У Дарапеевічах пасля рэканструкцыі адчыніў дзверы абноўлены магазін райспажыўтаварыства (Маларыцкі раён)

Жыхары вёскі Дарапеевічы гэтай падзеі чакалі даўно. І вось нарэшце пасля грунтоўнай рэканструкцыі ва ўрачыстай абстаноўцы тут адчыніў свае дзверы магазін тавараў паўсядзённага попыту Маларыц­кага райспажыўтаварыства “Родны кут”.

Cам будынак магазіна быў пабудаваны яшчэ ў далёкім 1966 годзе і за ўвесь гэты час грошай на яго рэканструкцыю не выдаткоўвалася. Гандлёвая плошча былога магазіна складала 51 метр квадратны. Аб’екту неабходна была грунтоўная мадэрнізацыя, што і было зроблена кааператарамі літаральна за два з паловай месяцы.

— Мы сумясцілі дзве гандлёвыя залы ў адну, —  расказвае старшыня Маларыцкага райспажыўтаварыства Аляксандр Завадскі, — такім чынам значна пашырылі плошчу магазіна, якая зараз складае 99 квадратных метраў. На мадэрнізацыю “Роднага кута” ўсяго было затрачана 45 тысяч рублёў уласных сродкаў.

Урачыстае адкрыццё магазіна (злева направа): старшыня СВК «Дарапеевічы» Васілій Юхімук, кіраўнік Маларыцкага раёна Мікалай Шум і старшыня Маларыцкага райспажыўтаварыства Аляксандр Завадскі

Дарэчы, магазін, які пераведзены на самаабслугоўванне, працуе без перапынку на абед з васьмі гадзін раніцы і да васьмі вечара. Калектыў магазіна невялікі —  усяго тры прадаўцы і прыбіральшчыца. 

Магазін па-сапраўднаму ўражвае: ад разнастайнага асартыменту прадстаўленай на паліцах і вітрынах прадукцыі вочы разбягаюцца. Чаго тут толькі няма: шырокі выбар каўбасных і хлебабулачных вырабаў, печыва і цукеркі,  малочная прадукцыя, садавіна-гародніна, рыба. Асобна прадстаўлены і тавары гаспадарчай групы. 

— Магазін мне вельмі спадабаецца, — у захапленні гаворыць жыхарка Да­рапеевіч Людміла Сцепанюк. – Тое, што тут было і што стала, як неба і зямля. Цяпер наш магазін не горшы, чым у горадзе. 

Адным словам, у тым, што магазін будзе карыстацца попытам, можна не сумнявацца: тут усё зроблена для зручнасці пакупнікоў.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  • 30
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!