Педагагічныя арыенціры Ніны Алесіюк (Маларыцкі раён)

Ніна Алесіюк – адзін са старэйшых педагогаў дадатковай адукацыі Маларытчыны. З дзецьмі яна працуе ўжо сорак тры гады. Шлях у педагогі Ніны Міхай­лаўны пачынаўся ў 1971 годзе. Гэты выбар быў усвядомленым і мэта­на­кіраваным. З будучай прафесіяй яна канчаткова вы­значылася яшчэ ў пачатковых класах. На дзяўчынку моцна паўплывала яе настаўніца Анастасія Васільеўна Хамічук. Урокі гэтага настаўніка заўсёды былі цікавымі і запамінальнымі. На іх вучні атрымлівалі не толькі неабходныя веды, умен­ні і на­выкі, але і вучыліся даб­рыні, спагадзе, шчырасці, узае­ма­да­­памозе. Таму Ніна Але­сіюк і ха­цела  ў будучым ва ўсім быць падобнай на сваю першую школь­­ную настаўніцу.

Пасля заканчэння Пажэ­жын-с­кай СШ Ніна Міхайлаўна ад­пра­вілася паступаць у Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. Аднак у дзяў­­чыны перад пачаткам экза­менаў быў нейкі ўнутраны страх, што можа не паступіць туды ву­чыц­ца.

— У сваіх ведах я была ўпэў­нена,  – гаворыць Ніна Алесіюк. – Перажывала толькі за тое, што не змагу здаць экзамен па музыцы. Да гэтага іспыту рыхтавалася сама, музычную школу не наведвала, бо яе ў вёсцы не было. Аднак хваляванні былі дарэмнымі. Пасля здачы экзамену мне параілі нават за­пісацца ў факультэцкі  хор і музычны ансамбль. За час вучобы нават трошкі навучылася іграць на піяніна і акардэоне (усміхаецца).

Далей было размеркаванне, першыя ўрокі, першая радасць і расчараванні.

– Мне вельмі хацелася хут­чэй пачаць сваю працоўную дзей­насць, – гаворыць Ніна Міхайлаўна. – Як кажуць, лічыла дні, спала і бачыла сябе ля дошкі з указкаю і падручнікам у руках.

Што не так усё проста ў жыц­­­ці, зразумела  тады, калі прыйшла працаваць у Вы­со­каўскую васьмігадовую школу Маларыцкага раёна.

Калі малады педагог зай­шла ў кабінет, дырэктар гэ­тай навучальнай установы Ва­лерый Жыгалаў сказаў, што яна… спазнілася. Таму будзе выкладаць  гісторыю і рускую мову ў пятым класе. Ніна Алесіюк здзівілася, але сваё хваляванне не паказала дырэктару. Унутрана яна пратэставала супраць па­чутага, аднак стрымала сябе ў руках. Выйшла з кабінета і, каб ніхто не пабачыў, расплакалася.

Калектыў Высокаўскай вась­мігодкі на чале з дырэктарам Валерыем Жыгалавым стварыў маладому педагогу ўсе не­абходныя ўмовы для працы. Шчырая даверлівая атмасфера спрыяла таму, што Ніна Міхай­лаўна хутка ўлілася ў новы ка­лектыў. Праз год Ніну Алесіюк перавялі працаваць па прафесіі.

— Я нарэшце стала настаўніцай пачатковых класаў. Але гэта было не зусім тое, да чаго рыхтавалася. Уявіце: малакамплектны клас, у якім 15 дзяцей. Але восем чалавек у ім — гэта  вучні першага класа, тры — другога, чатыры — трэцяга! Няпроста было працаваць у такім незвычайным класе. Не­абходна было майстэрства, каб і праграму выканаць, і не­абходныя веды даць кожнаму вучню. Найцяжэй было скласці правільны расклад. На адным уроку ў гэтым класе даводзілася адначасова выкладаць тры прад­­меты. Напрыклад, у пер­шым класе было маляванне, у другім – матэматыка, у трэцім — літаратурнае чытанне.

Любоў да дзяцей не адпускала маладога педагога і летам. Свой адпачынак Ніна Алесіюк пра­­водзіла сярод дзяцей – у міжкалгасным (раённым) азда­раўленчым лагеры “Бярозка” стар­шай піянерважатай. Хутка старанні маладога і актыў­на­­га педагога  заўважылі і ўзна­гародзілі граматай  Мініс­тэрства асветы СССР.

Пасля замужжа Ніна Міхайлаўна перавялася на працу ў Лукаўскую СШ. Тут уладкавалася намеснікам дырэктара па выхаваўчай ра­боце. Праз некалькі гадоў ма­ладая сям’я з двума малымі дзецьмі атрымала кватэру і пе­раехала на пастаяннае месца жыхарства ў Маларыту.

— Мне хацелася зноў уладкавацца ў школу, – гаворыць Ніна Але­сіюк. – Тагачасны началь-нік раён­нага аддзела адукацыі Люд­міла Гумінская сказала, што вакансій настаўнікаў пачатко-вых класаў у горадзе няма, але патрабуецца дырэктар Дома пія­нераў. Людміла Адамаўна сказала: “Папрацуеце год, а пас­ля перавядзецеся ў школу”. Я спачатку не згаджалася. Аднак неяк раённае начальства ўсё ж такі здолела мяне ўгаварыць. Так са жніўня 1985 года я стала ды­рэктарам Дома піянераў.

Дом піянераў узору 1985 го­да – гэта ўсяго некалькі па­кояў, шэсць чалавек у штаце,  трыццаць гурткоў.  У самім бу­дынку раней размяшчаліся спальныя карпусы  Маларыцкага дзіцячага дома. Паколькі будынак пазашкольнай установы быў узве­дзены яшчэ ў 1949 годзе, то яму патрабаваўся пэўны рамонт. Ім і занялася Ніна Міхайлаўна на новай пасадзе. Праз год яна зноў пайшла прасіцца на працу ў школу. У райкаме партыі жанчыне сказалі, што такія, як яна, патрэбны там, куды КПСС накіравала. Ніна Алесіюк нават расплакалася, а потым вырашыла, раз яе не адпускаюць, значыць, давяраюць, упэўнены ў тым, што справіцца з даручанай справай.

Яна на пасадзе дырэктара Дома піянераў імкнулася пра­цаваць старанна, удумліва, адказ­на. Агеньчык творчасці, натхнення і запалу пачаў па­сту­­пова разгарацца ў маладым кіраўніку.

На пасадзе дырэктара Дома піянераў (пазней – цэнтра па­зашкольнай работы,  цяпер –  раённага цэнтра дадатковай аду­кацыі дзяцей і моладзі) най­больш поўна і ярка праявіўся та­лент Ніны Алесіюк як кіраўніка. Дырэктарам яна шчыравала трыццаць чатыры гады, да лі­пеня 2019 года. Цяпер працуе  метадыстам у гэтай жа ўстанове адукацыі і па-ранейшаму жыве яе штодзённымі справамі і кло­патамі.

Калегі Ніну Алесіюк харак­та­рызуюць як працавітую, сціп­лую, добразычлівую, тактоўную, падкрэсліваючы яе дабрыню, спа­гаду, шчырасць. За гады працы яна здолела заслужыць павагу і аўтарытэт у калег, вуч­няў і іх бацькоў. У калектыве жан­чына з’яўляецца прыкладам у творчых адносінах да агульнай педагагічнай справы. Дзякуючы багатаму вопыту, Ніна Міхайлаўна ўмее знайсці агульную мову з дзецьмі любога ўзросту і заці­кавіць іх творчасцю.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 21
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!