Педагагічны  почырк Таццяны Касцючык (Маларыцкі раён)

Цяжка цяпер сказаць, як склаўся б лёс Таццяны Касцючык, калі б яна не  паступіла вучыцца на гістарычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Невядома, дзе была б і кім працавала. Свой лёс прадвызначыла ў выпускным класе, у маі месяцы.

Таццяна Баярчук (да за­муства) з дзяцінства ма­рыла стаць фармацэўтам. Памятае, як прыходзіла з маці ў аптэку і заўсёды была ў захапленні ад убачаных там розных па­мераў каробачак і бутэлек, якія знаходзіліся на паліцах. Пры­цягвалі яе ўвагу і лекавыя сродкі. Ды і самой часта ха­целася іх гатаваць, каб лячыць лялек. 

– Але падчас вучобы ў Жа­бінкаўскай СШ №1 “не ішла”, як здавалася,  біялогія, – гаворыць Таццяна Касцючык. – Я сама сабе намовіла, што не ведаю гэтага прадмета на тым узроўні, які неабходны для паступлення,  хоць заўсёды адказвала толькі на пя­цёркі. Таму ад дзіцячай мары да­вя­лося адмовіцца. Пазней вырашыла сваё жыццё звязаць з ма­тэматыкай. Да пастаўленай мэты іш­ла ўпэўнена цвёрдым крокам. Гэты прадмет любіла, любыя задачы ра­шала хутка і проста. Пад­час кантрольнай работы па­с­­пявала і свой ва­рыянт ра­шыць на пяць, і яш­чэ да­­па­магчы ад­на­клас­нікам. Не раз аба­ра­няла гонар установы аду­кацыі на раённых этапах рэспубліканскай алімпіяды не толькі па матэматыцы, але і па хіміі, гісторыі. Па ма­тэматыцы нават прымала ўдзел у абласным этапе алім­піяды.

Аднак эканамістам Таццяна Васільеўна таксама не ста­ла. У адзінаццатым класе яна захапілася гісторыяй і гра­мадазнаўствам. А настаўніца, якая вы­кла­дала гэтыя прад­меты, стала для Таццяны са­праўдным аўта­рытэтам, свое­асаблівым арыенцірам у жыцці. Таму дзяўчына пасля доўгіх роз­думаў таксама вырашыла стаць настаўнікам гісторыі і гра­мадазнаўства.

Закончыўшы школу з ся­рэбраным медалём, Таццяна Васільеўна без цяжкасцей паступіла ў ВНУ. Падчас сельгасработ, куды паехала на першым курсе інстытута, пазнаёмілася з аднакурснікам – будучым мужам Віталіем Мікалаевічам. Ён дзяўчыне запаў у душу, падкупіў сваёй  адукаванасцю, раз­важ­лі­вас­цю, сур’ёзным стаў­лен­нем да жыцця.

– Другога верасня 1995 года мы згулялі вяселле, – гаворыць Таццяна Васільеўна. – Гэты дзень запомніўся яшчэ і тым, што нідзе не маглі сабе на ўрачыстасць купіць кветак. Уяўляеце нявесту без букета? Кветкі разабралі напярэдадні першага верасня. Новую пар­тыю іх яшчэ не паспелі завезці. Вырашыць пытанне дапамаглі сябры, якія ўсё ж такі недзе здолелі набыць букет руж.

З сярэдзіны верасня 1995 года Таццяну Касцючык за­прасілі выкладаць гісторыю і грамадазнаўства ў Олтушскую СШ. Яна згадзілася, хоць сумяшчаць працу і вучобу на апошнім курсе ВНУ было складана. Стараннасць, мэ­танакіраванасць, сур’ёзнае стаўленне да любой дару­ча­най справы паспрыялі таму, што Таццяна Васільеўна на выдатна спраўлялася і там, і там. Між іншым, гістарычны факультэт Брэсцкага дзяр­жаўнага ўніверсітэта яна за­кон­чыла з адзнакай. Вучоба давалася лёгка, праца пры­носіла задавальненне.

