Наталля Бойка: «Сваю прафесію люблю, хоць лёгкай яе ніяк не назаву…» (Маларыцкі раён)

Ужо больш за дзевяць гадоў працуе сацыяльным работнікам Маларыцкага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Бойка. 

Шчырая, адкрытая, сціплая, ад­каз­ная, нераўнадушная, спагадлівая, неабыякавая да ўсяго… Якія словы ні падбяры, але іх будзе, напэўна, недастаткова, каб дакладна аха­рак­­тарызаваць Наталлю Бойка. Га­лоў­ныя рысы характару жанчыны, па словах калег, – гэта ўсё ж такі бескарыслівасць, дабрыня, сар­дэч­ная цеплыня, міласэрнасць, уменне паспачуваць у любой сітуацыі. Менавіта такім людзяць і трэба пра­цаваць са­цыяльнымі работнікамі, таму што іх прызначэнне – дапамагаць адзінокім, хворым і нямоглым людзям, аддаваць шчодрасць сваёй душы іншым.

Цяпер Наталля Бойка для “сваіх” дзевяці бабуль практычна з’яўляецца своеасаблівай хуткай дапамогай – надзейнай памочніцай і ра­тавальніцай. Жанчына некалькі разоў на тыдзень абавязкова наведвае кож­ную з іх.

– Сваю прафесію люблю, хоць лёгкай яе ніяк не назаву, – гаворыць Наталля Бойка. – Спачатку, калі ўладкавалася на працу ў тэрытарыяльны цэнтр, нават плакала ад таго, што было цяжка ў ма­ральным плане. Аднак пазней прызвычаілася, змяніла свае погляды і адносіны да жыцця. У кожнай з маіх бабуль, узрост якіх ад 78 да 89 гадоў, за плячыма нялёгкае пражытае жыццё, свой ха­рактар, погляды на навакольны свет, свае патрабаванні. Таму часта даводзіцца быць не проста памочніцай па дому, але і псіхолагам, медыкам… Старыя людзі, як дзеці, таму да кожнага патрэбен індывідуальны падыход. Яны маюць вялікую патрэбу выгаварыцца, расказаць пра свае праблемы. Таму неабходна ўменне іх выслухаць, нешта параіць, падказаць, падтрымаць размову.

Наталля Бойка ніколі не адчувае ў адносінах да “сваіх” бабуль не­павагі і раздражнення. Жанчына не абмяжоўваецца рамкамі інструкцый, а робіць заўсёды тое, што просяць падапечныя і што падказвае яе сэрца. Прыбраць у доме, прынесці прадукты, купіць лекі, аплаціць камунальныя паслугі – гэта далёка не ўвесь пералік прафесійных абавязкаў сацыяльнага работніка. У працоўным графіку На­таллі Бойка часам бывае, што і выхадных няма. Да кожнай са “сваіх” бабуль яна наведваецца не менш, чым тры разы на тыдзень.

–Бывае, што мае бабулі тэлефануюць позна вечарам, – кажа Наталля Аляксандраўна. – Пытаюся ў іх: “Што здарылася?” А жанчыны, плачучы ў тэлефонную трубку, адказваюць, што ўсё добра, просяць прыехаць да іх, бо сумна, маркотна, адзінока, няма з кім пагаварыць. Адчуванне быць  адзінокім сярод людзей у наш час – незайздросны стан. Гэта кранае да глыбіні душы. 

Некаторыя з бабуль, ведаючы, ка­лі па­вінна прыйсці На­талля Аляк­сан­драўна, чакаюць яе ля акна, з ра­дасцю адчыняюць дзверы,   убачыўшы знаёмы сілуэт, запрашаюць да стала.

Наталля Бойка перажывае за сваіх падапечных, стараецца ўпрыгожыць іх адзінокую старасць. А разуменне, што ім патрэбна, жанчыну сагравае, падбадзёрвае. Кожная сустрэча з бабулямі дадае аптымізму, новых сіл, вучыць жыццёвай мудрасці, цяр­плівасці.

У запісной кніжцы Наталлі Бойка не проста рабочыя запісы, напрыклад, каму і калі неабходна нешта прынесці ці купіць. У ёй старонкі жыцця людзей, якія апынуліся ў нялёгкіх жыццёвых абставінах, сталі роднымі і блізкімі. Наталля Аляксандраўна цяпер – важная частка жыцця “сваіх” бабуль, па-сапраўднаму чаканы і незаменны чалавек.

          Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 22
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!