«Мелодыя настаўніцкіх будняў» 30 гадоў працоўнай дзейнасці Ірыны Сезік (Маларыцкі раён)

У жніўні ў настаўніцы рускай мовы і літаратуры Маларыцкай раённай гімназіі Ірыны Сезік – трыццацігадовы юбілей працоўнай дзейнасці. За гэты час шмат чаго ўжо зроблена і дасягнута. Ірына Аляксееўна цяпер адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам. У сям’і,   дзе расла Ірына Сезік (у дзявоцтве Шышук),  панавала атмасфера творчасці, узнёслага стаўлення да музыкі. Бацькі, дзядулі і бабулі добра спявалі, ігралі на музычных інструментах. Да чароўнага свету музыкі  ў маленстве далучылася і Ірына. Яна з адзнакай закончыла Маларыцкую дзіцячую школу мастацтваў па класе фартэпіяна. Сваё будучае жыццё планавала звязаць толькі з музыкай. Хацелася іграць у прафесійным калектыве, ездзіць на гастролі. Аднак атрымалася інакш. Яна стала педагогам і цяпер ужо  нават не ўяўляе сябе ў іншым месцы, у другой прафесіі.

— Музычную школу я закончыла, але ў старэйшых класах працягвала самастойна зай­мацца музыкай, — гаворыць Ірына Сезік. — Аднак разам з гэтым захапленнем усё часцей стала задумвацца аб тым, ці не стаць мне настаўнікам. Спрыялі гэтаму, напэўна, урокі школьных педагогаў, асабліва настаўніка рускай мовы і літаратуры Міхаіла Галенкі. Яго ўрокі заўсёды праходзілі як на адным дыханні. Міхаіл Савіч умеў заўважыць кожнага вучня,  сказаць у любой сітуацыі яму шчырае і пранікнёнае слова,  паспачуваць,  дапамагчы, рас­крыць здольнасці, знайсці ключык да кожнага. Настаўнік да ўсіх ставіўся далікатна, тактоўна,  з любоўю. Мне хацелася таксама быць падобнай на яго.

Школьныя гады Ірына Сезік цяпер успамінае як самыя цудоўныя, цікавыя і незабыўныя. І пра сваіх настаўнікаў гаворыць з вялікай павагай і любоўю.

У выпускным класе Ірына, старанная вучаніца і актывістка, вагалася, не магла канчаткова вызначыцца, куды паступаць вучыцца. Яна па-ранейшаму прымала актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці. Сцэна дзяўчыну вабіла і зачароўвала. У той жа час яна сябе ўжо бачыла ля дошкі з крэйдай і ўказкай у руках. Набліжаліся выпускныя экзамены ў школе. Часу для роздумаў практычна не было. Затое многа было тых, хто дзяўчыне раіў, куды скіраваць свой жыццёвы шлях. У кожнага былі свае перакананні, аргументы і “за”,  і “супраць”. Ірына ў рэшце рэшт прыслухалася да слоў сваёй маці Валянціны Іванаўны, якая разважліва і далікатна сказала: “Ты, дачушка,  набыўшы спецыяльнасць школьнага настаўніка, можаш быць яшчэ і музыкантам. А стаўшы прафесійным музыкантам, у школе, на жаль, працаваць не зможаш”. Гэтыя выказаныя словы, напэўна, і сталі самым важкім аргументам для прыняцця рашэння.

Пасля заканчэння СШ №1 г.Маларыты з лёгкасцю паступіла вучыцца на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага інстытута імя А.С.Пушкіна.  Падчас вучобы  часу ў яе хапала на ўсё. Дзяўчына добра  здавала экзамены, усюды паспявала. Яна па-ранейшаму прымала актыўны ўдзел і ў мастацкай самадзейнасці ўстановы адукацыі. Педагагічная практыка ў школе пераканала, што не памылілася з выбарам жыццёвай сцежкі. Ірына Аляксееўна жыла тым часам, калі  атрымае дыплом, пераступіць парог школы і пойдзе ў клас на ўрок.

