Ад слёз калгасніцы да ўласнай электрычнасці

Калі ў лютым 1980 года агульны сход калгаса “Перамога” падтрымаў кандыдатуру 28-гадовага Пятра Яцуры, якога прапанавалі на пасаду старшыні, апошні разгубіўся.
— Толькі безадказны чалавек, як я думаю, мог смела згаджацца на пасаду кіраўніка, ды яшчэ і такой вялікай гаспадаркі, якой тады з’яўлялася “Перамога” — дзяліўся Пётр Пракопавіч. -Мне ўжо затым расказалі, што загадчыца адной з ферм, Ганна Іванаўна (цяпер ужо нябожчыца), цэлую ноч праплакала, не спала, усё думала, перажывала, і што ж гэты 28-гадовы хлопец у калгасе зможа зрабіць…
А пачаў я з навядзення элементарнага парадку, з дысцыпліны, са стварэння трывалай кармавой базы для жывёлагадоўлі, і праз два гады гаспадарка мела свае грошы.
А гэта значыць мела магчымасць развівацца далей. І ніхто нават думаць тады не мог, што 90-я гады, якія былі наперадзе, паставяць перад калектыўнымі гаспадаркамі ультыматум: быць ім ці не быць. Не лепшыя часы давядзецца перажыць і “Перамозе”. Але “Перамога” апраўдала сваю назву. Гаспадарка адстаяла сваё права на існаванне, дзякуючы смеласці свайго кіраўніка – мудрага, таленавітага, прадбачлівага, настойлівага.
— Гэта лічу галоўным у сваёй 30-гадовай старшынёўскай практыцы, — гаварыў Пётр Пракопавіч, — што нам удалося тады захаваць вёску, школу, якая цяпер лічыцца адной з самых шматлікіх сярод сельскіх школ, захаваць дзіцячы садок.
Людзі паверылі тады ў старшыню і былі перакананы, што кожнае рашэнне, на якое ён ідзе, няхай сабе іншы раз і вельмі рызыкоўнае, — гэта ў імя іх жа, у імя іх дабрабыту. А хіба не так?
Далучэнне былога СВК “Олтуш” да эканамічна моцнага прамысловага магната “Савушкін прадукт”, філіялам якога кааператыў стаў, дало многае. І для гаспадаркі, і для людзей, якія ў ёй працавалі. Была створана моцная матэрыяльная база, укаранёны новыя тэхналогіі вытворчасці кармоў, вытворчасці малака, створаны цудоўныя ўмовы для працы людзей. Усё гэта і дало добры старт у будучае. А будучае было такім. Толькі за 2005 год олтушцы атрымалі газ, у гаспадарцы  была пабудавана і здадзена ў эксплуатацыю першая чарга малочнатаварнай фермы еўрапейскага стандарту. У 2006 годзе Олтуш набыў статус аграгарадка. Тут былі капітальна адрамантаваны Олтушская ўчастковая бальніца, школа, многія іншыя аб’екты сацкультбыту. З 2006 па 2009 год у Олтушы і Дворышчы было пабудавана 20 дамоў прысядзібнага тыпу. У цэлым жа за 30 гадоў, на працягу якіх Пётр Пракопавіч Яцура ўзначальвае олтушскую гаспадарку, у ёй было пабудавана каля 200 дамоў, а гэта цэлая вёска.
Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна” сёння на перадавых пазіцыях па ўсіх паказчыках. Дзяржаўная палітыка, прэзідэнцкая праграма адраджэння і развіцця вёскі для “Савушкіна” ўвасабляецца ў далейшае развіццё сельгасвытворчасці, паляпшэнне ўмоў жыцця і працы вяскоўцаў, узвядзенне дамоў і будаўніцтва вытворчых аб’ектаў. Дарэчы, будаўніцтва жылля ў “Савушкіна” працягваецца і цяпер. 4 дамы зараз будуецца ў Олтушы і 4 у Дворышчы. І гэта, напэўна, не ўсё яшчэ, бо планы ў кіраўніка грандыёзныя. Па-першае, ён рашуча настроены будаваць другую чаргу малочнатаварнай фермы, рэканструяваць тыя, што былі пабудаваны 30 гадоў таму назад. А новыя вытворчыя збудаванні – гэта павелічэнне колькасці пагалоўя і павелічэнне колькасці арганікі, што будзе спрыяць павышэнню ўрадлівасці зямлі, а значыць і павышэнню ўраджайнасці сельгаскультур, што ў канчатковым выніку дасць павелічэнне прыбытку і, у рэшце рэшт, павышэнне заработнай платы і зноў жа паляпшэнне дабрабыту вяскоўцаў.
Пётр Пракопавіч выношвае і другую не менш карысную і каштоўную ідэю: мець сваю ўласную біягазаўстаноўку, якая, як пралічана ўжо, дасць магчымасць атрымліваць сваю электраэнергію. Прычым, у такой колькасці, што яе хопіць не толькі на патрэбы гаспадаркі, але і на продаж. Яшчэ адзін плюс – дзякуючы такой устаноўцы гаспадарка атрымлівала б экалагічна чыстае ўгнаенне, а цяпло, якое б яна выпрацоўвала, можна было б выкарыстоўваць на падаграванне жывёлагадоўчых памяшканняў, скажам, зімою, а частку – на іншыя патрэбы.
— У сельскай гаспадарцы, — упэўнены Пётр Пракопавіч, — заўсёды ёсць дзе прыкласці і розум, і задумкі. Было б толькі жаданне.
А ў Пятра Пракопавіча Яцуры яно заўсёды было – жаданне працаваць. Прычым, працаваць добра, вынікова, плённа.
Многія яму зайздросцяць, маўляў, нам бы такога багатага спонсара, які ёсць у “Савушкіна”. Але жыццё не раз пераконвала, што дай ты нядбайнаму і няўмеламу кіраўніку мільярды, ён і тады не будзе ведаць, як і куды іх правільна размеркаваць, куды ўкласці.
Уладальнік многіх узнагарод, тытулаў, П. П. Яцура проста робіць сваю справу. Справу дзяржаўнай важнасці – забяспечвае народ сельгаспрадукцыяй, і зноў жа, забяспечвае пастаяннае, паступовае развіццё даверанай яму гаспадаркі, а таксама (і ў першую чаргу) яе работнікаў дастойнай зарплатай і не менш дастойнымі ўмовамі працы і быту – жыцця, адным словам.
Сёння Пётр Пракопавіч Яцура – не проста кіраўнік, а лепшы. Лепшы, а яшчэ заслужаны, адказны, абавязковы і… свой. Свой для гэтай зямлі, свой для людзей, з якімі разам крочыць па жыцці. Крочыць наперадзе –кіраўнік жа.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна” Пётр Пракопавіч ЯЦУРА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!