Аграгарадкі памераліся сіламі

Маларыта ўсё часцей становіцца месцам правядзення спартыўных мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Па­цвярджэнне таму – мінулая субота. На базе Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прайшлі фінальныя спаборніцтвы ІV абласной спартакіяды сярод жыхароў аграгарадкоў. Арганізатарамі гэтага мерапрыемства традыцыйна сталі: упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама і Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Брэсцкай вобласці. Памерацца сіламі на Маларытчыну прыехалі прадстаўнікі 14 рэгіёнаў Брэстчыны. Па ўмовах спартакіяды, у ёй магла прыняць удзел толькі каманда аднаго аграгарадка ад раёна ў колькасці 14 чалавек. Спаборніцтвы праводзіліся сярод дзяўчат і юнакоў, мужчын і жанчын па 6 камандных відах спорту: дартсу, настольнаму тэнісу, шашках, шахматах, плаванню і гіравому спорту. Абласная спартакіяда, сярод іншага, на мэце ставіла далучэнне вясковага насельніцтва да актыўных заняткаў фізічнай культурай і спортам, іх папулярызацыю, прафілактыку захворванняў, прапаганду здаровага ладу жыцця.
Мерапрыемства ўрачыста адкрывалі Іван Шкутнік, першы намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама, і Алена Белаконенка, выканаўчы дырэктар Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Брэсцкай вобласці. Пасля гэтага Алена Леанідаўна ўручыла падарунак Васілю Хапалю, першаму трэнеру сярэбранага прызёра Алімпіяды-1980 у Маскве па лёгкай атлетыцы Пятра Пачанчука. Васіль Дзмітрыевіч у сваю чаргу пажадаў поспехаў усім удзельнікам спаборніцтваў і добрых вынікаў. Затым быў дадзены старт спар­такіядзе. Між іншым, сваімі сіламі агра­гарадкі мераліся на выдатнай спартыўнай базе ДзЮСШ і раённай гімназіі.
Гонар Маларытчыны на гэтых спаборніцтвах абаранялі прад­стаўнікі аграгарадка “Олтушскі”. Згодна з выніковым пратаколам, пера­можцамі сталі прадстаўнікі агра­гарадкоў Барана­віцкага (І месца), Драгічынскага (ІІ месца) і Камянецкага раёнаў (ІІІ месца). Нашы спартсмены хоць у тройку лідараў і не ўвайшлі, але годна выступілі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Алена Белаконенка ўручае падарунак Васілю Хапалю.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Аграгарадкі памераліся сіламі: 2 комментария

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!