Берагіня, альбо Сакральная музыка кроснаў Cцепаніды Сцепанюк (Маларыцкі раён)

Сцепаніда Сцепанюк – знакавая постаць не толькі для Маларыцкага раёна, але і для Брэстчыны. Знамянальна, што  4 снежня, у дзень стварэння Брэсцкай вобласці, гэтая надзвычай таленавітая жанчына, народны майстар Рэспублікі Беларусь, адзначыла свой 84-ы дзень нараджэння. Яе вытканымі і вышытымі дзівоснымі ўзорамі наміткамі, ручнікамі, народнымі касцюмамі захапляюцца не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі. Усе работы Сцепаніды Аляксееўны незвычайныя, адмысловыя, самабытныя і ўнікальныя. Ва ўзорах, вытканых працавітымі рукамі Сцепаніды Сцепанюк, занатаваны глыбокі сакральны сэнс, што дайшоў да нас з даўніны сівых стагоддзяў.

Усё яе жыццё звязана з роднымі Дарапеевічамі,  з культурай маларыцкага краю,  якую яна праславіла, аднавіўшы за­бытую тэх­налогію ткацтва “кажуш­ком” – арыгінальны ар­­намент, характэрны для мяс­­цовага строю адзення. Ня­­гледзячы на даволі-такі ша­ноў­ны ўзрост, Сцепаніда Аляк­сееўна і сёння працуе за кроснамі. І калі б раскруціць кужэльны сувой танюткага палатна,  што за ўсё сваё нялёгкае жыццё выткала жанчына, то беласнежнай стужкай не адзін раз можна было б ахінуць яе родную вёску Дарапеевічы.

Хутаранка

Нарадзілася Сцепаніда Аляк­­­­­сееўна на хутары, што зна­­ходзіўся пры панс­кай Польшчы за тры кіламетры ад Да­рапеевіч. У сям’і Аляксея і Аляксандры Міхальчукоў,  акрамя Стэпы, было яшчэ трое дзетак. Жылі Міхальчукі дружна, шчыравалі ад цямна да цямна на зямлі, выхоўвалі любоў да працы і ў сваіх дзяцей, каб не выраслі лайдакамі, а пайшлі ў свет годнымі людзьмі. Мір­ны і спа­кой­ны ўклад жыцця на­заўсёды перакрэсліла Вя­­лікая Айчынная вайна.

— Калі прыйшлі немцы, мне было толькі 6 гадоў, — узгадвае Сцепаніда Аляк­сееўна. – Страшна не было, таму што я мала разумела,  што адбываецца. Помню,  як усіх хута­ран, каб не дапамагалі партызанам, фашысты пры­мусілі перабрацца ў вёску.  Усведамленне ўсёй значнасці трагедыі да мяне прыйшло тады, калі ў Да­рапеевічах нацысты па-зверску пачалі забіваць лю­дзей. Не шка­давалі ні старых, ні малых. У нашай хаце, якая стаяла на ўскрайку вёс­кі, бліжэй да лесу, часта спыняліся партызаны. Зараз нават страшна падумаць, што ў тым спісе смя­ротнікаў магла апынуцца і наша сям’я.

У васьмігадовым узросце Сцепаніда села за ткацкі станок. Спачатку ткала радно, паз­ней, “набіўшы” руку,  больш далікатнае палатно, з якога шылі адзенне ці іншыя рэчы, якія маці магла прадаць альбо на нешта абмяняць. Нялёгка жылося і пасля вайны. Сцепаніда закончыла толь­кі 5 класаў, а потым пайшла працаваць у калгас грузчыкам. У гас­падарцы катастрафічна не хапала мужчын, многія не вярнуліся з фронту. На працягу двух гадоў Сцепаніда на сваіх кволых хударлявых плячах перацягала не адну тону мяхоў з бульбай, зернем.

— За дзень так напрацуешся,  што ўвечары ледзьве ногі цягнеш, — кажа бабуля Стэпа, – так ласкава вяскоўцы называюць Сце­паніду Аляксееўну. – Дахаты прыйдзеш і хутчэй за кросны альбо за вышыўку. Так я і адпачывала.  А на досвітку зноўку бяжыш у калгас. Перад тым,  як улад­кавацца швачкай у камбінат бытавога абслугоўвання, яшчэ некалькі гадоў даіла ка­роў, прычым уручную.

 

Усё сваё жыццё Сце­паніда Аляксееўна пражыла ў Да­рапеевічах, тут выйшла замуж, выгадавала дваіх дзяцей, да­чакалася чатырох унукаў і столькіх ж а праўнукаў.

