Фотападарожжа ў прасторы і часе: гасцініца «Юбілейная» (Маларыта)
Многія госці адзначаюць прыгажосць нашага райцэнтра. Тут утульна, чыста, стыльна, дагледжана. Асаблівы шарм райцэнтру цяпер надае плошча. Але так было не заўсёды. Плошча горада змяніла свой выгляд, калі Маларыта рыхтавалася да абласных «Дажынак», якія прайшлі ў верасні 2010 года.
Раней на месцы гасцініцы “Юбілейная” размяшчаўся будынак, узведзены яшчэ ў 1935 годзе для школы. У гады вайны ў ім размяшчаліся нямецкія салдацкія казармы і канюшні. Затым да 1967 года ў будынку была Маларыцкая сярэдняя школа. З 1967 па 2009 гады ў ім была школа рабочай моладзі, пасля – вучэбна-вытворчы камбінат, таварыства інвалідаў “Радуга”, унітарнае вытворчае прадпрыемства “Дзіона” грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”. Некаторы час у будынку размяшчалася таксама дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Маларыцкага раёна.


Трохпавярховая гасцініца “Юбілейная” расчыніла свае дзверы для наведвальнікаў 13 студзеня 2010 года. Цяпер у ёй 46 ложка-месцаў у 31 утульным нумары. Тут ёсць кафэ, цырульня… Сваю назву гасцініца атрымала па прапанове раённага савета ветэранаў у гонар 65-годдзя Перамогі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З моманту адкрыцця ў гасцініцы ўжо пабывалі прадстаўнікі больш чым дваццаці краін свету, у тым ліку –Кітая, Індыі, Турцыі, ЗША, Італіі, Аўстрыі, Германіі, Грузіі, Расіі, Украіны і інш.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Іншыя паблікацыі:
Маларыта — горад, што ў сэрцы жыве