У Замшанах адсвяткавалі Дзень вёскі (фотарэпартаж)

Нядаўна, на выхадныя ў Замшанах панавала небывалае ажыўленне: мясцовыя жыхары сабраліся, каб разам упершыню за некалькі гадоў адзначыць урачысты дзень – свята вёскі.

Мерапрыемства на­доў­га запомніцца ўсім, каму пашчасціла там пабываць, бо яно прынесла добры настрой і ўсмешкі. Дзень вёскі атрымаўся насычаным і цікавым як для гасцей населенага пункта, так і для яго жы­хароў – дзяцей і дарослых.

У гэтым заслуга ідэй­ных натхняльнікаў і ар­ганізатараў урачыстага мерапрыемства – работнікаў Замшанскага СДК (мастацкі кіраўнік Галіна Дворак), народнага ансамбля песні і музыкі “Хаціславяне” (кі­раўнік Галіна Хомік), а таксама работнікаў ма­більнай установы “Аў­таклуб” (загадчыца Яўгенія Наўрасюк). Дапамогу і садзейнічанне ў правядзенні свята ака­залі Хаціслаўскі сель­выканкам, СУП “Ха­ціслаўскі”. Сіламі Замшанскага СДК была ар­га­нізавана кулінарная  выстава, а таксама выставы майстра-разьбяра Івана Карабейкі і народнай творчасці “Зямля баць­коў,  люблю цябе такой,  якая ёсць” мясцовай базавай школы.  Усе, хто жадаў,  мог паспрабаваць салдацкую кашу.

Цяпер у Замшанах за­рэгістравана 489 чалавек. Для іх родная вёска – заўсёды прыгожы, жаданы і светлы куточак на зямлі, куды прыемна вяртацца ў любую пару года.

Падчас дня вёскі зга­далася гісторыя на­се­ле­нага пункта і людзі, якія садзейнічалі яе раз­віццю. Па словах ста­­ражылаў,  некалькі стагоддзяў таму за два з паловаю кіламетры ад таго месца, дзе цяпер знаходзяцца Замшаны, ва ўрошчышчы “Вялікі луг” было невялікае па­селішча. Пражывала там 32 сям’і. Непадалёку знаходзілася  сядзіба пана Замойскага. Паступова яна прыйшла ў заняпад. Пан Замойскі аддаў сваю зямлю на выкуп мясцовым жыхарам, якія жылі за “мхамі”. Неўзабаве людзі пачалі перасяляцца на землі пана. Так, кажуць,  і ўзніклі Замшаны…

З увагай прысутныя свята вёскі ўспрынялі прывітальнае слова стар­­­шыні Хаціслаўскага сельвыканкама Аляксандра Карабейкі. Са шчырымі словамі да жы­хароў вёскі звярнуўся таксама настаяцель храма Мікалая Цудатворцы ў в.Замшаны,  іерэй Аляксей Ярэмка, дырэктар СУП “Хаціслаўскі” Сяргей Шальпук, дырэктар Замшанскай БШ Сяргей Люльковіч,  стараста вёскі Марыя Талако.

Вядучая мерапрыемства Алена Чэрнікава не ску­пілася на цёплыя словы пра зямлю нашых продкаў, працавітасць вяс­коўцаў. Не маглі не ўс­помніць на свяце доў­гажыхарку Ірыну Іванаўну Навумчык, якая ў маі адзначыла свой 93 дзень нараджэння. Ёй былі ад­расаваны пажаданні, каб “кросны жыцця яшчэ доўга-доўга ткалі бязвоблачную жыццёвую дарогу”.

Кожны год у Замшанах гуляюць вяселлі. У лютым свой шлюб зарэгістравалі Анас­тасія і  Аляксей Анд­райчукі. Ёсць у Замша­нах і мнагадзетныя се­м’і. Падчас мерапрыемства называліся імё­ны Валянціны і Пятра Блыш­чыкаў, Святланы Струнец і Ігара Дутава, Наталлі і  Анатолія Серады, Алены і  Міхаіла Жлукты. Ім пажадалі, каб іх дзеці былі здаровымі і паслухмянымі, а ў сем’ях па­навалі дастатак,  каханне і згода.

Самай юнай жыхаркай вёскі цяпер з’яўляецца Мілена, якая нарадзілася ў жніўні гэтага года ў сям’і Алены і Андрэя Хатынюкоў. На свяце ўша­ноўвалі і шлюбных юбіляраў. Не адзін год разам па жыцці рука ў руку ідуць Ганна і Мі­хаіл Чэпялевічы. Падчас дня вёскі таксама ўз­нагароду атрымалі Га­лі­на і Кірыл Волчыкі за лепшую прысядзібную тэрыторыю.

Прысутным не давала сумаваць і выдатная канцэртная праграма, пад­рыхтаваная народным ансамблем песні і музыкі “Хаціславяне” і вучнямі мясцовай школы, якая нязменна суправаджалася гучнымі апладысментамі.

Падчас дня вёскі таксама была праведзена гульнёвая праграма для дзяцей. 

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 34
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!