Пасляваеннае дзяцінства, аддаленая вёска і гісторыя Валодзькі Кудраўцава ( вёска Заор’е, Маларыцкі раён)

Са старшынёй раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімірам Бойкам некалькі разоў збіраліся з’ездзіць у Заор’е – самы аддалены населены пункт Маларыцкага раёна. Ды ўсё неяк не выпадала: то надвор’е падводзіла, то яшчэ нешта здаралася. А тут атрымалася раптам усё спантанна, сабраліся і паехалі.  Дарога да Заор’я – малой радзімы Уладзіміра Андрэевіча —  няблізкая, больш за сорак кіламетраў толькі ў адзін бок. Каб не марнаваць дарма час, папрасіла Уладзіміра Бойку расказаць пра сябе, прыгадаць гады дзяцінства, што прайшлі ў Заор’і. Уладзімір Андрэевіч пачынае свой аповяд няспешна, быццам  з кожным прамільгнуўшым за шыбамі аўтамабіля кіламетрам усё далей і далей паглыбляецца ў свае ўспаміны.

Шлях у дзяцінства

— Здаецца, столькі гадоў прайшло, як пакінуў я сваё Заор’е, а душа так туды і рвец­ца, быццам нейкім магнітам цягне да роднага парога баць­коўскай хаты, хаця там ужо даўно ніхто не жыве, — гаворыць мой суразмоўца. – За сядзібай даглядаем удваіх з сястрой Нінай, якая пражывае ў Кобрыне. Там у любую пару года добра і хораша. Адчыняеш весніцы і нібыта зноўку трапляеш у далёкае і бесклапотнае дзяцінства.

1947 год… Нягледзячы на тое, што ўжо мінула два гады, як скончылася Вялікая Айчынная вайна, у ваколіцах Заор’я ды і іншых вёсак было вельмі неспакойна. Шасталі па лясах, хаваючыся ў балотах, бандыты, лютыя ворагі савецкай улады. Толькі і хадзілі чуткі сярод вяскоўцаў, што ў адным з суседніх сёлаў забілі мясцовага актывіста ці ва ўласным доме на вачах родных расстралялі старшыню сельвыканкама. У гэты неспакойны ды  супярэчлівы час, калі краіна толькі пачала адбудоўвацца і паўставаць з разрухі, у маладой сям’і Андрэя Бойкі нарадзіўся хлопчык, якому, жадаючы добрай долі, бацькі далі імя Уладзімір.

Вось у такой калысцы гадаваўся Уладзімір Бойка

Не было ў маленькага Валодзі прыгожых дарагіх цацак. Гадаваўся ён у калысцы, сплеценай ці то дзедам, ці то бацькам з лазы і падвешанай пад самую столь. Збіраючыся ў поле, маці брала калыску з дзіцяткам з сабой, ставіла ў халадку ды так і пра­цавала да самага вечара. Пра такое паняцце, як дэкрэтны ад­пачынак па доглядзе за дзіцём, тады і гаворкі не было. Хочаш не хочаш, а на працу ў калгас ісці трэба было. Рос Валодзька, як і ўсе дзеці, якіх у той час у Заор’і было шмат. Бегаў разам з сябрамі басанож па пыльных вясковых вуліцах, хадзіў па гры­бы ды ягады, а ўзімку гойсаў на драпках і з нецярпеннем чакаў таго часу, калі нарэшце пойдзе ў школу. У Валодзі была неадольная прага да ведаў, яго вабіла ўсё новае і нязведанае.

— У нашай вёсцы тады пра­ца­вала пачатковая школа, — прыгадвае Уладзімір Андрэевіч. –  Потым мясцовая ўлада пайшла насустрач вяскоўцам і адкрыла яшчэ два класы. Так я і закончыў 6 класаў у Заор’і, а вось у сё­мы – пайшоў у суседнюю вёску Бельск, што знаходзілася за сем кіламетраў. Там была толькі базавая школа. Атэстат аб  сярэдняй адукацыі атрымаў, калі закончыў Дывінскую СШ.

Штодзень юнак, нягледзячы на надвор’е, пераадольваў па 12 кіламетраў пехатой, каб атрымаць самае каштоўнае – веды.