Прарочы сон

Займаючы амаль добрую па­лову невялічкага,  але вельмі ўтульнага пакоя,  бліжэй да акна стаяць кросны,  якім больш за сто гадоў. Іх яшчэ для сваёй маладой жонкі ка­лісьці змайстраваў бацька Сце­­­­паніды Аляксееўны. Можна гадзінамі на­зі­раць, як з-пад умелых, спрытных рук бабы Стэ­пы выходзяць незвы­чайнай прыгажосці тка­­ныя ручнікі, ходнікі, пос­цілкі. Спраўна шчыруе за кроснамі Сце­па­ніда Аляксееўна, нібыта чараўніца варожыць над узорам, у якім пераплятаюцца, плывуць розна­каляровыя ніткі. Яна хуценька пускае чаўнок з навітым на цэўку ўтком, націскае на пана­жы і набівае бёрдам ніткі. Нездарма многія па­раўноўваюць кросны з музычным інструментам – арганам. Старадаўні ткацкі станок спявае ў майстравітых руках Сце­паніды Сцепанюк,  выпраменьваючы адмысловую, нават сакральную музыку. Вось перапляліся, зліліся ў адно ярка-бар­вовыя і белыя ніткі, утвараючы непаўторную сімволіку ўзору. Не парываецца духоўная сувязь па­каленняў, іль­нянымі ніт­камі тчэцца су­вой палат­на. Сваё май­стэрства ткацтва пе­­радала Сце­паніда Аляк­сееўна дачушцы Ва­лянціне Гатоўчыц, якая ў сваю чаргу вучыць ткаць на кроснах вяс­ковых дзяцей,  сярод якіх ёсць нават хлопчыкі. Дзевяцігадовая  праў­нучка Сцепаніды Аляк­сееўны, Даша, таксама цікавіцца народным рамяством і сама ўжо можа выткаць ручнічок.

Валянціна Іванаўна, дачка майстрыхі, і Сце­паніда Аляксееўна з ра­дасцю ў голасе адзначаюць, што зараз моладзь пачала больш цікавіцца народнымі тра­дыцыямі,  культурай сваіх продкаў. Значыць, тонкая нітачка часу, якая яднае пакаленні, не перарвецца. Не знікнуць традыцыі маларытчан, не адыдзе ў нябыт іх унікальная культура.

Палатно,  вытканае Сце­­­­­па­ні­дай Сцепанюк, нясе ў сабе станоўчую энер­гетыку. Не толь­кі ручнікі, але нават і вясельныя касцюмы ў народным стылі заказваюць у бабулі Стэпы, і яна нікому не адмаўляе, хоць і цяжкая гэта праца – выткаць, а потым пашыць сукенку для нявесты ці ўбор для жаніха. Месяцы тры забавіць да­вядзецца.

— А  што гэта за выпадак з пра­­рочым сном? – пытаюся ў бабулі Стэпы.

— Аднойчы,  калі мы выступалі на адным з канцэртаў у абласным цэнтры, — працягвае гаворку Сцепаніда Сцепанюк, – да нас падышоў кіраўнік за­служанага аматарскага калектыву ансамбля танца “Радасць” Анатоль Вараб’ёў, якому вельмі спадабаўся вы­кананы на касцюмах ма­ларыцкі ўзор, і па­прасіў мяне выткаць па старадаўняй тэх­на­логіі некалькі строяў для яго артыстаў.

Так ткалі больш за сто гадоў таму маларыцкія ткачыхі, але, на жаль, тэхналогія ткацтва была, здаецца, незварот­на стра­чана. Сцепаніда Аляк­сееўна апытвала па­жылых жанчын у спадзяванні, што, мо­жа, нехта з іх памятае, як патрэбна накідваць ніткі, каб атрымаўся старадаўні ўзор “кажушком”.

— Усе мае намаганні былі дарэмнымі, — расказвае далей народны майстар. – Ні­хто нічога не ведаў. Пяць дзён я марнела за кроснамі, на­кідваючы ніткі ў розных варыяцыях. А ўзор так і не атрымліваўся. Страціла апетыт, прапаў сон. На шосты дзень вечарам,  пе­рахрысціўшыся, падумала,  калі заўтра арнамент не выйдзе, застанецца ансамль “Радасць” без сцэнічных касцюмаў, выкананых у маларыцкім стылі. Пад раніцу неяк заснула. Раптам бачу сон, быццам іду я па залітым сонцам лузе, а ўдалечыні бачны кросны, за якімі сядзіць жанчына. Вось яна мне і раскажа, як выткаць узор. Падыхо-джу бліжэй,  а жанчына чамусьці знікла. Быццам бы і не было яе зусім. Перад тым, як прачнуцца, краем вока глянула на кросны і заўважыла, як увабраны ніткі. Аказваецца, “трысцінкі” бёрда патрэбна зрабіць больш рэдкімі, каб ніткі маглі пераплятацца адна  за адну.

