Маларыта — горад, што ў сэрцы жыве (Фотападарожжа ў прасторы і часе)

Маларыта! Яе можна за не­вялікі прамежак часу прай­сці пешшу ці за некалькі  хвілін праехаць на аўтамабілі з поў­начы на поўдзень і з усходу на захад. Невялікі, аднак такі блізкі сэрцу, надзвычай родны і дарагі куточак на зямлі. Якімі эпітэтамі яго яшчэ можна ахарактарызаваць? Мабыць, Маларыта – гарадок па-свойму ўтульны, чысты, па-еўрапейску прыгожы. Светлы горад са светлай душой, го­рад маленства і юнацт­ва. Каб палюбіць Ма­ларыту па-сапраўднаму, трэба нарадзіцца  і жыць у ёй. 

Імкліва ляцяць дзень за днём, год за годам, мяняецца горад, расце, прыгажэе, набывае сваё непаўторнае аблічча. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова паглядзець на фотаздымкі мінулага і параўнаць тое, што на іх зафіксавана, з днём сённяшнім. Якраз гэта раённая газета і прапануе вам, чытачы, зрабіць разам з намі. Сёння мы распачынаем новую рубрыку “Фотападарожжа ў прасторы і  часе”. Сутнасць яе ў тым, што на старонках газеты побач будуць змяшчацца для параўнання фотаздымкі адных і тых жа аб’ектаў райцэнтра, якія зроблены з аднаго і таго ж ракурса, з часавым прамежкам у некалькі гадоў. Гэта дасць нам магчымасць “скокнуць” праз гады назад, каб апынуцца ў нядаўнім мінулым, каб зрабіць вандроўку ў атмасферы таго часу, калі, магчыма, нас яшчэ і не было на свеце.

Мы запрашаем у фотападарожжа ў прасторы і часе па Маларыце. Сёння першы прыпынак у ім. На здымках – уезд у Маларыту з боку, калі рухацца з Брэста. З левага боку на фотаздымку  –  стэла з надпісам “Малорита”, якая прастаяла да 1976 года. Затым яе змянілі, стэла набыла іншы выгляд. У 2010 годзе на гэтым жа месцы з’явілася стэла (справа), якая ўпрыгожвае райцэнтр і зараз.

На ніжнім фотаздымку злева, які зроб­лены ў 1960-я гады, – выгляд на га­радскую плошчу з боку вуліцы  Леніна. На ёй яшчэ няма помніка У.І.Леніну. На абеліску напісана: “Вечная слава воінам Савецкай Арміі і партызанам, якія загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”.

Мікалай Навумчык.

Поделиться:
  • 1
  • 45
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!