На першае месца працы яе накіравалі ў  СШ  №2  г.Маларыты і адразу прызначылі класным кіраўніком, у якім было 28 вучняў.

— Безумоўна, я хвалявалася, — кажа Ірына Сезік. — Былі веды, але не было пакуль педагагічнага вопыту. Шмат паўставала пытанняў: “Ці хопіць умення? Ці будуць слухаць вучні? Якім буду настаўнікам? Як выхаваць здольнага, улюбёнага ў свой прадмет вучня?”

Пошукі адказаў на іх і падштурхнулі да таго, каб не сядзець склаўшы рукі, а знаходзіць свае педагагічныя падыходы да вучняў. Яна імкнулася ісці не ў нагу з часам,  а быць на крок наперадзе. Настаўнік не павінен цурацца традыцыйнасці, але і грэбаваць наватарствам таксама не варта. Ірына Аляксееўна да ўсяго імкнулася дайсці сама,  а калі адказу не знаходзіла, то за дапамогай звярталася да старэйшых калег. Трапляліся, безумоўна, нейкія няўдачы, дробныя непаразуменні… Але  былі і поспехі, перамогі, якія акрылялі, надавалі сілы працаваць яшчэ лепш, больш вынікова. У таленавітага настаўніка атрымлівалася вуч­няў і заахвоціць,  і прывабіць.

— Быць настаўнікам – гэта пастаянная праца над сабой, — гаворыць Ірына Аляксееўна. — Вядома ж,  з часам набыла сваё педагагічнае майстэрства. Гэта цяпер магу правільна ацаніць любую сітуацыю і хутка знайсці з яе выйсце, а раней усяк было. Але рукі ніколі не апускала.

У 1993 годзе ў Маларыце адчыніла свае дзверы СШ №3. Ірыну Сезік пераво­дзяць туды на працу. Маладога  стараннага педагога заўважаюць і прапаноўваюць пасаду  намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Аднак па сямейных абставінах доўга на ёй не затрымалася,  давялося перавесціся на гадзіны. А пасля рэарганізацыі раённага ліцэя і СШ №3 у Маларыцкую раённую гімназію Ірына Сезік стала працаваць у гэтай установе адукацыі. Прафесіяналізм, эрудзіраванасць, прынцыповасць, шчырасць, строгасць, адкрытасць, справядлівасць – вось  тыя асноўныя якасці, за якія паважаюць педагога калегі, вучні, іх бацькі. Для ўрокаў Ірыны Аляксееўны заўсёды характэрна лагічная завершанасць,  разнастайнасць форм і метадаў, вы­сокі навукова-тэарэтычны ўзровень. У  настаўніка ёсць творчы падыход да працы,  той педагагічны агеньчык,  які дазваляе заўсёды быць цікавым дзецям.

— Ірына Аляксееўна, якім, на ваш погляд,  павінен быць сучасны настаўнік? — цікаўлюся ў  субяседніцы.

— Мабільным,  харызматычным, ініцыятыўным, у любых жыццёвых абставінах заставацца чалавекам, здольным выслухаць вучня, дапамагчы яму, даць параду.… Прафесія педагога не менш творчая, чым прафесія мастака ці пісьменніка. Акрамя таго, неабходна любіць дзяцей і сваю справу, пастаянна самаўдасканальвацца, быць цікавым для вучняў і спрабаваць жыць іх жыццём.

— А з музыкай развіталіся назаўжды?

— Не,  яна са мною ідзе  побач па жыцці…  Бывала,  прыходзіла пасля ўрокаў дадому, сядала за фартэпіяна і іграла любімыя мелодыі. Гэта супакойвала, суцяшала, надавала раўнавагі. Фартэпіяна, якое было ў нашым доме,  мне падарыў дзядзька.  Нядаўна з мужам Ігарам вырашылі аддаць інструмент дачцэ Ганне. Яна цяпер унукаў далучае да чароўнага свету музыкі.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 2
  • 19
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!