«Першая настаўніца» Урокі ад Яніны Крываблоцкай (Маларыцкі раён)

Зграбная, невялічкага росту, жанчына паволі ідзе напрасткі, праз зарослы даўно някошанай травой лужок. Жанчына на імгненне спыняецца ля драўлянай брамкі, што вядзе на дагледжаны дворык старой вясковай школы. Нібыта моцны парыў ветру, што напаткае вандроўніка ў дарозе, знянацку збіваючы з ног, на яе наплылі, акружылі ўспаміны. І гэты дворык з бярозавай алеяй, што калісьці яна садзіла  са сваімі вучнямі, і шурпатыя парэпаныя ад часу ды халодных дажджоў сцены будынка – усё тут да шчым­лівага болю ў сэрцы роднае і дарагое.  На працягу 48 гадоў з дня ў дзень хадзіла яна сюды на працу, каб аддаць усё самае лепшае, навучыць самаму галоўнаму ў жыцці новараматоўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак – у любых абставінах, не зважаючы на аніякія акалічнасці, быць і заставацца людзьмі. І ў яе, ураджэнкі Камянецкага раёна, гэта атрымалася. Нават не 48 гадоў свайго настаўніцтва, а намнога больш, з таго часу, калі прыехала маладым спе­цыялістам у далёкім 1956 годзе па размеркаванні ў Новае Раматова, аддала Яніна Станіславаўна Крываблоцкая  Маларыцкаму раёну, які стаў яе жыццём і лёсам.

Наша Сталінаўна

У 1935 годзе, калі кра­савік увабраўся ва ўсю сваю вясновую пры­га­жосць, а па начах у пуш­чанскіх барах заліваліся са­лаўі, у небагатай ся­м’і Віш­неўскіх на­ра­дзі­лася дзяўчынка Яні­на. Вішнеўскія жылі на невялічкім хутары ў Бе­лавежскай пушчы, гада­валі чацвярых дзяцей і працавалі на смалакурні. Расла Яніна на прыродзе, сярод векавых дубоў Бе­ла­вежжа, захапляючыся некранутай прыгажосцю старажытнага лесу. Хаця дзяцінства дзяўчынкі не было лёгкім і бязвоб­лач­ным.

— Бацька цяжка хва­рэў, — уз­гадвае Яніна Ста­ні­славаўна. – Як толькі кры­ху падрасла, маці, каб неяк пракарміць ся­м’ю, аддала мя­не ў слу­жанкі. У больш заможных гаспадароў гля­дзела за дзецьмі, ха­ця сама яшчэ была дзі­цём, дапамага-ла па гаспадарцы. Пра тое, каб хадзіць у школу і гаворкі быць не магло. Праўда, я вельмі цяг­нулася да ве­даў.

Яніне пашанцавала, ка­­лі можна так сказаць. Пэўны час яна глядзела за дзецьмі мясцовай на­стаўніцы, і тая вучыла дзяў­чынку чытаць, пі­саць, выкладала ёй ас­­новы ма­тэматыкі. Праграму па­­чатковай шко­­лы Яніна прайшла за два гады.

— У той час у чацвёртым класе я паспяхова зда­ла экзамены і па­с­ту­піла ў сямігодку, што ў Камянюках, — пра­цяг­вае гаворку Яніна Ста­ні­славаўна.

Навука дзяўчынцы, якая ма­рыла стаць на­стаўніцай, да­валася лёг­ка. За­кончыўшы Пінскае пе­да­гагічнае ву­чы­ліш­ча імя А. С. Пушкіна, Яні­на Ста­ніславаўна едзе на сваё першае пра­цоўнае месца ў Но­вараматоўскую па­чат­ковую школу. Гэта быў далёкі 1956 год. У не­вя­лічкай вёсцы, што сха­валася сярод ле­су, не было нават элект­рыч­насці. Урокі ў шко­ле, якая была на некалькі пакойчыкаў, выкладаліся ў дзве змены. Чытаць і пісаць мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся пры святле газніцы.

— У першыя гады майго на­стаўніцтва школу наведвала больш за сорак дзяцей, — га­ворыць жанчына. – На­ват раз­­мясціць усіх было праб­ле­матычна. Любімчыкаў у мяне не было. Да ўсіх дзяцей я ставілася аднолькава, у кожным імкнулася разглядзець асобу. Дзеці цяг­нуліся да вучобы, стараліся ву­чыцца добра.