–Вучыла і адначасова ву­чылася сама,  – кажа Тац­цяна Васільеўна. – Не раз клалася спа ць далёка за поў­­нач, бо хацела грунтоўна падрыхтавацца да заняткаў. Часта на памылках спасцігала прапісныя ісціны. Да ўсяго жадала дайсці сваім розумам, але з першага дня работы актыўна дапамагалі і калегі.

Праз тры гады на пас­таян­­нае месца працы яна пера­вялася ў Ланскую СШ, у якой тады ўжо працаваў муж. А з канца сакавіка 2013 года стала дырэктарам гэтай жа ўстановы адукацыі. За час працы ў школе Таццяна Касцючык выпрацавала аса­бісты педагагічны почырк.

–Нельга не сказаць і пра тых дырэктараў, пад  кіраўніцтвам якіх мне пашчасціла пра­цаваць не адзін год. Шмат карыснага і неабходнага пе­раняла ў былога дырэктара Олтушскай СШ Мікалая Сяр­геевіча Анішчука, былога дырэктара Ланской СШ Ган­ны Максімаўны Шпетнай. Ме­навіта дзякуючы ім адбы­ва­лася маё станаўленне як педагога і дырэктара. У іх вучылася жыццёвай мудрасці, разважлівасці, тактоўнасці, вытрымцы, памяркоўнасці, уменню працаваць з калегамі. Ме­навіта ад іх пераняла пра­віла ніколі не прымаць па­спешлівых і неабдуманых ра­шэнняў. Усё гэта разам ўзятае і дае станоўчы вынік.

Для таго, каб яго дасягнуць, пе­раканана Таццяна Ва­сільеў­на, неабходна сумесная роз­набаковая штодзённая і кар­патлівая праца як вучняў, так і іх бацькоў сумесна з  педагогамі.

– Гэта павінна быць не ра­­­завым дзеяннем, а што­дзённым, пастаянным, – га­ворыць Таццяна Васільеўна.  – Найбольш эфектыўныя на­кірункі работы Ланской СШ ця­пер і складаюць яе ключ да поспеху, у аснове якога ля­жыць матывацыя. Асноў-ная задача кіраўніка – ства-раць кожнаму ў калектыве спрыяльныя і камфортныя ўмо­вы для працы, матываваць на су­месную стваральную і твор­чую дзейнасць, на веру ў свае сілы і магчымасці,  высокія дасягненні.

Таццяна Касцючык лі­чыць, што дырэктар су­час­най школы па­вінен быць эфектыўным кіраў­ніком, якому неабходна за­бяс­печыць апераджальны характар раз­віцця адукацыі: ставіць задачы, якія сёння з’яўляюцца важнымі і якія стануць яшчэ больш важнымі заўтра, а таксама павінен хутка ўмець знаходзіць шляхі іх вырашэння.

– Дырэктар, – гаворыць Тацця­на Васільеўна, – павінен адначасова быць педагогам і арганізатарам, валодаць юры­дычнымі і эканамічнымі ведамі, садзейнічаць па­вы­шэнню кваліфікацыі на­стаў­нікаў, ствараць умовы для раскрыцця іх творчых здоль­насцей, мець трывалыя веды па педагогіцы, псіхалогіі, розных методыках.

– Таццяна Васільеўна, ці не шкадуеце цяпер, што не сталі эканамістам?

– У выбары прафесіі не расчаравалася. Гэта па­цвяр­джаюць і 24 гады, якія ўжо аддадзены педагагічнай ніве. Шмат у мяне светлага і добрага  звязана менавіта са школай.  Хоць і не стала матэматыкам, але цяпер урокі  гісторыі і грама­да­знаўства праводжу з ма­тэматычнай дакладнасцю. Мне неабходна, каб увесь матэрыял быў выкладзены лагічна, звязна, паслядоўна, дакладна, з прыкладамі…

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!