Бабуля Стэпа адразу кі­ну­лася за кросны, заправіла так, як убачыла ў сне, ніткі і пачала ткаць. Містыка гэта ці не, але ўзор атрымаўся такім, як ткалі кабеты сто і болей гадоў таму. Ад радасці і хвалявання Сцепаніда Аляксееўна нават запла­кала.

Ручнік для міністра

І калі яна толькі ўсё паспявае: і тчэ,  вышывае,  дываны выбівае, спявае ў царкоўным хоры і мясцовым ансамблі, ходзіць па грыбы-ягады і па гаспадарцы ўвішна ўпраўляецца, якая, дарэчы, немаленькая нават па сённяшніх мерках.

На падворку спраўнай гас­падыні ёсць карова па мянушцы Белка, гадуюцца парсючкі, авечкі,  водзіцца птушка. Агарод заўсёды ў парадку, дагледжаны, чысты. З ранняй вясны і да позняй восені ў гародчыку радуюць вока рознакаляровымі фарбамі кветкі. Праўда, побач са Сцепанідай Аляксееўнай,  на суседнім двары,  жыве яе дачка Ва­лянціна, якая і дапамагае матулі даглядаць гаспадарку. Тое, што бабуля Стэпа са­праўдная майстрыха на ўсе рукі, сведчыць наступны факт: некалькі гадоў таму надумала жанчына новы склеп пабудаваць. Сама выкапала катлавіну,  аблажыла яе цэглай, змайстравала лесвіцу, накрыла дах, і атрымаўся ладны склеп для захоўвання хатніх прысмакаў ды разнастайных закатак. Потым справа дайшла і да куратніка, які сваі­мі рукамі пабудавала бабуля Стэпа. А тое, што ніводнае свята не абыходзіцца без удзе­лу таленавітай Сцепаніды Сцепанюк, і казаць не трэба. Вось на днях  самадзейны мясцовы калектыў “Талакуха” ў хаце бабы Стэпы ладзіў  ста­радаўні народны абрад “Запусты”. Любяць бываць у гасцях у бабы Стэпы як жур­налісты, так і этнографы. Напрыклад, у мінулую нядзелю да Сцепаніды Аляксееўны за­віталі навукоўцы з ра­сійскай Акадэміі навук, распытвалі пра народныя абрады, звычаі і традыцыі,  запісвалі ў выкананні бабы Стэпы старажытныя пе­с­ні. Больш за дзясятак да­кументальных стужак зня­­та пра яе жыццё і твор­часць. А колькі яна мае ўзнагарод, дык не пералічыць! Адна з самых важных – гэта ордэн “За вернасць Баць­каўшчыне”.

— Усё пачалося з лёгкай ру­кі былога міністра культуры Паўла Латушкі, — прыгадвае Сцепаніда Аляксееўна, — які аднойчы прыязджаў на Маларытчыну. Я тады адзін са сваіх ручнікоў яму падарыла. Павел Паўлавіч з удзячнасцю прыняў падарунак і пытаецца ў мяне: “Колькі Вам плацяць за ручнікі?”. Я не разгубілася ды і кажу: “Колькі плацяць, столькі і добра, я да грошай не зайздросная”. Тады ён прапанаваў зняць пра мяне дакументальны фільм.

Расказваць пра Сце­паніду Сце­панюк можна доўга і шмат, настолькі яркая і шматгранная яна асоба. У час размовы з ёй, пад яе напеўны, сакавіты голас мне прым­­­роіўся вобраз статнай,  прыгожай жанчыны з доўгімі русымі валасамі – сапраўднай Берагіні. Зрэшты, яна і ёсць наша Берагіня, якая збірае і захоўвае непаўторнае багацце народнай культуры, далучае маладое пакаленне да сакральнай мудрасці продкаў.

…Сцелецца бялюткі су­­вой палатна, аздоблены старажытным арнаментам, над якім днямі і начамі ткала-варажыла майстрыха-чараўніца бабуля Стэпа. Тонкі, далікатна выбелены кужаль напоўнены энергіяй  сонца і зямлі, а яшчэ гаючым цяплом нястомных рук жанчыны.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  • 37
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!