«Правесці абрад па-сучаснаму» На Маларытчыне папулізіруюць рэгістрацыю шлюбу ў адпаведнасці з народнымі традыцыяміі

Начальнік аддзела ЗАГС Маларыцкага райвыканкама Людміла Гарбацэвіч узнагароджана дыпломам трэцяй ступені за ўдзел у конкурсе-аглядзе прафесійнага майстэрства сярод кіраўнікоў аддзелаў ЗАГСаў Брэсцкай вобласці па правядзенні цырымоніі “Урачыстая рэгістрацыя шлюбу”. Мерапрыемства прайшло ў Століне. Яго арганізатарам стала галоўнае ўпраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама.

 

– Падчас яго рэгістравала шлюб маладой пары на рус­кай мове па сцэнарыі, які напісала сама, – гаворыць Людміла Гарбацэвіч. – Ён на працягу месяца прайшоў практычную “абкатку” ў Ма­ларыцкім ЗАГСе. З кожнай новай рэгістрацыяй шлюбу ўносіліся пэўныя змяненні, адбывалася карэкціроўка. Хацелася, каб рэгістрацыя атрымалася сучаснай, пры­гожай, запамінальнай. У праграме маёй конкурснай цырымоніі грамадзянскай рэгістрацыі шлюбу былі і аба­вязковыя элементы, і пэўныя элементы навізны… Падчас яе маладой сям’і Ганны і Аляксея Мароз, якую я “распісвала”, падарыла бусла ручной ра­боты як сім­вал сямейнага дабрабыту, шчасця, пачатку новага жыц­ця.

– Людміла Уладзіміраўна, а ці можна правесці рэ­гіст­рацыю шлюбу па інды­ві­дуальным сцэнарыі? – ці­каў­люся ў субяседніцы.

 – У прынцыпе, можна. З парай, якая ўступае ў шлюб, мы абавязкова абгаворваем усе элементы цырымоніі. Рэгістрацыя шлюбу па ін­дывідуальным сцэнарыі па-за межамі памяшкання ЗАГСа,  сельвыканкама мо­жа адбыцца, калі ма­ла­дыя жадаюць правесці ўрачыстасць не стандартна, а згодна з уласнымі ўяў­лен­нямі. Месцам цы­ры­моніі ў такім выпадку мо­гуць быць, напрыклад, па­мяшканні ўстаноў куль­туры, памяшканні, якія  раз­мешчаны ў гістарычных і памятных месцах,  помніках архітэктуры, мастацтва ці гісторыі, архітэктурных ан­самблях, у памяшканнях, якія вызначаны дамовамі на аказанне паслугі па выезду для рэгістрацыі заключэння шлюбу да месца правядзення ўрачыстасці,  і інш.

Было б цудоўна, каб на Ма­ларытчыне склалася тра­дыцыя рэгістрацыі шлюбу ў нацыянальным адзенні, на бе­ларускай мове і, на­прык­лад, у раённым цэнтры народнай творчасці, – заўва­жае Людміла Гарбацэвіч. –  Пра­­­вядзення ўсёй цырымоніі шлюбу па індывідуальнаму сцэнарыю з элементамі на­­цыянальнай культуры ў нас пакуль, на жаль, не было. Неабходна памятаць, што народныя традыцыі вяртаюць вяселлю яго пер­шапачатковы сэнс. Гэта не проста афіцыйнае афар­м­ленне адносін паміж ім і ёй, а абрад, які настройвае на доўгае і шчаслівае сумеснае сямейнае жыццё.

– Людміла Уладзіміраўна, а наколькі запатрабавана рэгістрацыя шлюбу на бела­рус­кай мове?

– Мы прапа­ноў­ваем такое кожнай пары. У гэтым годзе та­кіх цырымоній у нас было ўжо дзевяць, у 2018 годзе – дваццаць дзве. Між іншым, у некаторых сельвыканкамах раёна рэгістрацыя шлюбу звычайна адбываецца адначасова на бела­рускай і рускай мовах.

*  *  *

На абласным кон­курсе-аглядзе пра­фесійнага майс­тэр­ства Людміла Гар­бацэвіч  выступала ў сты­лізаваным  кас­цю­ме-тройцы, які выка­наны ў сучасным сты­лі. Пры яго вырабе былі захаваны тры ас­ноўныя кампаненты: традыцыйная каляровая гама, характэрная для Маларыцкага строю адзення, узор ар­на­менту і даўняя тэхналогія ткацтва “кажушком”. Каб касцюм атрымаўся пры­гожым, цэласным і кам­па­зіцыйна завершаным, над ім на працягу двух месяцаў шчыравалі майстры народных рамёстваў Маларыцкага раённага цэнтра народнай твор­часці. Дырэктар  Валян­ціна Струнец ткала піджак і сарочку, Святлана Луцык – спадніцу, а Святлана Ба­рабан усё выкраіла і пашыла.

– Вытканы і сшыты на­мі касцюм, – гаворыць Валянціна Струнец, – гэта тая  частка духоўнага і ма­тэрыяльнага свету, якая ха­рактэрна для Маларыцкага строю адзення.  У ім знай­шлі адлюстраванне яго спецы­фіч­ныя асаблівасці. Арнамент касцюма, які намі ператканы са спадніц з аг. Ляхаўцы і в. Асавая, па меркаванні на­шых продкаў, выконваў ахо­ўную функцыю сям’і.  Ён мае духоўны сэнс і магутны энергетычны імпульс. На ім выткана шмат крыжоў і крыжыкаў рознага памеру.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!