— Каб не пайсці ў школу, пра­гуляць урокі, такога нават ніколі і ў думках не ўзнікала, — кажа Уладзімір Бойка. – Наадварот, было вельмі сорамна атрымаць дрэнную адзнаку. Ха­ця я ста­раўся вучыцца добра. Марыў паступіць у лінгвістычны ін­сты­тут, што ў Мінску, але бацька адгаварыў. Цяпер разумею, што ён меў рацыю: жылі мы небагата, а пражыць на стыпендыю ў сталіцы было вельмі цяжка.

Уладзімір Бойка закончыў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна, працаваў у Яст­ра­бельскай школе-інтэрнаце, вы­кладаў рускую мову і лі­та­ратуру ў Казахстане, затым ра­зам з сям’ёй вярнуўся на Ма­ларытчыну.

— Давялося працаваць мне ў той час намеснікам дырэктара СПТВ-11, дзе навучалася каля тысячы хлопцаў і дзяўчат, займаў пасады інструктара райкама партыі, намесніка старшыні рай­выканкама, узначальваў раённы аддзел сацыяльнай абароны рай­выканкама, а затым раённы Савет дэпутатаў, — расказвае Уладзімір Бойка. – Вось за размовай і не заў­важылі, як пад’ехалі да вёскі. Гэта – канал каралевы Боны, за ім знаходзіцца яшчэ адзін, як гавораць па-мясцоваму — Нізеўскі. А вось і Заор’е.

Хто яго ведае, напэўна, каб не прага да азартных гульняў памешчыцы з Хабовіч Вольгі Сушыльскай, то наўрад ці ўзнікла б тут вёска Заор’е. Ад­нойчы, гуляючы ў карты, пані паставіла ўмову, што ў выпадку пройгрышу выселіць 5 сялянскіх сем’яў за хутар Ор і прымусіць іх там абжывацца. Такім чынам з родных хат былі выселены сяляне Малафей Бледай, Кім Ярашук, Тамаш Бойка, Яў­сей Бойка, Раман Чаквін са сваімі роднымі. Памешчыца слова стрымала і выдзеліла перасяленцам у карыстанне18 дзесяцін няўдобіцы. Так і з’явілася за хутарам Ор вёска Заор’е. Прайшло з тых падзей шмат часу, а жывуць тут па-ранейшаму вяскоўцы, у якіх прозвішчы Бойка, Чаквін, Бледай і Ярашук.

Дзе нарадзіўся — там і згадзіўся 

Гэты крылаты выраз з поўным правам можна аднесці і да мясцовага жыхара Уладзіміра Міхайлавіча Бойкі. Уладзімір Міхайлавіч, які 50 гадоў таму нарадзіўся на гэтай зямлі, тут і застаўся, не здрадзіў роднай вёсцы, не паехаў у пошуках лёгкай долі ў вялікі ды тлумны горад. Разам з сям’ёй ён жыве ў бацькоўскай сядзібе, выхоўвае з жонкай траіх прыёмных дзе­так (свае даўно ўжо выраслі і па­­ляцелі ў свет з роднага гнязда), займаецца гаспадаркай і з’яўляецца старастам вёскі.

Уладзіміры Бойкі і Кацярына Бойка

Уладзімір Бойка сустракае нас на вуліцы. Шчыра прызнаюся, каб не Уладзімір Міхайлавіч, то можна было падумаць, што ў Заор’і няма ніводнай жывой душы, так усюды ціха і пуста, не чуваць нават сабачага брэху.

— Чаго здзіўляецеся? — прыемна ўсміхаючыся, пытае стараста. – У вёсцы зарэгістравана 36 чалавек, а пражывае і таго менш. Некаторых нямоглых старых дзеці забралі да сябе, а нехта дажывае свае дні на сацыяльным ложку ў бальніцы. Вёска ста­рэе, тут нічога не зробіш. Са­­маму пажылому жыхару Васілю Чаквіну —  88 гадоў, а самаму маладому, майму сы­ночку Уладзіку, споўнілася 5 гадкоў. Сёлета пойдзе ў дзіцячы садок. Праўда, не вельмі хоча бедалага, прывык ля матулі дома час бавіць. За дзецьмі, а ў нас яшчэ два школьнікі –гэта Даніла і Артур,  штодзень прыязджае школьны аўтобус.

