Колькі каштуе першы год жыцця дзіцяці?

Нараджэнне дзіцяці – цуд, і, як правіла, гэты цуд заўсёды чакаюць з нецярпеннем. Гэта і зразумела: новае жыццё на радасць усім родным. Але, як і кожны чалавек, і гэты маленькі камячок ужо з першых хвілін жыцця мае нейкія патрэбы. Хоць ён яшчэ і маленькі, але таксама павінен есці, быць апранутым і г.д. І на ўсё гэта, вядома ж, патрэбны грошы. А ў наш час – немалыя. Сустрэўшы аднойчы сваю знаёмую, яе расказам была крыху збянтэжана. Чаму, запытаецеся? Яна расказала аб тым, як хадзіла з маленькім сынам (хлопчыку паўтара года) набываць для яго самае неабходнае адзенне на зіму (куртку). Калі сказала мне суму грошай, якую за гэта аддала, у мяне быў амаль шок. “Ну і ну!” – падумалася мне. – Ды і сапраўды, хлопчыку няма і двух год, а цэны на адзенне і абутак для яго як для дарослага! Гэтая тэма не пакідала мяне на працягу некаторага часу, і мне захацелася даведацца, колькі ўвогуле каштуе першы год жыцця дзіцяці? З гэтым пытаннем і накіравалася па магазінах, напярэдадні пацікавіўшыся ў знаёмых, што ў цэлым самае неабходнае патрэбна дзіцяці з першых хвілін жыцця. Цэны на неабходныя рэчы мяне вельмі ўразілі:
Каляска – 1,8 млн.; дзіцячы ложак – 1,5 -1,8 млн.; пялёнкі (мінімум 10 штук) – 7800; распашонкі (мінімум 10 штук) – адна каштуе 9350; касцюмчык -52000 – 70000; бразготкі – 7000 і вышэй; шкарпэткі – адна пара каштуе 9820; паўзункі – адны 12000; памперсы – адзін каштуе 2840; дзіцячая касметыка (шампунь, крэм, прысыпкі) – каля 60000; дзіцячыя калготкі – 35000; шапачка – адна 50000 (цёплая), больш халодная – 30000; дзіцячае харчаванне – ад 10000 і г.д.; пустышка – 27000; дзіцячая бутэлька – 70000; куртка – 350000; абутак – 140000.
Ну, што, падлічылі? І гэта толькі самы мінімальны набор. А калі па праўдзе казаць, дык патрэбна ў два разы больш. І гэта толькі першы год жыцця маленькага чалавечка, але, як гавораць, чым далей, тым болей. Безумоўна, нельга забываць і тое, што сёння дзяржава таксама падрымлівае матуль у матэрыяльным плане, але ж гэтага ўсё ж недастаткова. Напэўна, і ў гэтым таксама хаваецца прычына таго, што сёння не надта моладзь жадае нараджаць дзяцей. Аднойчы, у час лекцыі ва ўніверсітэце, міжволі стала сведкай адной размовы паміж дзяўчатамі, адна з якіх была цяжарная. Дык вось гэтая будучая мама расказвае сваёй сяброўцы аб усіх нюансах свайго цікавага стану, а сяброўка, напэўна, вырашыла яе суцешыць і так спачувальна кажа: “Так, тваё жыццё ўжо заканчваецца, цяпер і сукенку новую сабе не купіш, у першую чаргу будзеш аб дзіцяці думаць”. Дзяўчыны яшчэ крыху паразважалі, а мне падумалася: а яна мае рацыю. Таму так часта і гавораць нам: “Не спяшайцеся, пажывіце для сябе!” Ды тут ужо кожны вырашае сам! А я, наведаўшы магазіны і пацікавіўшыся цэнамі на дзіцячыя рэчы, вырашыла пагутарыць яшчэ і з матулямі, якіх сустрэла ў магазінах, наконт таго, ці хапае ім грошай на гадаванне дзяцей і ці ўсім “па кішэні” такія цэны?
Алена, маці трох дзяцей:
— У мяне трое дзяцей: хлопчык і дзяўчынка — вучні старэйшых класаў, а самаму маленькаму толькі два гады. Зразумела, што той зарплаты, што я і муж атрымліваем, не хапае на дзяцей, бо цэны цяпер завоблачныя, але ж жыць патрэбна. Нас выратоўвае тое, што нам дапамагаюць мае і мужа бацькі, а так нават і не ведаю, як бы жылі. Мы і так стараемся купляць толькі самае неабходнае. Але калі заходжу ў магазін з дзецьмі, сэрца пачынае балець. Разумею, што ім, безумоўна, хочацца нечага салодкага, але купіць не магу, бо жывем ад зарплаты да зарплаты. Таму ў магазіны з дзецьмі стараюся не хадзіць (расказваючы, жанчына аж заплакала — аўтарскае).
Таццяна, маладая мама:
— Маёй маленькай дачцэ толькі тры месяцы, але ўжо цяпер шмат чаго патрэбна. Калі яшчэ была цяжарная, ужо прыцэньвалася і зразумела, што цэны вялікія. А атрымаўшы спіс, што патрэбна набыць у радзільны дом, увогуле была шакіравана. Патрэбныя рэчы мне абыйшліся амаль што ў мільён. Мы з мужам загаддзя нічога не куплялі для дачушкі, а пасля выпіскі з бальніцы, не ведалі за што ўхапіцца. Дзякуй, дапамаглі бацькі мае і мужа. Адна бабуля з дзядулям падаравалі каляску, а другія ложак дзіцячы. Гэта значная дапамога.
Святлана, мама двух дзетак:
— У мяне два хлопчыкі (8 і 5 год). Я не скажу, што ў нашай сям’і востра стаіць матэрыяльнае пытанне, але і лішняга нічога не купляем. Вядома ж, цэны, параўноўваючы з мінулым годам, дастаткова выраслі. Сёння куртка на хлопчыка каштуе амаль у два разы больш, чым год назад, але ж і заработную плату паднялі. І я ўвогуле не разумею, навошта купляць дзіцяці некалькі куртак альбо сукенак, а потым скардзіцца, што няма грошай?
Людміла, мае дачку:
— Шчыра кажучы, тых грошай, якія мы атрымліваем, катастрафічна не хапае, таму, напэўна, менавіта з-за гэтага ў мяне толькі адно дзіцяці. Знаёмыя часта пытаюцца, чаму мы з мужам не хочам другое дзіцяці? У адказ толькі ўсміхаемся, а на самой справе мы хочам другое дзіцяці, але, на жаль, зусім не ўпэўнены, ці лёгка нам будзе гадаваць яго, улічваючы наш невялікі сямейны бюджэт. Цяпер стала ўсё вельмі дарагое, тут хоць бы адно на ногі падняць!
Падрыхтавала Анастасія Максімук.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Колькі каштуе першы год жыцця дзіцяці?: 1 комментарий

  • 12.01.2012 в 9:19 пп
    Permalink

    Алена, Тацяна, Святлана…Чаму ўсе маці ананімныя? Нешта у апошні час модна стала ў вашай газеце даваць ананімныя апытанні. Так можна напісаць што ў галаву прыйдзе.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!