Дыяментавае шчасце Васіля і Таццяны Братчукоў з Навалесся (Маларыцкі раён)

60 гадоў жывуць у радасці і горы Васіль Мікалаевіч і Таццяна Сцяпанаўна Братчукі з Навалесся. Абодва – надзвычай сціплыя, не прывыклі да ўвагі журналістаў і ўспышак фотакамер. Не часта ім даводзілася ў жыцці, якое прайшло ў штодзённых клопатах, фатаграфавацца. Калі і рабіліся фотаздымкі, то толькі падчас самых значных падзей. Таццяна Сцяпанаўна, як і падабае жанчыне, перад камерай прыхарошваецца.  Здаецца, што і не было гэтых гадоў, і перад намі стаіць чарнявая прыгажуня, на якую з непаўторнай пяшчотай і любоўю заглядваецца Васіль Мікалаевіч.

— Мы і не заўважылі, як прамільгнулі-праляцелі гэтыя гады, — з прыемнай усмешкай гаворыць жанчына. – Хоць жыццё і не было лёгкім, але ніколі не біліся, зрэдку  толькі сварыліся. Гэта зараз ад лайдацтва маладыя пачынаюць высвятляць адносіны, а калі што не так, дык адразу бягуць развод браць. Нам гэта рабіць асабліва не было калі, будаваліся, штодзень працавалі, гадавалі дзяцей. Ды і шлюб мы бралі не для таго, каб потым яго скасоўваць.

Пазнаёміліся яны выпадкова. Ва­сіль неяк зазірнуў на танцы ў вёску Хмялёўка. Там і ўбачыў Таццяну, якая жыла ў суседняй украінскай вёсцы Пішча. Толькі некалькі разоў яны спаткаліся, як аднойчы вечарам Васіль агарошыў дзяўчыну сваім прызнаннем: “Выходзь за мяне замуж, я заўтра сватоў засылаю”. Таццяна толькі адмахнулася рукой, не паверыўшы хлопцу. 

— Мне тады толькі што споўнілася 16 гадоў, — прыгадвае Таццяна. – Ні пра якое замужжа я нават і не думала. Хаця ўжо і працавала ў калгасе, зарабляла сабе на хлеб, не сядзела на шыі ў бацькоў.

Таццяна Сцяпанаўна закончыла толькі 4 класы, далей аб вучобе і размовы не вялося, патрэбна было дапамагаць бацькам, у якіх падрастала яшчэ трое дзетак. Трынаццацігадовай дзяўчынкай-падлеткам яна паехала на заробкі. Тры гады працавала на калгасных палетках, сеяла, палола, жала. Адным словам, дзяўчом не цуралася ніякай работы.

— Калі бяруць, дачушка, дык ідзі замуж, а то засядзішся ў дзеўках, — бласлаўляючы Таццяну на шлюб, ледзьве стрымліваючы слёзы, сказала маці.

Вяселле справілі ўзімку ў 1959 годзе. Перад тым, як распісацца, бралі дазвол у старшыні райвыканкама, таму што Таццяна была яшчэ непаўналетняй.

— Калі памяць не падводзіць, то раёнам тады кіраваў Яроменка, — расказвае Васіль Мікалаевіч. – Прыязна нас прыняў, нават жартаваў. Казаў, што калі будзем рабіць камсамольскае вяселле, – арганізуе нам музыку. Мы падзякавалі яму за прапанову, але ад музыкаў адмовіліся. Сціпла распісаліся ў Олтушскім сельвыканкаме, а потым абвянчаліся ў мясцовай царкве. Памятаю, падарылі нам тады 7 авечак і 36 рублёў.

— Сумеснае сямейнае жыццё мы пачыналі ў старэнькай, курнай хатцы, накрытай саломай, дзе жыла 80-гадовая бабуля і яшчэ дзве сястры мужа, — прыгадвае Таццяна Сцяпанаўна. – Бацькі Васіля рана памерлі і ён гадаваў яшчэ дзве малодшыя сястрычкі.

Маладая жонка адразу ўзваліла на свае слабенькія плечы ўсе клопаты па гаспадарцы. Уставала на досвітку, паліла ў печы, гатавала сняданак і абед, хуценька даіла кароў, а потым, выгнаўшы жывёлу ў статак, спяшалася на працу ў калгас. Муж працаваў у ПМК-8, таксама рана ехаў на работу і вяртаўся позна вечарам.

— Каб вы ведалі, колькі мы ў калгасе ў той час зараблялі, — гаворыць жанчына. – Працавалі, бадай, што за так. Як цяпер памятаю, за адзін працоўны дзень налічвалі 100 грамаў зерня. Уся работа была ручной, тэхнікі – мінімум. Удабрэнне і тое даводзілася раскідваць па полі людзям уручную. Расцэнкі па сённяшнім часе проста смешныя. Напрыклад, раскідаў удабрэнне на 14 гектарах, атрымаў за сваю працу 14 капеек. Некаторыя сёння скардзяцца, што,  маўляў, жыццё цяжкае. Не жылі яны ў наш час, што б тады гаварылі?

За штодзённымі клопатамі непрыкметна праляталі дні, якія спляталіся ў гады. Братчукі пабудавалі новы дом, справілі наваселле. Таццяна Сцяпанаўна пачала наводзіць прыгажосць і ўтульнасць у новай хаце, у светлых пакоях якой так звонка і радасна гучалі галасы траіх дзетак. Як толькі выпадала вольная хвілінка, гаспадыня бралася за вышыўку. Спраўна і лёгка шчыравала яна іголкай, выводзячы рознакаляровымі ніткамі бардовыя ружы, блакітныя званочкі, чырвоныя півоні. І зараз пакоі ў хаце ўпрыгожваюць ручнікі, сурвэткі ды падушкі, вышытыя крыжыкам і гладдзю. На сцяне вісяць карціны, над якімі таксама вышываючы, шчыравала працавітая гаспадыня. А на двары зіхаціць,  дагараючы восенькімі кветкамі,  палісаднік. Ля хлявоў грэюць на сонцы свае крамяныя бакі гарбузы. Не сядзяць без справы Братчукі, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост.

— Гаспадарку ўсю амаль звялі, гады бяруць сваё, — гаворыць Таццяна Сцяпанаўна. – На двары трымаем курачак ды гусей.

Галоўнае багацце для Братчукоў – гэта іх цяпер ужо дарослыя дзеці, 9 унукаў і 13 праўнукаў, якіх увішная Таццяна Сцяпанаўна любіць частаваць піражкамі з фасоллю. У бацькоўскай хаце іх заўсёды з нецярпеннем і радасцю чакаюць.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!