Фотападарожжа  ў  прасторы і часе: гарадскі  стадыён

Гарадскі стадыён у Маларыце быў адкрыты ў 1958 годзе. Ён узводзіўся некалькі гадоў.

Раённая газета “Сцяг Перамогі” за 14 чэрвеня 1956 года на гэты конт надрукавала такую інфармацыю: “У цэнтры гарадскога пасёлка ў зручным месцы ідзе будаўніцтва  стадыёна. З мэтай паскарэння будаўніцтва працоўныя  прадпрыемстваў і ўстаноў  прымаюць актыўны ўдзел у выкананні работ. Па ініцыятыве партыйных, прафсаюзных і камсамольскіх  арганізацый на будаўніцтве стадыёна арганізоўваюцца суботнікі і нядзельнікі, у якіх актыўна ўдзельнічаюць калектывы райфа, райана, аддзела культуры, навучэнцы вучылішча механізацыі і інш.” У райгазеце за 13 жніўня 1960 года маларытчанін М.Касачук піша аб тым, што калі праходзіш міма стадыёна, то міжволі спыняешся…, бо бачыш там свойскую жывёлу. Яна часта заходзіць сюды, каб паскубсці траву. “Гэта адбываецца па той прычыне, што стадыён неагароджаны. Ранейшы плот параскідалі камунгасаўскія будаўнікі. Замест старога яны яшчэ з восені мінулага года абсталёўваюць новы плот. Але пакуль што, акрамя слупоў, нічога не зроблена…”

Сучасны мадэрнізаваны выгляд стадыён г.Маларыта набыў у 2008 годзе. На тэрыторыі, што мае больш за 15800 кв.м., размешчана футбольнае поле (памеры 105х68 м). Трыбуны стадыёна абсталяваны сучаснымі пластыкавымі сядзеннямі і разлічаны на 884 месцы. Цэнтральная трыбуна, якая складаецца з 270 пасадачных месцаў для балельшчыкаў, абсталяваная навесам, абараняе ад непагадзі і прамянёў сонца.

На стадыёне таксама ёсць бегавыя дарожкі даўжынёй 400 метраў, сектар для штурхання ядра, яма для скачкоў у даўжыню. У адміністрацыйна-бытавым будынку знаходзяцца судзейскі пакой, метадычны кабінет, распранальні, душавыя кабінкі, прыбіральні. На базе стадыёна ажыццяўляе работу ўстанова “Маларыцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб”.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Таксама чытаць па тэме:

Маларыта — горад, што ў сэрцы жыве

Фотападарожжа ў прасторы і часе: чыгуначны вакзал

Поделиться:
  •  
  • 10
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!