«Каравай, перапой і «запарожцы» Як ранней гулялі на вяселлі (Маларыцкі раён)

Нядаўна сяброўка распавяла  пра вяселле, на якім ёй з мужам давялося гуляць. Праходзіла яно  ў кафэ  недзе за Брэстам. Здавалася б, урачыстасць як урачыстасць. Усё годна, прыстойна і прыгожа. І гуляць было весела. Вось толькі маладых радня і запрошаныя госці адорвалі не  напрыканцы вяселля, калі “дзялілі” каравай,  як было  калісьці, а перад тым, як пасадзіць усіх за стол. Такі падыход, можа, і добры — “перапіў” жаніха з нявестай і гуляй сабе без клапот. Зноў жа, не трэба думаць, куды падзець падарунак, калі гэта нешта  з прадметаў хатняга ўжытку, ды і канверт з грашыма таксама. Тым больш, што і каравай іншы раз на вяселлі дзеляць позна  ўвечары, а нехта, уволю нагуляўшыся, ужо і дахаты пайшоў бы. Усё гэта так.

Фото носит иллюстрационный характер

Толькі як жа каравай? Гэты атрыбут  спакон веку быў  неад’емнай часткай вяселля. У час майго дзяцінства і юнацтва каравай  пяклі хросныя маці жаніха і нявесты. Кожная для сваіх гасцей. Гэта быў сапраўдны рытуал, у якім акрамя хроснай удзельнічалі таксама сапраўдныя вясковыя май­стры­хі  выпечкі булак, у тым ліку і ка­ра­ваяў.

А ў час вяселля, непасрэдна перад “перапоем” маладой ці маладога, упрыгожаны кветкамі і рознакаляровымі  стужкамі, каравай з гармонікам і пес­нямі, здаралася, з аднаго канца вёскі, дзе жыла хросная, у другі, дзе спраўлялася вяселле, нёс старшы сват са сваёй дружынай. Вяскоўцы ж “пераходзілі” іх і патрабавалі за  яго выкуп. Пазней, праўда, каравай ці торт на вяселле вяскоўцы пачалі заказваць  на хлебазаводзе ў райцэнтры, дзе былі свае майстрыхі такой выпечкі.

Дзялілі каравай, наколькі помню,  пад спецыяльныя для гэтага абраду песні. Іх жанчыны больш сталага ўзросту перанялі ў сваіх бабуль і матуль і ахвотна спявалі ў такіх выпадках. Кожнаму з гасцей, хто падыходзіў да стала, малады  наліваў  кілішак гарэлкі, а  старшы сват падносіў духмяны кавалак караваю. Тады ж нявеста ўручала падарункі род­ным жаніха.

А «запарожцы» (так у нас называюць тых вяскоўцаў, якія не былі запрошаны на вяселле, але абавязкова прыходзілі да дома, дзе яно адбывалася) з цікавасцю заглядвалі ў вокны, каб пабачыць маладых. Асабліва, калі нехта з іх быў не мясцовы, маўляў, цікава ж, каго выбраў сабе ў спадарожніцы жыцця іх зямляк, ці каму аддала перавагу  зямлячка. А заадно паглядзець, як “перапілі” маладых бацькі, хросныя (тады гэта было, можа, і некультурна, без канвертаў, затое адкрыта), што падарыла нявеста  свёкру са свекрывёй, братам, сёстрам і іншай радні мужа. А «харонжы», памочнік свата, спецыяльнай драўлянай пры­ладай гучна стукаў у дзверы, за­прашаючы гасцей да “перапою”.

Цяпер жа  не тое, што ў «запарожжа» пайсці, пра само вяселле іншы раз даведваешся  выпадкова, а то  і ўвогуле пасля яго. А ўсё таму, што  вяс­коўцы зараз едуць адзначаць гэтую ўра­чыстасць у раённы цэнтр, а то і ў абласны: людзі сталі жыць заможней  і могуць дазволіць сабе заказаць на паўдня кафэ ці рэстаран. Зноў  жа, як гавораць, культурна і без асаблівых клопатаў для бацькоў маладых. І гэта добра.

Даводзілася гэтак культурна і мне гуляць на вяселлі. Скажу шчыра, спа­дабалася. Шкада толькі, што песень вясельных накшталт “Дэ б я нэ іхала, дэ б я нэ йшла…” ці “Горіла сосна, палала…” так і не пачула. Ды і наўрад ці  ведае іх сённяшняя моладзь, а людзі старэйшыя забываюць. Праўда, маладых на тым вяселлі “перапівалі”, як і калісьці, калі дзялілі каравай.

А колькі розных народных прыказак і прымавак, здаралася, не зусім пры­стойных, але, як кажуць, да месца, можна было пачуць  падчас перапою маладых. Яны гучалі ад радні і гасцей разам з пажаданнямі  шчасця ў сямейным жыцці і дабрабыту. У дадатак да тэлевізара,  чайнага сервіза,  камплекта пасцельнай бялізны маладым  дарылі яшчэ палена і патрабавалі, каб жаніх  пацалаваў нявесту ў калена. А галінку бярозы, каб муж быў заўжды цвярозы.

Усіх нюансаў вяселля 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя зараз ужо і не прыпомніць. Хіба толькі тое, што гулялі яго тады не паўдня, як у большасці выпадкаў цяпер, а, як мінімум, 2 дні —  у суботу ў нявесты, а ў нядзелю – у жаніха. А былі ж яшчэ вечарам у пятніцу «вяночкі» ў нявесты, а ў панядзелак пасля работы – “пахмелка”.

