«Сваімі рукамі» Майстар-самавучка Васіль Радчанка з Макран (Маларыцкі раён)

Звычайныя бярвенні, пластыкавыя бутэлькі, аўтамабільныя шыны і нават металалом у руках майстра-самавучкі Васіля Радчанкі з аграгарадка Макраны ператвараюцца ў незвычайныя вобразы. Ча­го толькі на яго падворку няма: у драўлянай аль­танцы прыемна ад­­пачыць ці згу­ляць з сябрамі ў більярд альбо пасядзець на ла­вачцы ля копанкі, пакарміць ка­ра­сікаў і пастаяць на караблі “Лас­таўка”, які ўласнымі рукамі змайстраваў Васіль Іванавіч.

Карабель  — сапраўдны гонар гас­падара. Праўда, яго патрэбна яшчэ крышачку давесці да ладу.

— Мяркую на карме ўсталяваць вы­­разаную скульптуру ластаўкі, — расказвае пра свае задумкі гаспадар сядзібы, які здольны ўдыхнуць жыццё ў нежывое дрэва. – Тут жа будуць прымацаваны лавачкі, абгароджаныя парэнчамі з вяровак. Можна будзе плаваць па возеры, загараць і лавіць рыбу. А каб “Ластаўка” заўсёды была на плаву, пад дном карабля прымацаваў 40 дваццацілітровых пластыкавых каністр.

Дарэчы, тут жа, ля возера, паставіў Васіль Іванавіч прыгожую альтанку, непадалёк ад якой змайстраваў ад­мысловую вяндлярню у выглядзе па­равозіка, дзе таксама можна смажыць шашлыкі. Ёсць на двары ў Васіля Іванавіча і сапрадны фантан, зімой і летам радуюць вока пальмы, выразаныя з пластыкавых бутэлек. Планаў па добраўпарадкаванні свайго падворка ў гаспадара процьма.

— Гэта толькі пачатак, — заўважаючы маё захапленне, гаворыць мужчына. – Думаю зрабіць для сваёй “Ластаўкі” сапраўдны прычал, абуладкаваць пляцоўку для гульні ў тэніс. Ды толькі на ўсё не хапае часу.

Васіль Радчанка былы ваенны, пра­паршчык у адстаўцы. Як выйшаў на заслужаны адпачынак, прадаў у горадзе кватэру і разам з сям’ёй пераехаў жыць у Макраны. З таго часу Васіль Іванавіч і абуладкоўвае сваю сядзібу разам з жонкай Кацярынай Іванаўнай. Зрэшты, нават знаходзячыся на пенсіі, Васіль Іванавіч ні дня не сядзеў без працы. Вось ужо больш за дваццаць гадоў, як шчыруе ён у ААТ “Макраны”, спачатку працаваў майстрам-будаўніком, а зараз загадвае цэнтральным складам.                                                                                                                                            Матэрыялы для сваіх будучых вырабаў мужчына літаральна знаходзіць пад нагамі ці на звалцы. Напрыклад, са звычайнага  дрэва ён можа выразаць вавёрку, грыб і нават мядзведзя ў натуральны рост. Самыя галоўныя крытыкі і суддзі работ разьбяра — яго жонка Кацярына Іванаўна, а таксама любімыя ўнукі, для якіх і стараецца дзядуля.

— Хочацца пасля сябе нешта дыхтоўнае і прыгожае пакінуць сваім нашчадкам, — працягвае гаворку майстар. – Вельмі даспадобы працаваць з дрэвам —  практычным, эстэтычным і экалагічна чыстым  матэрыялам. Калі адчуваеш задавальненне і асалоду ад сваёй работы, зусім не стамляешся.

Таму калі выпадае вольная хвілінка, майстар бярэ ў рукі інструменты — долата, сякеру ці стамеску — і пачынае варажыць над чарговым персанажам.

— Вось на гэтага мядзведзя пайшло ўсяго некалькі дзён, — паказваючы на прыгожую драўляную скульптуру, кажа гаспадар. — Словам, выкарыстоўваю розныя пароды дрэва: ясень, дуб, асіну, алешыну, бярозу, ліпу. Не цураюся і таго, што проста валяецца пад нагамі. Напрыклад, збіраю ў лесе ягады ці грыбы, раптам бачу незвычайнай формы галінку ці корч і адразу ўяўляю вобраз будучага персанажа.

Васіль Радчанка — сапраўдны ча­раўнік, ад яго самабытных скульптур выпраменьваецца своеасаблівае цяпло і пазітыўная энергетыка. За­думак у гаспадара вельмі шмат. Здзіўляе іншае: як ён усюды паспявае.  У вольны час мужчына захапляецца рыбалкай, ходзіць у лес па грыбы ды ягады. Ды і гаспадарка, якую трымае сям’я Радчанкаў, патрабуе часу і сіл.

— Як жа інакш? — здзіўляецца гаспадар. — У нас і цяпліца свая, і агарод немаленькі, гадуем парсюкоў, разводзім трусоў, на падворку ходзяць курачкі. Раней і карову трымалі. Без сваёй гаспадаркі ў вёсцы і жыць сорамна.

На развітанне Васіль Іванавіч за­прашае завітаць да яго на наступнае лета, калі “Ластаўка” будзе “пры поўным парадзе”. Ловім гаспадара на слове.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  • 81
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!