— Яніна Станіславаўна не была вельмі строгай настаўніцай, — узгадвае былая вучаніца Марыя Альшэўская. – Наадварот, яна была добрая, але справядлівая. Мы ад яе былі ў захапленні і ў школу ішлі з вялікім зада­валь­­неннем. Памятаю, што мы, малыя, не вельмі добра маг­лі вымавіць яе імя і імя па бацьку і чамусьці называлі Нінай Сталінаўнай. Але яна на нас за гэта не крыўдавала.

Яніна Станіславаўна не тое што не крыўдавала на сваіх вы­хаванцаў, яна ў іх душы не чула. Любіла як сваіх дзетак, якіх пагушкаць, нацешыцца ласкавай цеплынёй маленькіх ручак, што абдымаюць сваю лю­бую матулю, ёй лёс так і не даў. Яе цёплы ўтульны дом так і не напоўніўся звонкім шчабятаннем дзетвары. Для яе, як для жанчыны, гэта было і за­стаецца цяжкім прысудам жыцця.

Маладую і прыгожую Яніну Вішнеўскую, якая толькі што прыехала ў Новае Ра­ма­това, адразу ўпадабаў першы хлопец на ўсю вёску, сімпатычны гар­ма­ніст ды гаварун Мікалай Кры­ваблоцкі. У снежні 1956 го­да ма­ладыя ўзялі шлюб. Вялікага вяселля не рабілі, распісаліся сціпла, без асаблівых ура­чыс­тасцяў. Жылі Яніна з Мікалаем хо­раша, добра.

— І гаспадарку, як і ўсе вяс­коўцы, трымалі, — расказвае Яніна Стані­сла­ваўна. – Было па дзве каровы, абавязкова некалькі свіней, разводзілі птушку. Мікалай Яўгенавіч мне ва ўсім дапамагаў. І ў школе, калі які цвік патрэбна было за­біць, ніколі не адмаўляў. Цяжка без яго. Хоць і дваццаць гадоў прайшло, як не стала майго Мі­калая, а сэрца і сёння баліць па незваротнай страце.  

На ўрокі да Яніны Крываблоцкай

На ўрокі пераймаць перадавы вопыт вы­кладання ў па­чат­ко­вых класах у Новара­ма­тоўскую школу да Яніны Ста­ніславаўны прыязджалі настаўнікі не толькі з Ма­ла­рыцкага раёна, але і з вобласці і нават рэспублікі. Напрыклад, у 70-я гады мінулага стагоддзя ладзіўся рэспубліканскі семінар па тэме «Аднапрадметныя і аднатэмныя ўрокі чытання ў 2-3 класах» па методыцы, якую распрацавала Яніна Кры­ваблоцкая. За сваю без­дакорную настаўніцкую дзей­насць і выдатныя дасягненні вучняў у 1968 годзе Яніна Ста­ніславаўна атрымала га­­на­ро­вую ўзнагароду – званне “Заслужаны на­стаўнік БССР”.

За 48 га­доў настаўніцтва ў Яніны Крываблоцкай назбіралася да­­волі ёмістая папка шматлікіх гра­мат. Пра свае ўзнагароды настаўніца асабліва расказваць не любіць, а вось калі пачынае гаварыць пра сваю школку і сваіх выхаванцаў, з якімі ладзілі на святы ранішнікі і вечарыны, у вачах загараюцца гарэзлівыя агеньчыкі. Было традыцыяй у Новым Раматове на кожны Новы год упрыгожваць у лесе адну з ялінак. Затым запрагалі ў сані тройку коней, і ўсе ад малога да вялікага раматоўцы імчалі ў лес, а там іх ужо чакаў сапраўдны Дзед Мароз, у якога пераапранаўся Мікалай Крываблоцкі.

Кожнае мерапрыемства, кожны ўрок у Яніны Станіславаўны ат­рым­ліваўся адметным, з асаблівым каларытам. Таму дзеці з радасцю беглі ў школу: настаўніца вы­кладала прадметы не толькі зра­зумела і даступна, але і га­варыла са сваімі маленькімі вы­хаванцамі, як з роўнымі, вы­хоўвала з першага класа ў іх любоў да свайго куточка, да сваёй Радзімы. Яны разам высаджвалі маладзенькія бя­розкі на школьным двары, да­глядалі за яблынькамі ды грушамі, што раслі побач, увосень збіралі ўраджай, капалі бульбу. Дзеці з маленства разумелі, што кволая сцяблінка і магутнае дрэва – жывыя істоты, што яны таксама адчуваюць боль і ра­дуюцца цеплыні, што сыходзіць ад сонейка і ча­ла­вечых далоняў. Былыя вучні і сёння згадваюць урокі Яніны Ста­ніславаўны. Напрыклад, на прыродазнаўстве настаўніца ка­зала  сваім выхаванцам:

— Паглядзіце, на лузе ля шко­лы растуць дзьмухаўцы. Паназірайце за кветкамі, а по­тым раскажаце мне, што вы заўважылі.

