“Працаваць дрэнна мне сорамна”

У калектыве ААТ “Мала­рыцкі кансервавагарод­ніна­сушыль­ны камбінат” многа моладзі. Пра гэта з гонарам гавораць на прадпрыемстве. У спісе лепшых — і імя Надзеі Самасюк, якая працуе стэрылізатарам.
— Гэта – адказная пасада, — кажа Валянціна Грыгарук, начальнік тэхналагічнага аддзела. – Стэрылізацыя – заключны этап тэхналагічнага працэсу кансервавання, які прадугледжвае розныя ступені награвання прадукта, каб ліквідаваць мікраарганізмы, што псуюць выраб. Ад Надзеі Аляксандраўны ў многім залежыць, якім будзе прадукт, яго смак, выгляд, колер, як доўга ён зможа захоўвацца. Таму што эфектыўнасць стэрылізацыі кансерваў залежыць ад некалькіх узаемазвязаных паказчыкаў. А для гэтага трэба асаблівая пільнасць, увага і добрасумленасць таго, хто за такі працэс нясе адказнасць. На пасаду стэрылізатара заўсёды назначаюцца толькі старанныя людзі, тыя, хто бездакорна выконвае даручаную справу, выдатна ведае тэхналагічны працэс і яго асаблівасці.
Надзея Самасюк на камбінат прыйшла ў лістападзе 2005г. і адразу стала працаваць рабочай кансервавага цэха, затым – у цэху дзіцячага харчавання, дзе была назначана здатчыцай гатовай прадукцыі. А ў пачатку 2010г. кіраўніцтва камбіната прапанавала жанчыне пасаду стэрылізатара. Падумаўшы, яна згадзілася. Вось ужо амаль 2 гады Надзея Аляксандраўна даводзіць прадукцыю да патрэбнай кандыцыі. І робіць гэта заўжды шчыра, пакідаючы ў кожным слоічку частачку сваёй душы.
-Што рабіў бы любы з нас, калі б у магазіне купіў нейкі няякасны прадукт харчавання? – пытаецца Надзея Самасюк і сама дае адказ: — У першую чаргу выказаў бы сваё абурэнне, можа, патэлефававаў бы на прадпрыемства, якое выпусціла такі бракаваны прадукт. У чалавека сапсаваўся б настрой. Мне ж хочацца, каб людзі, якія адкрываюць слоічак з нашай прадукцыяй, заўжды адчувалі выдатны смак, асалоду і задавальненне ад таго, што яны спажываюць. Працаваць дрэнна мне сорамна. З дзяцінства бацькі навучылі любую справу, вялікую і малую, даводзіць да толку.
На здымку: Надзея Самасюк, стэрылізатар кансервава­гароднінасушыль­нага камбіната.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!