Партызанская вёска Ацяты (Маларыцкі раён)

Мясцовыя жыхары не толькі шануюць сваё мінулае, але і беражліва яго захоўваюць. Тут жыве памяць. Самая страшная і жудасная вайна мінулага стагоддзя – Вялікая Айчынная – пакінула на гэтай шматпакутнай зямлі свае незагойныя раны,  якія нават праз дзесяцігоддзі кроваточаць. Пра гэта нельга забыць і нельга маўчаць. Жыхары партызанскай вёскі Ацяты Маларыцкага раёна спаўна зведалі жахі акупацыйнага рэжыму. Асабліва страшны лёс быў наканаваны тым вяскоўцам, чые блізкія і родныя служылі ў радах Чырвонай Арміі або змагаліся з лютым ворагам у партызанах. За сувязь з партызанамі ў адзін з кастрычніцкіх дзён фашысты знішчылі больш за 20 вяскоўцаў.  Цяпер аб тых страшных крывавых падзеях нагадвае, бадай, толькі сціплы помнічак на брацкай магіле, якая знаходзіцца на грудочку каля самай вёскі. Праўда, у Ацятах жыве адзіная сведка тых жудасных падзей — Ульяна Андрэеўна Хатынюк, якая на ўласныя вочы бачыла, як кастрычніцкім днём 1942 года фашысцкія вылюдкі знішчылі аднавяскоўцаў, сярод якіх былі жанчыны і дзеці.

Цяжкія ўспаміны

Ульяне Андрэеўне, спрытнай, невялічкага росту бабулечцы, 84 гады. Калі адбылася кастрычніцкая трагедыя 1942 года, ёй было толькі восем гадоў. Але ўчэпістая дзіцячая памяць асаблівая,  да дробязей Ульяна запомніла падзеі таго трагічнага дня. Нібыта гэта толькі ўчора здарылася, а не мінула з таго часу семдзесят з гакам гадоў.

Васіль і Ульяна Хатынюкі

— Страшна і цяжка ўзгадваць, што рабілася, — гаворыць жанчына і голас яе па-здрадніцку пачынае дрыжаць. – Не давядзі Гасподзь такі жах каму-небудзь перажыць. Вось у гэтай магіле ляжаць-спачываюць ні ў чым не павінныя людзі, там магла быць і я таксама.

Сціплы надмагільны помнік месціцца непадалёк ад сядзібы Пятра Нушчыка. Магіла прыбраная,  стаяць кветкі. Відаць, што вяскоўцы за ёй даглядаюць. Але няўмольны час паступова сцірае выбітыя на помніку імёны і прозвішчы ахвяр. Праўда,  калі добра прыгледзецца, то можна з цяжкасцю прачытаць надпісы.

— У той дзень мы з сяброўкай На­дзяй неслі малако здаваць, — працягвае гаворку Ульяна Андрэеўна. – Раптам пачалася мітусня,  нехта крыкнуў: “Немцы акружаюць вёску!” Кінуўшы слоік з малаком, я хутчэй пабегла дадому. Гэта быў кастрычнік, холадна, а я яшчэ басанож  хадзіла. Дома я сустрэла сваю цётку, якая мне была яшчэ і хрышчонай, Ганну Дзямчук. Бедная кабета быццам бы нешта прадчувала. Яна папрасіла ў маёй бабулі чыстае адзенне, у якое сама пера­апранулася і пяцярым дзеткам чыстыя кашулі надзела. Ніхто не ведаў, што будзе далей, калі немцы з паліцаямі пачалі ўсіх зганяць у цэнтр – на сход.  Зачытаўшы спісы тых,  хто быў звязаны з партызанамі, фашысты прымусілі капаць яму. У тым спісе смертнікаў аказалася мая цётка Ганна Дзямчук. Яе муж  Ануфрый Сцяпанавіч Дзямчук быў актывістам-падпольшчыкам. Усіх выдаў страста,  які не пашкадаваў нават маленькіх дзетак. Расстралялі і цяжарную Сцепаніду Піліпаўну Тыцык з дзецьмі Ульянай, Фёклай і Сцяпанам. Другая частка вяскоўцаў,  што не трапілі ў нямецкі спіс, стаялі і назіралі за дзікім вар’яцтвам. Цудам удалося ўцячы майму равесніку Мікалаю Тыцыку. Астатнія 24 чалавекі назаўсёды засталіся ляжаць у зямлі. Фашысты не проста расстрэльвалі людзей, а перад смерцю іх катавалі. Мужчын да крыві збівалі дубінамі. Было неймаверна страшна і вельмі балюча назіраць, як вылюдкі, рагочучы, здзекаваліся з дзяцей. І да гэтага часу страшная карціна стаіць перад вачыма, як гадавалую Аленку Касянік карнікі падкінулі ўверх, нібыта нейкую рэч, і расстралялі.

