У вёсцы Лукава пры храме Лукаўскай іконы Божай Маці пасля завяршэння будаўніцтва асвечаны будынак нядзельнай школы

У праваслаўным прыхо­дзе Лукаўскай іконы Божай Маці адбылася радасная і  доўгачаканая падзея. Восьмага верасня пасля завяршэння будаўніцтва быў асвечаны будынак, у якім размясцілася хрысцільня і нядзельная школа.

З гэтай нагоды ўрачыстае богаслужэнне ў храме Лукаўскай іконы Божай Маці ўзначаліў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Яму саслужваў благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, протаіерэй Віктар Паляціла, а таксама іншыя святары. Падчас богаслужэння настаяцель храма іерэй Сергій Бірук-Руссу атрымаў з рук архіепіскапа Іаана чарговую царкоўную ўзнагароду з нагоды завяршэння будаўніцтва: права насіць наперсны крыж. Пасля заканчэння бажэственнай літургіі адбыўся хрэсны ход вакол храма, асвячэнне ўзведзенага будынка і пяці звонаў для храмавай звонніцы. Усіх удзельнікаў богаслужэння  архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан акрапіў асвечанай вадой. Затым ён звярнуўся да прысутных з пропаведдзю,  перадаў у дар нядзельнай школе ікону “Тайная вечеря”, якая выканана ў тэхніцы дэкаратыўнай разьбы па дрэве. Ён  таксама ўзнагародзіў Пісьмовай падзякай за старанную працу ў славу святой царквы старшыню райвыканама Мікалая Шума, дырэктара ААТ “Чырвоны пар­тызан” Сяргея Сцепанюка, май­стра вытворчага участка в. Лу­кава Маларыцкай ЖКГ  Віктара Тарасюка. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык павіншаваў прысутных вернікаў з адкрыццём памяшкання для нядзельнай школы, сказаў пра важнасць духоўнага выхавання дзяцей, падарыў настаяцелю прыхода ікону Божай Маці “Прибавление ума”.

– У новым навучальным го­дзе, як і ў мінулым, у Маларыцкім благачынні бу­дзе дзейнічаць 15 нядзельных школ, – гаворыць благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, протаіерэй Віктар Паляціла.

Яны адкрыты ў кожным прыходзе. У асобных будынках, акрамя Лукава, нядзельныя школы размешчаны ў праваслаўных прыходах Маларыты,  Хаціслава,  Арэхава. У мінулым навучальным годзе ў нядзельных школах Маларыцкага  благачыння займалася 750 чалавек. Найбольш вучняў было пры храме Мікалая Цудатворцы райцэнтра. У 2018/2019 навучальным годзе яе наведваў 131 чалавек ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. Заняткі былі арганізаваны ў 8 групах. Нядзельную школу пры храме Лукаўскай іконы Божай Маці наведвалі 22 чалавекі. Настаяцель храма іерэй Сергій Бірук-Руссу спадзяецца, што пасля адкрыцця новага памяшкання  школы  вучняў у ёй стане больш. 

Між іншым, будынак, у якім размясцілася хрысцільня і нядзельная школа пры храме Лукаўскай іконы Божай Маці, быў узведзены стараннямі настаяцеля  іерэя Сергія Бірук-Руссу на грашовыя сродкі прыхаджан і спонсарскую дапамогу ААТ “Чырвоны партызан”.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!