«Лёсы людскія» Ганна Кручык з Радзежа (Маларыцкі раён)

Як толькі ўязджаеш у Радзеж, гэты падворак адразу кідаецца ў вочы сваёй дагледжанасцю і мноствам рознакаляровых кветак. Нібыта вясёлка апусцілася на зямлю і параспырсквала свае яркія фарбы. З ветлівай усмешкай, трымаючы на руках двух­гадовую дачушку, нас сус­тракае гаспадыня сядзібы Ганна Кручык.

— Шкада, што муж зараз на рабоце, — гаворыць Ган­на Іванаўна. – Гэты двор і сядзібу, у якой мы жывем толькі два гады, ён сваімі рукамі давёў да ладу. Мая заслуга –  кветкі, даглядаць за якімі я вельмі люблю. Толькі нядаўна ад­цвілі гладыёлусы, да­цві­таюць ружы. Ночы пайшлі халодныя, але, паглядзіце кветкі яшчэ трымаюцца, радуюць сваім хараством.

Ганна і Сяргей Кручыкі 13 гадоў, як жывуць разам. Абое нарадзіліся і выраслі ў Радзежы. З дзіцячых гадоў прывыклі да нялёг­кай працы на зямлі. Дапа­магаць старэйшым па гас­падарцы – быў святы абавязак.

Няпростую долю на­ка­наваў лёс Ганне: у двух­гадовым узросце яна засталася сіратой. Баць­кі, якія цяжка хварэлі, пай­­шлі адно за другім у іншы свет. Яна іх нават не памятае. І калі рабілася на душы надта цяжка, ёй так хацелася прыгарнуцца да матулі, адчуць цеплыню і пяшчоту яе стомленых, напрацаваных рук. Вы­га­давала Ганначку ба­буля  Надзея Лукінічна, якая не шкадавала для дзяўчынкі сваёй пяшчоты і старалася ёй даць усё самае найлепшае. Пры гэ­тым вучыла ўнучку не цу­рацца ніякай працы, быць дасціпнай і ветлівай. Парады бабулі, яе жыц­цёвы вопыт у будучым спа­трэбіліся Ганне Іва­наўне. Зараз яна ўжо ву­чыць сваіх і вясковых дзетак, укладаючы ў іх усю сваю душу і веды. Пас­ля заканчэння ся­рэдняй школы з выбарам будучай прафесіі Ган­на не вагалася: для ся­бе дзяўчына адразу вы­рашыла, што будзе на­с­­таўніцай пачатковых кла­саў. Зараз Ганна Іва­наўна ў вод­пуску на доглядзе дзіцяці, а праз год, калі да­чушцы Юліі споўніцца тры гады, вернецца ў сваю родную школу, да сваіх вучняў-непасед і гарэз, па якіх паспела ўжо засумаваць. Муж Сяр­гей Валер’евіч працуе ў ДзП “Радзежскае” жы­вёлаводам.

— Вось гэты дом се­ль­­гаспрадпрыемства нам выдзеліла два гады таму, — гаворыць Ганна Іванаўна. – Да гэтага жылі ў старэнькай бабулінай хаце. Зараз нам тут хо­раша, прасторна. Як толь­кі атрымалі ключы, муж са старэйшым сы­нам Максімкам узяліся за рамонт дома, змай­стравалі новы ганак, по­тым паступова пачалі пры­водзіць у парадак і двор. Выкапалі невялічкую сажалку, запусцілі туды карасікаў. Тут вельмі ба­лоцістая мясцовасць, таму без копанкі не абысціся. Плануем ля вадаёма па­ставіць аль­танку, зра­біць ад­мыс­ловую зону для ся­мейнага адпачынку. 

Задумак і планаў у сям’і Кручыкаў шмат. Як адзначыла гаспадыня, хочацца шмат чаго яш­­чэ зрабіць па до­браў­парадкаванні пад­ворка, пасадзіць дэ­ка­ратыўныя кусты, туі і разбіць яшчэ больш квет­ні­каў.

— Імкнёмся ўсё рабіць сваімі рукамі, — працягвае гаворку Ганна Іванаўна. – У мужа заробак невялікі, таму асабліва не шыкуем. Трымаем уласную гас­падарку, займаемся ага­ро­дам. Карову пакуль не адважваемся набыць, а вось некалькі свінак га­дуем. Нядаўна купілі тры прычэпы дроў і 6 тон брыкету, аддалі за якія немалую суму грошай. Хата вялікая, а эканоміць на паліве не прыходзіцца, таму што дзеці мерзнуць будуць. А якая зіма будзе, невядома! Добра, калі лагодная, без моцных маразоў ды сцюжы.

Памочнік у Ган­ны Іванаўны – гэта яе дванаццацігадовы сы­но­чак Максімка, які і ага­род палье, і дроў у хату пры­нясе, і за малодшай сястрычкай- непаседай  паглядзіць.  А калі ўся сям’я збіраецца разам, Ганна Іванаўна частуе сваіх родных пірагамі, якія ў яе адтрымліваюцца вельмі смачнымі.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!