Мікалай Качанка:»Работа ў лесніка разнастайная і ў нечым нават рамантычная, а таксама творчая..» (Маларыцкі раён)

Ляснік  Маларыцкага лясніцтва Мікалай Качанка вось ужо трыццаць чатыры гады шчыруе ў лясной гаспадарцы. 

−3 дзяцінства я любіў лес, − гаворыць Мікалай Сцяпанавіч. − Мне падабалася там бываць у любую пару года, асабліва – восенню. Любіў збіраць ягады і грыбы, назіраць за прыродай. Яе прыгажосць у наваколлі в.Ляхаўцы заўсёды выклікала захапленне і замілаванне.

Пасля заканчэння васьмі класаў Ляхавецкай СШ Мікалай Качанка працягнуў вучобу ў Маларыцкім СПТВ-11. Набыўшы спецыяльнасць трактарыста-машыніста і слесара, уладкаваўся на працу ў мясцовы калгас  “Новы шлях”. Праз паўгода юнак быў прызваны на службу ў армію.  Пасля яе заканчэння зноў вярнуўся на працу ў родны калгас.

−Выпадкова даведаўся, што ў лясгасе ёсць  вакансія, −  кажа Мікалай Сцяпанавіч. −  Вырашыў ўладкавацца туды, куды цягнула з дзяцінства. Таму напрыканцы 1985 года стаў працаваць у ляснiцтве. Лес стаў важнаю часткаю майго жыцця. Спачатку працаваў рабочым, затым – на  трактары-цягачы на тралёўцы лесу. На гэтай пасадзе шчыраваў доўгі час. Чатыры гады таму  быў пераведзены на пасаду лясніка.

Абходы № 12 і 13, за якімі замацаваны Мікалай Качанка, раскіданы па мясцовасці. Іх агульная плошча больш за тысячу гектараў, значная частка  знаходзіцца ў пагранічнай паласе.  “Свой” лес ляснік даглядае беражліва, па-гаспадарску.  Мікалай Сцяпанавіч перакананы:  каб працаваць з душой, трэба любіць лес. Каб добра спраўляцца з абавязкамі, неабходна сумленна адносіцца да працы, быць уважлівым, вынослівым, бо працаваць даводзіцца і ў холад, і ў спёку. А яшчэ неабходна прытрымлівацца прынцыпу: жыць у гармоніі з прыродай, у згодзе з калектывам.

— Прыроду трэба берагчы, бо гэта − сапраўднае наша багацце. Нельга бяздумна знішчаць расліны, дрэвы, кусты… Для чаго гэта рабіць? Тое, што ўжо нароблена рукамі чалавека, добра відаць у Чырвонай кнізе.

— Мікалай Сцяпанавіч, кажуць, што работа ў лесніка аднастайная, з дня ў дзень адно і тое ж?

— Катэгарычна не згаджаюся з такой думкай. Работа ў лесніка разнастайная і ў нечым нават рамантычная, а таксама творчая, звязаная са зменай сезонаў у прыродзе… У абавязкі лесніка ўваходзіць перш за ўсё ахова лесу, абарона яго ад браканьераў, догляд лясных насаджэнняў, папярэджанне ўзнікнення пажараў. Леснікі таксама праводзяць лесанарыхтоўкі, ажыццяўляюць кантроль за якасцю іх правядзення, своечасовай рэкультывацыяй лясных угоддзяў, пасадкай на месцах высечкі старых дрэў маладых саджанцаў і інш. Лес – сапраўдная энцыклапедыя. Кожны дзень у лес хаджу як на нейкую незвычайную  выставу. Сёння адно ўбачыш, заўтра − іншае. А яшчэ  лес вабіць сваёй таямнічасцю ад кораня і да кароны, а таксама нечаканасцю. Ідзеш − і раптам пад ногі вожык выкаціцца на сцежку, вавёрачка спусціцца з дрэва, прабяжыць спужаны заяц…

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!