У Маларыце правялі конкурс даследчых работ

На базе  СШ №2 г.Маларыта  прайшла ХV раённая канферэнцыя (конкурс даследчых работ) “Дзеці. Творчасць. Інтэлект” для вучняў 5-11 класаў. Яе арганізатарам стаў аддзел па адукацыі райвыканкама і раённы вучэбна-метадычны кабінет. Конкурс праводзіцца штогод з мэтаю развіцця інтэлектуальных здольнасцяў вучняў, пашырэння кола іх адукацыйных інтарэсаў, павышэння якасці ведаў па вучэбных прадметах.

Юныя навукоўцы Ланской СШ

Сёлета свае напрацоўкі дэм­ан­стравалі юныя навукоўцы з 16 уста­ноў адукацыі раёна. На заключны этап  інтэлектуальнага спаборніцтва пасля папярэдняга адбору было дапушчана 25 работ. Прэтэндэнты на перамогу прадстаўлялі свае даследаванні ў 11 секцыях.

Іх зацікавілі такія пытанні, як гісторыя помнікаў в. Радзеж, вобраз настаўніка ў мастацкай лі­таратуры, хрысціянскія матывы ў творчасці беларускіх пісьменнікаў, выкарыстанне тэарэмы Менелая для рашэння задач і інш. Юныя навукоўцы таксама расказвалі пра нестандартны падыход ў вы­мярэнні аб’ёму фізічных цел, гіс­торыю свідравальнага станка, стваралі андроід-дадатак па фізіцы, вызначалі радыус Зямлі з выкарыстаннем гаджэтаў, вывучалі гісторыю цэркваў Маларытчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, даследавалі экалогію барсука звычайнага на тэрыторыі Маларыцкага раёна і інш.

Самымі малодшымі ўдзельнікамі інтэлектуальнага спаборніцтва сталі: вучань 4 класа Гвозніцкага д/с-СШ  Багдан Бягеза, які прад­ставіў на суд журы даследаванне “Неразгаданыя тайны тапонімаў” у секцыі “Лінгвістыка”, а таксама ву­чаніца 5 класа Чарнянскай СШ Лізавета Данілюк з работай “Сакрэты мамінага кашалька” ў секцыі  “Працоўнае навучанне”.

Па выніках раённай канферэнцыі “Дзеці. Творчасць. Інтэлект” будзе выдадзены  зборнік тэзісаў. Лепшыя работы юных маларыцкіх навукоўцаў прымуць удзел у абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!