Футболу ўсе ўзросты пакорлівыя

Два дні ў спарткомплексе “Жамчужына” праходзіў першы турнір па міні-футболу сярод ветэранаў. У ім прыняло ўдзел 6 каманд. Пачынаць заўсёды цяжка, таму зразумелым было хваляванне арганізатараў турніру. Але хваляваліся яны дарэмна. Ветэраны не толькі не падвялі, але, наадварот, даказалі, што футболу ўсе ўзросты пакорлівыя. Футбалісты пажадалі выступаць за тыя каманды, за якія выступалі раней, зрэшты, яны так і называліся. Вось і ўбачылі гледачы, а сярод іх было шмат аматараў і ветэранаў футболу, даўно знаёмыя каманды “Запаветы Леніна” з Хаціслава, “РАПТ” з райаграпрамтэхнікі, “Перамога” з Олтуша, «ГСЗ» з гароднінасушыльнага камбіната, “Чырвоны партызан” з Лукава і «ПМК-20».
У першы дзень каманды падзяліліся на падгрупы, выяўлялі, хто будзе гуляць у паўфінале, а каму давядзецца мерацца сіламі ў матчы за пятае месца.
У другі дзень спаборніцтваў спачатку былі згуляны паўфіналь­ныя матчы, якія больш запомнілі­ся не гульнямі, а эмоцыямі ўдзель­нікаў. Так, затрымка першага паўфіналу паміж камандамі ПМК-20 і райаграпрамтэхнікі была выклікана рэгламентам спаборніцтваў, згодна з якім да ўдзелу ў турніры, акрамя 40-гадовых ігракоў і старэйшых, былі дапушчаны два ўдзельнікі ад 32 да 40 гадоў. Тут можна было прывесці шмат “за” і “супраць” узроставых катэгорый удзельнікаў спаборніцтваў, калі б рэзка не кідаўся ў вочы зусім іншы футбол больш маладых ігракоў.
Можа таму і не атрымалася ў першым паўфінале барацьбы, дзе больш маладыя футбалісты з ПМК-20 без цяжкасцей выйгралі ў каманды райаграпрамтэхнікі. Затое матч у другім паўфінале паміж футбалістамі з камбіната і з Лукава стаў самым напружаным і ў той жа час выклікаў вялікія спрэчкі. Спрэчных момантаў у гэтым матчы можна было назваць шмат, калі б не адно “але”, якое здараецца ў нас не толькі ў ветэранскіх матчах, але і ў матчах чэмпіянату раёна. калі ў самы напружаны момант суддзі не могуць устаяць перад больш аўтарытэтнай камандай і дапускаюць грубыя памылкі. Так было і ў гэтым матчы. Можна было б адзначыць, што ў футболе гэта не дзіўна, але іншых прыкладаў на карысць менш аўтарытэтных каманд чамусьці не назіралася. Адказ тут відавочны. Трэба павышаць узровень судзейства, праводзіць хоць бы раз у год семінар-вучобу для суддзяў.
Пасля паўфінальных матчаў прайшоў заключны – матч за пятае месца, дзе каманда з Хаціслава ўпэўнена перамагла каманду з Олтуша.
У адрозненне ад паўфіналаў, фінальныя матчы па-сапраўднаму прайшлі ў сумленнай гульні і завяршыліся ўнічыю, а пераможцаў давялося выяўляць у серыі пасляматчавых пенальці. Так, у матчы за трэцяе месца паміж футбалістамі з Лукава і райаграпрамтэхнікі перамога дасталася апошнім, а ў матчы за першае месца футбалісты з ПМК-20 білі пенальці больш упэўнена, чым ветэраны з камбіната, таму каманда ПМК-20 і стала першым пераможцам турніру сярод ветэранаў.
На ўрачыстым закрыцці спаборніцтваў каманда-пераможца была ўзна­гароджана пераходным кубкам і дыпломам І ступені. Дыпломамі адпаведных ступеней былі адзначаны і іншыя каманды-прызёры.
Усім камандам-удзельніцам уручылі грашовыя прэміі. Таксама прэміі атрымалі і лепшыя ігракі ў кожнай з каманд. Гэта Іван Мелянчук (“Перамога”), Мікалай Ківачук (“Запаветы Леніна”), Алег Сцепанюк (“Чырвоны партызан”), Аляксандр Закрутны («РАПТ»), Іван Ступчык («ГСЗ»), Аляксандр Ляпешка («ПМК-20»).
На гэтай мажорнай ноце і быў завершаны першы турнір па міні-футболу сярод ветэранаў. Сваімі ўражаннямі наконт яго падзяліліся два капітаны каманд-удзельніц.
Васіль Бяльчук (“Запаветы Леніна”):
– Турнір патрэбны. Дзякуй, што нас, ветэранаў футболу, не забываюць. Дзеля турніру сёння нават не пайшоў на паляванне, хаця гэта для мяне святая справа. Вядома ж, турнір павінен працягваць жыць. Хочацца выказаць арганізатарам яго адно пажаданне:каб ва ўсіх ветэранскіх камандах былі ігракі прыкладна аднаго ўзросту: ад 40 гадоў і старэйшыя.
Аляксандр Ляпешка (ПМК-20):
– Наколькі ведаю, у будучым плануецца на такі турнір запрашаць ветэранаў з Брэста, Украіны. Праўда, для гэтага неабходна больш дакладная арганізацыя спаборніцтваў і выкананне ўмоў турніру яго ўдзельнікамі. Так, памылкі, якія аказалі ўплыў на вынік, былі, але яны здараюцца вельмі часта ў футболе. Падтрымліваю ідэю, каб у спаборніцтвах удзельнічалі футбалісты ад 40 гадоў і старэйшыя.
Вось з такімі думкамі і разыходзіліся ўдзельнікі ветэранскага турніру па міні-футболе, дзякавалі яго арганізатарам, з надзеяй праз год сустрэцца зноў.
А ініцыіраваў турнір Іван Ступчык, адзін з ветэранаў футболу, пры падтрымцы аддзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама, спорткомплекса “Жамчужына”.
Аляксандр ЛЯДЗІНСКІ.
НА ЗДЫМКУ: каманда-пераможца.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

One thought on “Футболу ўсе ўзросты пакорлівыя

  • 08.06.2012 в 1:58 пп
    Permalink

    мой паппа всё равно круче)

Добавить комментарий