“Арменія – у  сэрцы  маім  назаўсёды” Крысціна Джавадзян (Маларыцкі раён)

У кастрычніку ў Маларыце прайшоў абласны тур XIII рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”. Ад нашага раёна на ім выступала некалькі самадзейных артыстаў. Сярод іх – жыхарка вёскі Хмялёўка  Крысціна Джавадзян. Яна прадстаўляла армянскую культуру. На сцэне ГДК жанчына выканала “Танец нявесты”.

Фота газеты “Голас часу”

– У любой культуры ёсць свая самабытнасць і адметнасць, – гаворыць Крысціна Джавадзян. – Армянская культура не з’яўляецца выключэннем. Танцы армянскага народа здзіўляюць сваёй веліччу і прыгажосцю. На фестывалі прад­стаўляла адзін з такіх танцаў.

“Узундара” – любімы армя­намі традыцыйны жаночы та­­нец, танец нявесты. Ён выконваецца як сольна, так і групай. Грацыёзныя рухі гэтага тан­ца падкрэсліваюць жаноцкасць і прыгажосць дзяўчыны, якая плыве быццам лебедзь. Танец нявесты – самы чаканы момант вяселля,  які становіцца для жаніха прыемным сюрпрызам, незабыўным падарункам.

Крысціна Джавадзян нара­дзілася і вырасла ў Масійскім раё­не Арменіі, за восем кіла­метраў ад сталіцы – г. Ерэвана.  Па сямейных абставінах амаль дваццаць гадоў таму пераехала на пастаянае месца жыхарства на Маларытчыну. У Хмялёўцы мясцовы калгас выдзеліў сям’і дом, сама жанчына ўладкавалася працаваць лабарантам на фер­му. Цяпер яна – памочнік загадчыка фермы. У сям’і жанчыны выхоўваецца тры дзяўчынкі: старэйшая – Дзіяна (студэнта філфака Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна),  сярэдняя – Вікторыя (вучыцца ў 9 класе Радзежскай СШ),  меншая – Сафія (наведвае дзіцячы сад).

– У фестывалі нацыянальных культур “Суквецце культур” я прымала ўдзел першы раз, – гаворыць Крысціна Джавадзян. – Сама рыхтавала пастаноўку танца і падбірала да яго музыку. Нацыянальны армянскі касцюм для выступлення на сцэне дапамагалі пашыць Люд­міла Піпко і Валянціна Ка­лашук. Нумар асабліва старанна рэпеціравала за два тыдні да выступлення.

– Як вы трапілі на фесты­валь? – цікаўлюся ў субясед­ніцы.

– Дырэктар Радзежскага СДК Люд­міла Піпко мне пра­па­навала прыняць удзел у раённым туры рэспублі­кан­скага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”. Раённая камісія мой танцавальны нумар выбрала на абласны тур, а абласная ка­місія – на заключны гала-канцэрт абласнога тура фестыва­лю. Падчас выступлення на ім рэспубліканская камісія вы­бірала лепшыя нумары на заключны этап. Яе рашэнне мне пакуль невядома. За “Танец нявесты” ўзнагароджана дыпломам за папулярызацыю нацыянальнага мастацтва і актыўны ўдзел у абласным туры рэс­пуб­ліканскага фесты­валю.

– Крысціна Грыша­еўна, ці сумуеце па сваёй маленькай радзіме?

– Безумоўна! Я палюбіла сваю другую радзіму,  захапляюся яе прыгажосцю, спагадлівымі і шчырымі людзьмі. Беларусь у маім сэрцы займае важнае месца. У Арменіі прайшло маё дзяцінства, а ў Беларусі – маладосць. Тут я правяла большую частку свайго жыцця, тут нарадзіліся мае дзяўчаткі, тут я жыву, працую… Але Арменія таксама назаўсёды засталася ў маёй душы. Часта ў думках бываю там. Часам так хочацца апынуцца ў тых далёкіх, але блізкіх сэрцу месцах,  прайсціся сцежкамі,  дзе прайшло маленства. Да армянскай культуры, культуры продкаў, імкнуся далучаць і сваіх дзяўчат.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 20
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий