Жыццё благачыння

— Таінства Саборавання ў Свята-Мікалаеўскай царкве г.Маларыты адбудзецца 10 сакавіка (пачатак у 9.00) і 31 сакавіка (пачатак у 17.00).
— Айцец Мікалай Кудласевіч прыняў удзел у рабоце Епархіяльнага савета, дзе разглядаліся надзённыя пытанні жыццядзейнасці царквы.
— Праваслаўныя храмы благачыння, што з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, знаходзяцца ў г.Маларыце, вёсках Гвозніца, Дарапеевічы, Ляхаўцы, Олтуш, Хаціслаў і Чарняны.
— У Свята-Прэабражэнскай царкве в.Хаціслаў захоўваюцца часцінкі мошчаў 13 святых-угоднікаў Божых, а Свята-Мікалаеўская царква 25 лютага 2006г. набыла абраз святых святых айцоў Іова і Амфілохія Пачаеўскіх з часцінкамі іх мошчаў.
— Мясцовыя праваслаўныя абразы, што  асабліва ўшаноўваюцца, ёсць у храмах г.Маларыты, вёсках Лукава і Дарапеевічы.
— Першае прастольнае свята пасля асвячэння епіскапам Іаанам (14.10.2009г.) адбылося ў храме у гонар свяціцеляў Васілія Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Златавуста в.Радзеж.
— Айцец Мікалай Кудласевіч не так даўна вярнуўся з Масквы з праваслаўнага прадстаўнічага форуму. Ён быў у ліку тых больш чым пяці тысяч чалавек, што бралі ўдзел у XVIII Міжнародных Калядных адукацыйных чытаннях ”Практычны вопыт і перспектывы царкоўна-дзяржаўнага супрацоўніцтва ў вобласці адукацыі”. Гэтае мерапрыемства праводзілася па сямі асноўных накірунках і стала адной з самых значных і цікавых падзей у жыцці праваслаўнай царквы і тых, хто зацікаўлены ў маральным адраджэнні школы, пошуках шляхоў выхаду з духоўнага тупіка і аздараўленні грамадства, асабліва – маладога пакалення. Толькі сумеснымі намаганнямі царкоўных, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў можна пазбегнуць аднабаковасці і абмежаванасці  ў меркаваннях па гэтай надзвычай актуальнай і злабадзённай праблеме, пачаць выпрацоўку агульных пазіцый, якія грунтуюцца на спрадвечных каштоўнасцях… Акрамя таго, на чытаннях выступіў мітрапаліт Філарэт з дакладам на тэму: “Сучасны стан і перспектывы развіцця духоўнай адукацыі ў Беларусі”. Уладыка засяродзіў увагу ў сваёй прамове на ўзаемадзеянні царквы са свецкім грамадствам і дзяржавай у адукацыйнай сферы.
— У аблвыканкаме адбылася сустрэча духавенства Брэстчыны з кіраўніцтвам вобласці. На яе быў запрошаны і благачынны цэркваў нашага раёна айцец Мікалай Кудласевіч. Па яго словах, у час амаль чатырохгадзіннага мерапрыемства абмяркоўваліся розныя пытанні супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння дзяржавы і царквы: нявырашаныя праблемы з рэлігійнымі суполкамі (гэтая праблема актуальная на сённяшні дзень і для нашага раёна), рэстаўрацыя і будаўніцтва храмаў, аказанне дзяржаваю большай дапамогі прыходам, духоўнага адраджэння і маральнага выхавання членаў грамадства, падтрымка  праваслаўя, барацьба супраць сект, шматлікія гаспадарчыя і фінансавыя пытанні, вырашаць якія даводзіцца свяшчэннаслужыцелям.
Айцец Мікалай падкрэсліў, што на сустрэчы было адзначана: адной з найважнейшых задач царква лічыць актывізацыю місіянерскай працы сярод моладзі з тым, каб паменшыць такое сацыяльнае зло, як п’янства, наркаманію, сіроцтва пры жывых бацьках. Благачынны  акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што ў час шматдзённых пастоў дзецям у  школьных сталовых неабходна прадугледжваць  посныя сняданкі і абеды, бо такіх дзяцей у любой установе адукацыі не адзін і не два чалавекі. Акрамя таго, прагучала прапанова, каб ва ўсе дні праваслаўных Каляд дзеці былі на канікулах.
— Віншаванні з Днём нараджэння ад прыхаджан нядаўна прымалі айцец Мікалай Кудласевіч (г.Маларыта) і айцец Анатоль Дударчук (в.Арэхава).
На здымку: айцец Мікалай, благачынны цэркваў Маларыцкага раёна.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!