Самыя маленькія жыхары Заор’я

Прыёмнай сям’ёй Уладзімір і Алена Бойка сталі некалькі гадоў таму, калі ўзялі на выхаванне трохгадовага Артура, якому зараз ужо 16 гадоў. На той час, калі трапіў у сям’ю, хлопчык быў настолькі занядбаны, што не ўмеў нават размаўляць. Але цеплыня і любоў прыёмных баць­коў здзейснілі цуд: Артур акрыяў і пачаў з кожным днём набірацца сіл і розуму. За  час, пакуль хлопчык жыве ў Заор’і, біялагічная маці ні разу не пацікавілася сынам.  Уладзімір Бойка адзначае, што дзецям тут вельмі добра: чыстае паветра і прадукты з уласнага агарода ідуць толькі на карысць хлопцам.

— Малако, смятана, сметан­ковае масла, мяса, яйкі, са­давіна і агародніна выключна толь­кі з уласнага падворка, — гаворыць Уладзімір Міхайлавіч.

– Трымаем карову, свіней, раз­водзім пародзістых авечак, з воўны якіх жонка потым вяжа цёплыя шкарпэткі.  Дарэчы, на ўсю вёску налічваецца адна карова, конь ды чатыры аўтамабілі. Каня яшчэ трымае Мікалай Чаквін. Жыццё ў нас ціхае, спакойнае. Два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. За вопраткай і іншымі таварамі ездзім у асноўным у Кобрын, таму што туды бліжэй і выбраць неабходнае ў магазінах ёсць з чаго.

Уладзімір Бойка адзначае, што зараз і ў Заор’і назіраецца вельмі станоўчая тэндэнцыя: на сваю малую радзіму вяртаюцца дзеці і ўнукі вяскоўцаў.  У многіх дамах ніхто не пражывае, але сядзібы дагледжаныя, у дварах трава скошана – гэта нашчадкі наводзяць чысціню і парадак на зямлі сваіх бацькоў.    

Васіль ды Ганна

Пабываць у Заор’і і не на­ведацца да яго доўгажыхароў Васіля Ільіча і Ганны Васільеўны Чаквінаў было б проста не­даравальна. Бабуля Ганна, се­дзячы на ганку, рэзала памідоры на салату.

— Ох, і ўрадзіла іх сёлета, не ведаю, што з імі рабіць, апошнія нават папякліся на сонцы, — бядуючы, кажа Ганна Васільеўна. – Дочкам колькі пааддавала. А зараз вырашыла на зіму зрабіць салату з памідорамі.

Дзядуля Васіль за хлявом вя­заў венік з бярозавых галінак, каб было чым двор падмесці. Рукі спраўна вязалі пруткі, відаць, за сваё доўгае і няпростае жыццё Васіль Ільіч не адзін ве­нік звязаў, не адзін дзясятак кошыкаў сплёў. Гледзячы на статную высокую постаць Васіля Чаквіна,  не паверыш, што праз два гады яму споўніцца дзевяноста. Нездарма Уладзімір Бойка падчас нашай размовы адзначаў, што жылі ў Заор’і сапраўдныя волаты-мужчыны, якія не баяліся і не цураліся нават самай цяжкай працы. Напэўна, так яно і ёсць. І вось адзін з сапраўдных волатаў і стаіць зараз перад намі. У свае гады дзядуля ездзіць на веласіпедзе, кажа, што не так даўно і на матацыкле мог праехаць.

— Лёс не бяруся спакушаць, як упаду дзе з матацыкла, дык і касцей маіх не пазбіраюць, -жартуючы, гаворыць мужчына.

Дзед Васіль і баба Ганна тутэйшыя. Нарадзіліся абое ў Заор’і,  бацькі жылі пабач, таму гадаваліся амаль што ра­зам. Праўда, Васіль Ільіч на сем гадоў старэйшы за Ганну Васільеўну. У абаіх толькі па чатыры класы адукацыі. Страшная доля выпала на іх пакаленне. Вайна забрала ў іх дзяцінства, і  дачасна пасталеўшыя падлеткі нароўні з дарослымі ішлі пра­цаваць у калгас, каб неяк пра­карміць сям’ю. Усё жыццё і Васіль Ільіч, і Ганна Васільеўна адпрацавалі  паляводамі. Дома трымалі вялікую гаспадарку, каб выгадаваць, падняць на ногі траіх дзетак, для якіх жадалі іншай, гарадской долі.

