“Хаціславяне”: стварэнне і станаўленне калектыву (Маларыцкі раён)
Народнаму ансамблю народнай песні і музыкі “Хаціславяне” ўжо трыццаць адзін год. Ён быў створаны ў чэрвені 1988 года па ініцыятыве дырэктара Хаціслаўскага СДК Галіны Хомік. Галіна Іванаўна з’яўляецца не толькі заснавальнікам калектыву, але і нязменным яго кіраўніком, рэжысёрам, пастаноўшчыкам, сцэнарыстам і ідэйным натхняльнікам. Цяпер “Хаціславяне” – адзін з самых вядомых на Маларытчыне творчых калектываў, які вядзе актыўную канцэртную і гастрольную дзейнасць, прымае ўдзел у розных аглядах, конкурсах, фестывалях не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Народны ансамбль народнай песні і музыкі мае свой творчы почырк. За гады існавання калектыў стаў своеасаблівай візітнай карткай аграгарадка і нават раёна. Песенная творчасць калектыву багатая, самабытная, выдзяляецца шматграннасцю і непаўторным своеасаблівым каларытам.
У аснове рэпертуару – народныя беларускія, рускія, украінскія і мясцовыя песні ў апрацоўках. Кожны год ён абнаўляецца і папаўняецца новымі цікавымі творамі. “Хаціславяне” з моманту стварэння ўзнагароджаны амаль сотняю розных грамат, падзяк, дыпломаў. Яны атрыманы на творчых спаборніцтвах у Беларусі, на Украіне і ў Польшчы. У 1992 годзе за высокае выканальніцкае майстэрства “Хаціславяне” атрымалі заслужанае званне “Народны”. З таго моманту калектывам яно было пацверджана ўжо дзевяць разоў. У маі 2018 года “Хаціславяне” сталі ўдзельнікамі тэлепраграмы “Наперад у мінулае”, якая прысвечана спрадвечнай песеннай культуры Беларусі.
– Пачынаць было цяжкавата, – гаворыць Галіна Хомік. – Стварыць, як кажуць, з нуля і без падтрымкі прафесійны вясковы калектыў, паставіць яго на ногі, адшліфаваць выканальніцкае майстэрства – справа не аднаго дня. Аднак ад пастаўленай мэты ні пры якіх абставінах вырашыла не адмаўляцца. Былі, безумоўна, узлёты і падзенні, поспехі, перамогі і горыч расчараванняў, няўдач. Але ніколі рукі не апускала перад любымі перашкодамі. Многа гузакоў было набіта, пакуль стварыла тое, да чаго імкнулася, чаго хацела душа. А мне заўсёды хацелася радаваць песнямі сваіх гледачоў, дарыць ім радасць і шчасце.
Напачатку Галіна Хомік у Хаціславе паспрабавала стварыць невялікі фальклорны калектыў. Праз некаторы час на сцэне Хаціслаўскага СДК мясцовых жыхароў сваёй творчасцю стала радаваць “Хаціславяначка”. У ёй напачатку спявала толькі пяць жанчын. Звонкія, галасістыя, яны адразу кранулі гледачоў, заваявалі іх любоў, павагу і сімпатыю. З цягам часу калектыў стаў папаўняцца новымі ўдзельнікамі. У фармаце фальклорнага калектыву стала неяк цесна. Гэта як бы абмяжоўвала ў творчасці, не давала вышыні і шырыні палёту. Таму ў 2002 годзе ўзнікла ідэя перайменаваць яго ў народны ансамбль песні і музыкі. Разам з гэтым прыйшла і яго назва – “Хаціславяне”.
Гэта дало магчымасць не толькі выконваць фальклорныя творы, але і выкарыстоўваць інструментальную музыку, аўтарскія песні і апрацоўкі. У 2002 годзе ў калектыве з’явіліся мужчыны. Значны ўклад у развіццё, станаўленне і прафесійны рост “Хаціславян” унеслі Анатоль Барысюк і Эдуард Пішчык. Прыкметна пашырыўся рэпертуар калектыву. Ён шмат эксперыментаваў, шукаў свой шлях да гледача. Дзе яшчэ можна было убачыць, як не падчас выступлення “Хаціславян”, каб самадзейныя артысты ігралі не толькі на гармоніку, баяне, дудцы, кантрабасе, бубне, але і побытавых прыладах штодзённага ўжытку: збанах, вілках, пілах, маслабойках, качалках… Стваралася незабыўнае ўражанне. А як спявалі “творчыя жылкі” калектыву: Таццяна Жучок, Любоў Смаль, Лідзія Мірчук, Надзея Плашкевіч, Ева Саўчук, Рыгор Ківачук, Марыя Майсейчук, Еўдакія Дзірук, Марыя Зуева. Не менш “галасістымі” з’яўляюцца цяпер Валянціна Панчук, Вольга Ківачук, Алена Краўчук, Алена Мірчук.
– Галіна Іванаўна, рухаць культуру, няхай нават і ў аграгарадку, – цяпер справа нялёгкая. Ды і кашалёк ад гэтага не вельмі папоўніцца. Як вам удаецца вясковага жыхара разварушыць, каб ён вечарам прыйшоў на рэпетыцыю ці кінуў сваю гаспадарку і на некалькі дзён паехаў на чарговае фестывальнае выступленне? – цікаўлюся ў Галіны Хомік.
– Я нават не ведаю, як правільна адказаць на гэтае пытанне, – усміхаецца Галіна Іванаўна. – Такія ўжо мы і ёсць, “Хаціславяне”: згуртаваныя аднадумцы, якія гараць адной творчай ідэяй. Цяпер некаторыя з “Хаціславян” выступаюць і ў іншых калектывах, але знаходзяць час, каб выязджаць на гастролі ў складзе хаціслаўскага народнага ансамбля народнай песні і музыкі.
Нас цесна аб’ядноўвае фальклор, – працягвае Галіна Іванаўна. – У ім чэрпаем сілы і натхненне. Фальклорныя творы з’яўляюцца асновай рэпертуару нашага калектыву. У песнях і танцах у мастацкай форме выявіліся адчуванне прыгажосці жыцця, любоў да яго, а таксама эмацыянальнасць, вобразнасць, тэмперамент і характар народа.
…Між іншым, у сферы культуры Маларытчыны Галіна Хомік працуе з ліпеня 1988 года, калі і была назначана дырэктарам Хаціслаўскага СДК. Любімай справе жанчына аддае ўсе свае сілы, багаты вопыт, веды і вольны час. Можна толькі па-добраму пазайздросціць яе самаадданай працы, невычэрпнаму энтузіязму, жыццёвай энергіі, творчаму гарэнню. У Галіны Хомік і Вячаслава Краўчука, Віктара Галавія, Алены Чэрнікавай яшчэ шмат розных нерэалізаваных задумак, творчых планаў, ідэй, якія яны імкнуцца ўвасобіць на сцэне ў новых песнях, танцах, абрадавых пастаноўках.
Мікалай НАВУМЧЫК.