Як напамін пра той час  захоўваюцца яшчэ ў бацькоўскай хаце ручнікі, вышытыя гладдзю, якія на ікону ў кутку пярэдняга пакоя, а таксама на рамкі з фотаздымкамі развесіла  падчас вяселля нявеста майго старэйшага брата. Сям’я жонкі  сярэдняга брата была больш заможнай, таму яна прывезла ў дом бацькоў не вышытыя ручнікі, а купленыя льняныя. Некалькі іх яшчэ і зараз знаходзяцца ва ўжытку, хоць мінула ўжо 40 гадоў. 

Асобна варта сказаць пра “за­па­рожцаў”. Многія з іх прыходзілі не толькі на маладых паглядзець, але і пачаставацца прысмакамі з вя­сельнага стала: па традыцыі бацькі  жа­ніха і нявесты выносілі суседзям і вяс­коўцам выпіўку і закуску. Запрашалі не грэбаваць  100 грамамі, дамашняй каўбасой,смачнымі пірагамі. Некаторыя “запарожцы”, здаралася, частаваліся так, што не толькі кідаліся ў скокі, але і начаваць пад плотам заставаліся.

Даўно гэта было.  Апошняе вяселле па-вясковаму (назаву гэта так) было ў Арэхаве гадоў 10 таму, калі мясцовы механізатар, бацька шматдзетнай сям’і  Леанід Ківачук з жонкай Аксанай  выдавалі замуж старэйшую дачку Наташу. Той восенню надвор’е стаяла цёплае, таму вяселле гаспадары рабілі ў палатцы, якую разбілі ў двары. Побач пад павеццю ігралі музыкі. Іх песні і мелодыі, нібы запрашаючы ўсіх на вяселле, даносіліся да супрацьлеглага канца вёскі. Таму паглядзець на маладых тады прыйшло вельмі многа народу. А, магчыма, яшчэ і таму, што даўно так не спраўлялася ў Арэхаве вяселле.  Гасцінныя гаспадары  ад душы частавалі ўсіх, хто прыйшоў  ў той вечар  у «запарожжа».

Мне ж найбольш запомнілася вя­селле маёй школьнай сяброўкі Светы. Яна выходзіла замуж зімой. Калі не памыляюся, у 1979 годзе. Люты той быў снежным і марозным. Дарогі настолькі засыпала снегам, што іх не паспявалі чысціць. Па гэтай прычыне напярэдадні ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу, якую вырашылі не пераносіць з-за халадоў і завей, у вёску нават аўтобус не пайшоў. Мне ж абавязкова трэба было трапіць да нявесты ў пят­ніцу на «вяночкі».

Дабірацца з Ма­ларыты, дзе ў той час працавала, да арэхаўскага павароту давялося  на спадарожнай машыне – у будцы грузавіка, які ехаў у Шацк. А потым, каб не замерзнуць, да самай вёскі  не ісці, а бегчы. Мароз тады пад вечар быў такі траскучы, што ка­роценькае асенняе паліто і тонкія калготкі не маглі ўжо мяне сагрэць. Таму дзядзька Іван Алесік, зараз ужо нябожчык, разам з якім і яшчэ адным вяскоўцам дабіраліся дамоў, расціраючы здранцвелыя ад холаду пальцы на маіх руках, па-бацькоўску параіў: “Дочка, калі не хочаш замерзнуць, бяжы ўперад і размахвай рукамі. І нікога не бойся, мы ідзем следам.” Што я і зрабіла, аддаўшы свае рэчы  землякам, бо рукі ўжо  не маглі іх трымаць.

Калі я прыбегла дахаты і скінула боты, маці з бацькам не на жарт спалохаліся: кончыкі пальцаў на маіх нагах былі белыя. Тата тады не разгубіўся і гарэлкай расцёр іх, а матуля надзела на ногі шкарпэткі з воўны. Праз гадзіну-дзве, калі шпары адышлі, мы з сяброўкай Надзяй былі ўжо на «вяночках». Гэта я да таго, што ў маладосці нас не палохалі ні спякота, ні холад.

Самае ж цікавае было ў нядзелю. Добра пагуляўшы ў суботу ў нявесты, бліжэй да абеду наступнага дня вяселле адправілася да жаніха ў Ланскую. Зусім  як у фільмах пра часы былыя. На вялізных, усцеленых, каб было цяп­лей, сенам, драўляных санях, якія цягнуў гусенічны трактар. Гэта было так незвычайна і …рамантычна, што ўжо ніякі холад і працяглае падарожжа (бо, нягледзячы на кароткую адлегласць, ехалі мы доўга) не палохалі і не псавалі настрой…

Распавядаючы пра тое, як спраўлялі вяселлі ў гады маёй маладосці, я ніякім чынам не заклікаю вяртацца ў тыя далёкія часы і жаніць ці аддаваць замуж сваіх дзяцей так, як было тады. Усяму свой час. І гэта добра, што бацькі сённяшніх маладых на вяселлі сваіх дзяцей не стравы падносяць гасцям, а разам з імі адзначаюць зна­мянальную ў іх жыцці падзею, гэтак жа весяляцца, спяваюць і танцуюць. Проста разам з новымі звычаямі, без якіх у сучасным жыцці не абысціся, губляецца і адыходзіць у нябыт тое, што звязвае  вясковых людзей з іх каранямі, забываюцца даўнія песні і традыцыі.  Для маладых, якія не ведалі і не ведаюць іх, гэта норма, а вось для тых, каму ёсць з чым параўноўваць, новае  навявае сум. І каравай, пакладзены гасцям у талеркі, як звычайная страва, не такі смачны і духмяны…

Надзея ЯЦУРА.

Поделиться:
  •  
  • 38
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!