 Бабуля Ганна —  цудоўная вышы­вальшчыца, каруначніца і ткачыха. У пярэдняй хаце тканыя посцілкі пасцелены на ложкі, на якіх узвышаюцца падушкі з вышытымі навалачкамі. Такога хараства даўно нідзе не бачыла. Заўважыўшы маё захапленне ад вышыванак, бабуля Ганна кажа: “ Дык гэта не ўсе мае работы. Вышытыя гладдзю і крыжыкам карціны дочкі паздымалі са сцен і вынеслі ў старую бацькоўскую хату, маўляў, гэта цяпер не модна. Я прашу: забярыце тканыя пакрывалы, пуховыя пярыны ды падушкі, а яны адмаўляюцца, не хочуць браць”. І бабуля ў роспачы гаворыць: “Выкіну ўсё, калі родным дзецям не патрэбна тое, што начамі вы­шывала, ткала ды вязала”.

Каб перавесці гаворку на іншую тэму, пытаюся ў Чаквінаў, колькі гадоў пражылі яны разам, ці не пашкадавалі, што калісьці звязалі свае лёсы ў адзін.

— Сёлета на Міхала будзе 62 гады, як абвянчаліся, — пра­цягвае гаворку гаспадыня, і на вачах мяняецца, маладзее твар у Ганны Васільеўны. – Як хутка праляцеў час. Памятаю, старшыня калгаса спецыяльна даў грузавік, каб было на чым дабрацца на роспіс у Навасёлкі.

— Чатыры гады за ёй хадзіў, — кажа Васіль Ільіч. – Закахаўся адразу і назаўсёды. Ганна была вельмі прыгожай, статнай дзяўчынай, спраўнай да працы і вельмі руплівай. Толькі яе бацька ўсё ўпарціўся, не хацеў аддаваць дачку замуж. Дарма баяўся. Пражылі жыццё не горш за іншых.

— Хапала ў сям’і ўсякага, — адзначае бабуля Ганна. – Сварыцца сварыліся, чаго тут хаваць, а вось, каб даходзіла да бойкі, дык такога, дзякуй Богу, ніколі не было. Цяжкасцей хапала. Асаблівага заробку ў калгасе не было, выручала свая гаспадарка. Так і пражылі ў працы ды  павазе адзін да аднаго больш за 60 гадоў.

На развітанне просім, каб Чаквіны прыгадалі гісторыю часоў Вялікай Айчыннай вайны пра маленькага хлопчыка, якога партызаны пакінулі на вы­хаванне мясцоваму старасту Ан­тону Чаквіну.

— Дык  гэта пра Валодзьку Куд­раў­цава, — адзначае гас­падыня. – Я гэтага хлопчыка добра ведала, мы разам з ім гулялі, пасвілі статак. Ён мой равеснік. Я нарадзілася ў 1939 годзе, а Валодзя —  на год пазней. Мы з дзедам памятаем толькі тое, што казалі старэйшыя людзі. Гаварылі, што летам 1944 года, калі нашы войскі вызвалялі раён ад фашыстаў, у вёску прыйшлі партызаны. Разам з імі была жанчына. За адну руку яна трымала хлопчыка, а за другую — дзяўчынку. Хлопчыка пакінулі ў сям’і Антона Чаквіна, а дзяўчынку, нібыта адвялі ў суседняе сяло Руховічы (цяпер Кобрынскі раён). Ха­дзілі чуткі, што Валодзя —  сын аднаго з абаронцаў Брэсц­кай крэпасці, жонка якога вырва­лася з акружэння і была ў пар­тызанах.

Пасля вайны Валодзю ніхто не шукаў. Відаць, яго сапраўдныя бацькі загінулі. Антон і Ганна Чаквіны выхавалі хлопчыка як роднага сына, далі адукацыю. Уладзімір стаў вялікім чалавекам, закончыў Маскоўскі медыцынскі інстытут, там і застаўся жыць, атрымаў званне доктара медыцынскіх навук. Часта прыязджаў у Заор’е, на­ведваў сваіх бацькоў, якія яго выгадавалі. На жаль, у 45 гадоў Валодзі Кудраўцава не стала. Чулі, што застаўся ў яго сын, але ён сюды ніколі не прыязджаў.  А вось, як склаўся лёс дзяўчынкі, хутчэй за ўсё сястры Валодзі, нікому так і невядома.

