Асцярожна хадзіце па восені (Маларыцкі раён)

Майго дзядулі Пятра ўжо даўно няма на гэтым свеце. У небыццё ён адышоў ціха і спакойна залатой восенню ў сярэдзіне кастрычніка. Аднак памяць захавала і зберагла яго светлы вобраз. Незвычайным чалавекам быў мой дзед Пятро! У яго была свая, своеасаблівая, непадобная да іншых жыццёвая філасофія і мудрасць селяніна-працаўніка. Не часта цяпер сустрэнеш такіх людзей.

Згадваючы дзядулю,  успамінаю найперш словы, пачутыя ад яго не раз. Былі  такія моманты, калі дзед гаварыў: “Смачна сказана!” У дзяцінстве гэтыя словы ў мяне выклікалі нейкі смех і нават здзіўленне. Як гэта – гаварыць смачна? Сэнс дзядулевых слоў зразумеў пазней. Народная мудрасць сцвярджае, што гаварыць смачна – гэта гаварыць ярка, запамінальна, трапна, прыгожа, вобразна. Для гэтага неабходна жыццёвая назіральнасць, фантазія, уменне  дакладна перадаць сутнасць убачанага.

Днямі зайшоў у гарадскі парк і зноў прыгадаў свайго дзядулю, яго трошкі згорбленую постаць, маршчыністы твар і вочы, поўныя радасці. Залюбаваўшыся асенняй пазалотай дрэў, мімаволі  прыгадаў радкі з аднаго верша  Пімена Панчанкі:

Людзі лета з палеткаў назвозілі,

Гул гарачых матораў заціх…

Асцярожна хадзіце па восені,

Па завулках яе залатых.

Хай палае няяркі агеньчык

Кожнай кветкі ў халоднай траве.

Покуль сівер наўкол не заенчыць,

Спелы пах над зямлёю плыве.

Смачна сказана!

Люблю восень. Кажуць, што яна выклікае развагі пра жыццё, яго хуткаплыннасць і непрадказальнасць. Але ці так гэта?

У гарадскім парку ціха. Перашэптв­аючыся паміж сабой, стаяць ланцужком у злёгку жоўта-залатым убранні дрэвы на беразе вадаёма. Радуючыся і зачароўваючыся сваім прыгожым адлюстраваннем, дрэвы, здаецца, аб усім на свеце забываюць.  Ім не да таго, што побач праходзяць адзінокія постаці людзей, што  апошнім  цяплом радуе сонца наваколле, што весела і заўзята чырыкаюць вераб’і. А можа, наадварот, дрэвы сумуюць, што страцілі сваё зялёна-бліскучае адзенне, з якім красаваліся вясной і ўсё лета і лашчыліся пад цёплымі промнямі сонейка.

Трацячы пакрысе асенні ўбор, здаецца, чырванеюць ад сораму галіны рабіны. Як паратунак для іх – густыя  восеньскія туманы, што часта разліваюцца на ўсю ноч. Праз іх тоўшчу нясмела прабіраецца, спрабуючы зазірнуць на зямлю,  самотны маладзічок, які адзінока тырчыць на небе вострымі рожкамі ўгару.

Раптам налятае задзірысты ветрык. Ён пачынае калашмаціць дрэвы, гнучы іх галовы да зямлі. Да апошняга імкнуцца ўтрымаць свае лісточкі дрэвы. Сілы іх павольна адступаюць, і лісце з ветрам ляціць далёка ўбок, падымаючыся ўверх.

Нечакана вецер некуды знікае. Усталёўваецца такая цішыня, што, здаецца, ад яе можна аглухнуць.Усё маўчыць, нібыта нечага чакае. І толькі з неба, павольна ападаючы, нібы танцуючы, кружыцца рознакаляровае лісце. Яно незвычайным  саматканым дываном усцілае зямлю. Як тут зноў не прыгадаць словы Пімена Панчанкі:

Лістападу цякуць ручаіны,

Ты даўжэй з гэтым цудам пабудзь…

Хутка восень вятры і жанчыны

З падмарожаных сцежак зграбуць.

Сапраўды, смачна сказана, прыгожа, вобразна і запамінальна!

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 7
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!