На наступным занятку, пе­рабіваючы адзін аднаго, вучні будуць з цікавасцю расказваць, што дзьмухаўцы падобныя да людзей. Увечары, на заходзе сонца, кладуцца спаць, за­кры­ваючы свае бутоны, а ра­ніцай прачынаюцца, рас­праў­ляючы пялёсткі. А якім смач­ным атрымліваўся ў Яніны Ста­ніславаўны чай з клубнічным ці вішнёвым варэннем, якім частавала на перапынках сваіх гарэз настаўніца. Яго во­дар і сёння, здаецца, стаіць у школь­ным калідорчыку. Многія новараматоўцы гэта памятаюць і ў знак удзячнасці і пашаны самі стараюцца зрабіць прыемнае сваёй былой настаўніцы: то збяруцца ўсе разам на яе дзень нараджэння і наладзяць для Яніны Ста­ніславаўны са­праўднае свята з віншаваннямі і па­дарункамі, то прывязуць ёй прычэп дроў, каб узімку цёпла і ўтульна ў хаце было.

Сваіх даўно ўжо пасталеўшых вучняў, у якіх ёсць нават унукі, яна нязменна лічыць сваімі дзецьмі і за лёс кожнага пе­ражывае і кла­поціцца. Здаец­ца, каб магла, то аддала б усё на свеце, каб яны былі шчаслівымі і чорныя хма­ры няўдач ім ніколі не засцілі неба. Колькі дзяцей вывела ў вялікі свет дасціпная Яніна Станіславаўна, не пе­ра­лічыць. Варта адзначыць, што пачатковай школай Яніна Крываблоцкая загадвала з 1960 па 2003 гады, па­куль не пайшла на заслужаны ад­пачынак.

Дэпутат

Не адзін год Яніна Кры­ва-блоцкая выбіралася дэ­путатам у мясцовыя Са­веты дэпутатаў. Сваю пра­­цоўную дзейнасць яна цудоўна сумяшчала з гра­мадскай і змагла шмат у чым да­памагчы вяскоўцам, заўсёды жыла праблемамі вёскі. Многія новараматоўцы і зараз дзякуюць сваёй настаўніцы і дэпутату за яе неабыякавасць, чу­ласць, уменне пачуць і дапамагчы.

— Ніколі не забуду і заў­сё­ды буду ўдзячна Яніне Ста­ніславаўне за дапамогу, якую ў свой час аказала нашай сям’і гэтая цудоўная жанчына, — расказвае Зінаіда Красько. – Гэта былі крызісныя 90-я гады. Мы з мужам пераехалі з Брэста ў Новае Раматова, каб даглядаць за яго хворай матуляй. Ці то з газам тады былі праблемы, ці не хапала балонаў, але пэўны час нам звадкаваны газ не прывозілі. Куды мы толькі ні звярталіся: і да газавікоў, і ў райвыканкам, а толькі газам нас так ніхто і не забяспечыў. У роспачы я пайшла да Яніны Станіславаўны, якая калісьці вучыла майго мужа, і расказала пра сваю бяду. Яна мяне ўважліва выслухала, супакоіла, сказала, каб не хвалявалася, што без газу сям’я не застанецца. Не ведаю, як гэта атрымалася ў Яніны Ста­ніславаўны, але пасля таго звароту нам па заяўцы кожны раз прывозілі газавы ба­лон. Можа, камусьці гэта здаецца дробяззю, але з такіх дробязяў і складаецца наша жыццё.

Яніна Станіславаўна і сёння не сядзіць дома склаўшы рукі. Яна, як і трыццаць гадоў таму, у гушчыні вясковых падзей. Да яе і зараз прыходзяць аднавяскоўцы, каб падзяліцца сваімі радасцямі і клопатамі ды і ўвогуле, каб проста паразмаўляць з любімай на­стаўніцай.

Кацярына Яцушкевіч.

Фота Алега Крэмянеўскага і з асабістага архіва Яніны Крываблоцкай

Поделиться:
  •  
  • 20
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!