Што ні хата, то свой самабытны майстар

Усё ж такі Заор’е не падобнае на іншыя вёскі. У кляновых вуліцах населенага пункта ёсць свой адметны каларыт. І надаюць яго схіленыя над студнямі жоравы, ажурныя драўляныя аканіцы і людзі — шчырыя працаўнікі, майстры-самародкі, што калісьці жылі і зараз жывуць у Заор’і. Сапраўды, тут што ні хата, то адмысловы ўмельца.

— Вось яшчэ стаіць кузня зна­камітага на ўсю ваколіцу каваля Васіля Ярашука, – расказвае мой праважаты Уладзімір Бойка. – Дзядулі даўно няма, а памяць пра яго ўмелыя рукі і сёння жы­ве.

Цудоўным сталяром быў і бацька Уладзіміра Андрэевіча — Андрэй Бойка. Не было роўных у майстэрстве і трактарысту-ардэнаносцу Міхаілу Ярашуку, у госці да якога мы і завіталі. Нягледзячы на ўзрост, а дзядулі 2 лістапада споўніцца 85 гадоў, Міхаіл Мікалаевіч, абапіраючыся на кій, паціху тупаў па двары.  Дзядуля жыве адзін, гадоў 6 таму памерла жонка. Добра, што дзеці побач. Дачка Лідзія і сын Віктар жывуць у Заор’і, а яшчэ адзін сын Генадзь — у Брэсце. Дзядуля з гонарам адзначае, што Генадзь – ваенны, інструктар па парашутным спорце, зараз ён на  вучэннях у Расіі.

— Летась яшчэ ў грыбы хадзіў, а сёлета ўжо не здужаю, — адзначае дзядуля. – Ды і дзеці сварацца, каб у лес ні нагой. Так і швэндаюся па двары, пакуль яшчэ цёпла ды хораша.

Больш за трыццаць гадоў адпрацаваў механізатарам у СВК “Дарапеевічы” Міхаіл Мі­калаевіч. У свой час ён за­кон­чыў трохмесячныя курсы трактарыстаў пры МТС. Першым трактарам Міхаіла Ярашука была велізарная непаваротлівая махіна, што рухалася яшчэ на жалезных колах.

— Аралі, сеялі і днём, і ноччу, — успамінае мужчына. – Асабліва папулярнымі былі начныя змены. У кабіне трактара пыльна і душна. Ніхто ні пра якія кандыцыянеры тады і не чуў. Іх яшчэ, напэўна, не існавала. Працавалі без пе­радыху. Некалькі хвілін на пе­ракус, і зноў за працу.

Праца мясцовага механізатара не засталася незаўважанай —  дзядуля ўзнагароджаны «Знакам Пашаны», ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За доблесную працу”, а таксама шматлікімі граматамі. У вольны час дзядуля любіў плесці кошыкі, свае навыкі ён перадаў сыну Віктару, які да таго ж яшчэ і заўзяты рыбак ды грыбнік.

Шчырыя і працавітыя людзі жылі і жывуць у Заор’і.

— Хоць і цяжка працавалі мае зямлякі, але як хораша, з густам, і весела ўмелі адпачываць, — кажа Уладзімір Бойка. – На святы варылі ў Заор’і піва, збіраліся ўсёй талакой і ладзілі танцы. Гралі на гармоніках, самаробных бубнах ды скрыпках. Ішлі ў скокі і старыя, і малыя.

І ляцела музыка да самага неба, і весялілася вёска, не адчуваючы дзённай стомы. І нават зоркі зайздросцілі людзям і знічкамі падалі з цёмнага пра­доння, каб пакупацца ў росных лугах Заор’я. Асабліва прыгожа і напеўна было жнівеньскімі вечарамі, калі жніво закончана, а да ўборкі іншых сельгаскультур яшчэ не прыступалі.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  • 2
  • 34
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!