Ва ўстановы адукацыі на першае месца работы прыбыла 9 маладых спецыялістаў (Маларыцкі раён)

Ва ўстановы адукацыі Маларытчыны прыбылі  маладыя педагогі. У раён на першае месца працы сёлета прыехала 9 чалавек, з іх восем – пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, адзін – пасля заканчэння Пінскага каледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна. Маладыя спецыялісты размеркаваны ў пяць устаноў адукацыі раёна. У СШ №1 да працы прыступіў настаўнік фізічнай культуры і здароўя, у Дарапеевіцкім д/с-СШ  –  замежных моў, Лукаўскай СШ – педагог-псіхолаг і нямецкай мовы, Макранскай СШ – пачатковых класаў, гісторыі і грамадазнаўства.

Трыма маладымі спецыялістамі папоўнілася Чарнянская СШ. Вольга Кулічык ва ўстанове адукацыі будзе выкладаць беларускую мову і літаратуру, Ілья Буйвідовіч – фізіку і інфарматыку, Дзіяна Пташыц – геаграфію. Яна таксама на 0,5 стаўкі будзе працаваць педагогам-арганізатарам.

Ці задаволены маладыя спецыялісты сваім першым рабочым месцам?

— Я сама родам з Чарнян, — гаворыць Вольга Кулічык. — На першае месца працы па мэтавым накіраванні прыехала ў сваю родную школу, якую закончыла ў 2015 годзе. Дома,  як кажуць, і сцены дапамагаюць. Настрой цяпер у мяне баявы, усё задавальняе. Ёсць  неадольнае жаданне хутчэй прыступіць да працы. Пакуль  пераглядаю сваю метадычную скарбонку,  рыхтуюся да першых урокаў. Хочацца парадаваць вучняў цікавымі і змястоўнымі ўрокамі. Буду імкнуцца да таго, каб выхаваць у  вучняў пачуццё патрыятызму, павагі і любові да роднай мовы, роднай культуры, гонар за сваю маленькую радзіму і за Беларусь.

— Калектыў прыняў мяне добра, умовы працы задавальняюць, школа прыгожая і ўтульная, — кажа Ілья Буйвідовіч. — Цяпер з нецярпеннем чакаю сустрэчы з вучнямі. Я нарадзіўся і вырас у Дарапеевічах. Жыць буду дома. На працу і з працы буду ездзіць кожны дзень.

Любую справу пачынаць няпроста. Цяжкасцей я не баюся. Прафесію настаўніка выбраў усвядомлена, у школе марыў працаваць з дзяцінства. Нарэшце мая мара збылася!  Думаю, што праца прынясе мне радасць і задавальненне. Буду імкнуцца да таго, каб стаць сапраўдным прафесіяналам.

— З боку педагагічнага калектыву ўжо адчула падтрымку, разуменне, увагу, — гаворыць Дзіяна Пташыц. — Я закончыла Мотальскую СШ Іванаўскага раёна. Таму мне да вясковага жыцця не прывыкаць. У Чарнянах буду жыць на кватэры, якая знаходзіцца недалёка ад школы. Пакуль прыглядаюся да таго месца, куды закінуў лёс. Ужо пераканалася, што Чарняны – маляўнічая мясцовасць, ды і людзі тут, здаецца, добрыя, чулыя, спагадлівыя. Трошкі перажываю за тое,  якім я буду класным кіраўніком у сёмым класе. Мне, учарашняму студэнту, яшчэ трэба многаму навучыцца. Менавіта таму ў мяне з’явіцца куратар з ліку вопытных настаўнікаў, які бу­дзе аказваць пры неабходнасці педагагічную падтрымку. Цяпер на ўсе пытанні, якія ўзнікаюць, ахвотна адказвае дырэктар школы Жанна Рабчынская. У мяне наперадзе шмат розных планаў, пачынаць іх рэалізоўваць буду  ў Чарнянскай СШ.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!