, уменні і навыкі, набытыя ва ўстанове адукацыі за тры гады вучобы.

Аляксандр Барысюк адзіны са 152-й групы, хто закончыў Маларыцкае СПТВ-155 і атрымаў дыплом з адзнакай. Пасля службы ў арміі ён паступіў вучыцца ў Брэсцкі політэхнічны інстытут.

—  Нас вучылі цудоўныя спецыялісты сваёй справы, сапраўдныя прафесіяналы,  — гаворыць Аляксандр Анатольевіч. — Толькі добрымі словамі мы ўспамінаем цяпер былога дырэктара Васіля Карпавіча Каляду, намесніка дырэктара Ганну Міхайлаўну Кот, нашага класнага кіраўніка Івана Уладзіміравіча Трынду, выкладчыкаў Пятра Фаміча Ясінскага (выкладаў правілы дарожнага руху), Сямёна Іванавіча Кавеньку (агранамія), Мікалая Аляксеевіча Салея (фізічная культура) і інш.

…Для выпускнікоў Маларыцкага СПТВ-155 1994 года была арганізавана экскурсія па ўстанове адукацыі. Яны прайшлі па яе ціхіх калідорах,  пабывалі ў аўдыторыях, дзе вучыліся, некаторыя нават пасядзелі за “сваімі” партамі.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 7
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!