Потым у часопісе баявых дзеянняў батальёна (змешчаны ў кнізе “Памяць”, старонка 196) з нямецкай педантычнасцю будзе зроблены запіс: “ 30 октября … 11 рота производит разведку в Малорите. В Отятах установлено, что один дом служил лагерем для бандитов. Другой дом, в котором был склад обмундирования, был сожжен. 24 человека расстреляно».

Аднак ніякія карныя аперацыі фа­шыстаў і іх памагатых не зламалі народны дух супраціўлення. Вяскоўцы працягвалі дапамагаць партызанам, помсцячы лютаму ворагу за бязвінна закатаваных. Ульяна Андрэеўна прыгадвае, што у вёсцы жанчыны выпякалі хлеб для народных мсціўцаў, кожны дапамагаў чым мог. Апошнюю карную аперацыю ў Ацятах фашысты правялі 1 мая 1944 года, калі да вызвалення Маларыцкага раёна заставалася ўсяго некалькі месяцаў. Мадзьяры ачапілі вёску, пачалася аблава. Ульяне,  яе сяст­рычцы і маці пашанцавала ўцячы ў лес. Яе бацьку і яшчэ некалькіх чалавек ворагі схапілі. Чатырох з іх расстралялі,  бацьку дзяўчынкі павезлі ў Маларыту. Што з ім здарылася,  Ульяна Андрэеўна не ведае.

Далёкае рэха вайны

Зараз у Ацятах цішыня і спакой. Нават не верыцца, што тут калісьці лілася кроў, гучалі выстралы. Толькі сціплы абеліск, які крыху нахіліўся і патрэскаўся ад часу, нагадвае аб кастрычніцкай трагедыі 1942 года. Наглядаюць за брацкай магілай  Пётр Сямёнавіч і Галіна Мікалаеўна Нушчыкі, родныя якіх таксама загінулі ад фашысцкіх куль. Яны хоць і нарадзіліся пасля вайны, не зведалі тых жахаў, але не могуць раўнадушна слухаць расказы старэйшых пра вайну. Таму кожную вясну прыбіраюць магілу, нясуць сюды кветкі, каб памяць заўсёды жыла ў сэрцы сучаснікаў і нашчадкаў.

Пётр і Галіна Нушчыкі

Сённяшнія Ацяты – гэта некалькі два­роў, дзе жывуць адны толькі пен­сіянеры. Самая пажылая жыхарка Ганна Маркаўна Касянік,  якой споўнілася 86 гадоў.

Ганна Касянік

Жанчына нарадзілася ў суседняй вёсцы Пяртышча, а сюды ў 1956 годзе прыйшла замуж. Тры гады таму пахавала мужа, зараз жыве адна, не сумуе. У дзень нашага прыезду ў вёску бабуля,  нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, наводзіла дома парадак – фарбавала вокны. Дарэчы, у Ацятах жывуць працавітыя ды ўвішныя жанчыны, якія любяць сваю маленькую вёсачку, шануюць гісторыю. Пра такіх цудоўных жанчын-працаўніц,  як Галіна Мікалаеўна Нушчык, яшчэ ў пазамінулым стагоддзі пісаў вялікі класік рускай літаратуры Мікалай Някрасаў: “Коня на скаку остановит, в горящую избу войдет!” Дзякуючы Богу, у палаючую хату Галіне Мікалаеўне заходзіць не даводзілася, а вось каня ў вазок запрэгчы ды ўправіцца з ім яна можа.

— Наша кабылка Зорка, якую мы нядаўна набылі, яшчэ зусім маладая, але вельмі паслухмяная, — расказвае гаспадыня. – Без каня ў вёсцы як без рук, нічога не зробіш.

Алена Тыцык, як і Марыя Дзямчук, вядома сваімі тканымі работамі ды вышыванкамі. Яе вышываныя крыжыкам ручнікі, сурвэткі здзіўляюць непаўторнасцю, насычанасцю фарбаў і далікатнасцю. Глядзіш на кветкі – і здаецца, што выпраменьваюць яны водар свежасці, а далікатныя пялёсткі зіхацяць, пераліваюцца ў сонечных промнях, ствараючы цудоўны настрой. Алена Георгіеўна вышывае з дзяцінства. Частку сваіх непаўторных работ майстрыха раздае знаёмым,  дзецям ды ўнукам, якія ў захапленні ад яе майстэрства. Вышыванкамі мясцовых жанчын упрыгожаны і крыж, што стаіць пры ўездзе ў Ацяты – адмысловы абярэг і сакральны сімвал продкаў, які абараняе гэты край і яго жыхароў ад няшчасцяў ды нягод.

Кацярына Яцушкевіч.

«Голас часу» ад 16 мая 2018 года

Поделиться:
  •  
  • 30
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!