90 гадоў Марыі Сцяпанаўны Смаль (Маларыцкі раён)

7 лістапада Марыя Сцяпанаўна Смаль адзначыла 90-гадовы юбілей. Нягледзячы на даволі такі шаноўны ўзрост і няпросты лёс, які жанчыне  быў наканаваны, Марыя Сцяпанаўна не страціла бадзёрасці і цікавасці да жыцця. На няпростым шляху яе хапала і калдобін, і кветак. Пакуль мы размаўлялі з Марыяй Сцяпанаўнай, седзячы ў яе светлым утульным пакойчыку, сцены якога скрозь увешаны абразамі, яна ніводнага разу не паскардзілася на цяжкі лёс, наадварот, усё дзякавала Богу, што даў ёй дажыць да такіх гадоў, падарыў дзяцей, унукаў ды праўнукаў. Нягледзячы на ўсе перыпетыі лёсу, яна — шчаслівая жанчына. Зараз за сваёй матуляй даглядае малодшая дачка Наталля.

— Як добра ў такіх га­дах заставацца пры па­мяці і валодаць сабой, сваім целам, — дзеліцца думкамі бабуля. – Ногі самі ходзяць, рукі пакуль працуюць. Што яшчэ ў мае гады лепшага патрэбна. Дзецям клопату асаблівага не ствараю. Радуюся кожнаму новаму дню, кожнай пражытай хвіліне.

Марыя Сцяпанаўна на­ра­дзілася ў звычайнай сялянскай сям’і ў вёс­цы Хаціслаў. Гэта быў далёкі 1929 год. Баць­коў сваіх яна не памятае. Спачатку не ста­ла маці,  потым на той свет пайшоў і бацька. 

— Гадавала мяне і брата старэйшая сястра Прас­коўя, — узгадвае ба­буля. – Цяжка ёй было з намі. Калі падрасла,  сама сабе стала зарабляць на кавалак хлеба, батрачыла па суседніх вёсках, пасвіла кароў,  працавала ў полі.

Цяжкае, змрочнае, на­паў­­га­лоднае дзя­цінст­ва перажыла Марыя Сця­панаўна. У школу яна не хадзіла, потым  сама навучылася чытаць,  пісаць і,  як жартуе бабуля,  грошы лічыць.

Калі грымнула Вялікая Айчынная вайна,  Марыйцы споўнілася толькі 12 гадоў.

— Пра вайну памятаю толькі тое, як хаваліся ад немцаў, жылі ў зямлянках, асабліва цяжка даводзілася зімой, але неяк выжылі. Бывала, што вясной варылі і елі лебяду,  — расказвае Ма­рыя Сцяпанаўна. – А як жа страшна было, калі палілі нашу вёску Ха­ціслаў. Фашысты ха­дзілі з агнямётамі і пад­­пальвалі хаты. Чорны дым стаяў над вёскай.

Нялёгка жылося і пасля вайны. Паўсюль разруха, голад і нястача. Калі быў створаны калгас, Марыя Сцяпанаўна працавала спачатку ў паляводах, потым стала даіць кароў і на ферме шчыравала да самай пенсіі. У 1951 годзе вый­шла замуж за Пятра,  які жыў у Сушытніцы. Родныя маладых хоць і сціплае, але зладзілі вяселле. Марыя і Пётр абвянчаліся ў царкве, даючы клятву перад Усявышнім у ладзе ды згодзе  пражыць разам усё жыццё, у любові і павазе да блізкіх выхоўваць дзяцей. Так яно і атрымалася. Чацвярых дзяцей вывелі ў людзі Марыя Сцяпанаўна і Пётр Васільевіч,  на сваім баць­­коўскім прыкладзе на­­вучылі дачок і сыноў жыць годна,  каб потым не сорамна людзям ў вочы глядзець было.

Пакуль дзеці падрас­талі, каб малыя ні ў чым не ад­чувалі патрэбу, не горш былі апранутыя за іншых хлопчыкаў і дзяў­чынак, Марыя Сцяпа­наўна  бралася ў калга­се за любую працу. І сена касіла нароўні з муж­чынамі, і жыта жала, і кароў даіла ўручную. І на сваёй гаспадарцы паспявала ўпраўляцца. А калі выпадала вольная ад працы хвілінка, жанчына садзілася за вы­шыванне або вязала на прутках. Нават зараз бабуля не карыстаецца акулярамі,  можа ўцягнуць ніт­ку ў іголку і заўсёды чытае раён­ную газету “Голас часу”.

Здароўе Марыю Сця­па­­наўну сур’ёзна пачало пад­во­дзіць гадоў 15 таму, калі на 78-м годзе жыцця памёр муж. Стрэс, выкліканы стратай блізкага чалавека, справакаваў высокі ціск, ад якога і сёння пакутуе жанчына.

— Бывае, што ноччу не спіцца, — кажа бабуля. – Закрыеш вочы,  і паплылі, пабеглі ўспаміны. Многае прыгадваецца. Здаецца, няблага тады было, хоць і цяжка ды многа пра­цавалі, але сённяшняму пакаленню намнога лепей жыць. Зойдзеш у краму, купляй, што душа пажадае. У вёсцы людзі жывуць, як у горадзе, з выгодамі. Што яшчэ патрэбна? Такога дастатку ў мой час не было.

Лёс усё жыццё нібы­та вы­прабоўваў Марыю Сцяпанаўну на вынослівасць,  падносячы жанчыне сур’ёз­ныя іспыты. Трэба ж было здарыцца тако­му ня-шчасцю: на дзявятым дзясятку гадоў  бабуля Марыя няўдала ступіла і паламала нагу.

— Тады ўрач адназначна ска­заў, што маці без аперацыі  хадзіць больш не бу-дзе, — расказвае дачка Любоў. – Але матуля адмовілася. Каля паў­года наша бабуля праляжала ў ложку, а потым пакрысе па­чала ўставаць з пасцелі.

Ёй было вельмі цяж­­ка. Але Марыя Сця­паўна цвёрда ўпэў­нена, што пакуль рухаешся, нешта робіш – жывеш, а калі зляжаш, тады, лічы, што ўсё прапала. Вучылася хадзіць бабуля з дапамогай хадункоў, крок за крокам пераадольваючы боль у назе. Зараз Марыя Сцяпанаўна ходзіць, абапіраючыся на кіёк.

Сёмага лістапада ў прасторным доме, дзе жыве Ма­рыя Сцяпа­наўна,  сабралася ўся яе вялікая і дружная сям’я, а гэта чацвёра дзяцей, 8 унукаў і 12 праўнукаў, каб павіншаваць самага дарагога і любімага на свеце чалавека з 90-гадовым юбілеем і пажадаць сваёй матулі, бабулі і прабабулі яш­чэ доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  • 22
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!