Кацярына Лысюк:»Хоць па натуры я і аптымістка, але баліць, перажывае мая душа за вёску, яе будучыню…» (Маларыцкі раён, Масевічы)

Напісаць замалёўку пра Кацярыну Сцяпанаўну Лысюк ( на здымку), якая пражывае ў вёсцы Масевічы, параіў старшыня Вялікарыцкага сельскага Савета Віктар Кірычун. “Нягледзячы на тое, што Кацярына Сцяпанаўна  даўно знаходзіцца на заслужаным адпачынку, яна не сядзіць дома без справы, — тлумачыць Віктар Мікалаевіч. – Гэтая неабыякавая жанчына перажывае за лёс сваёй вёсачкі. Для яе не існуе чужых праблем. Таму, калі і ўзнікаюць якія-небудзь пытанні, Кацярына Лысюк тэлефануе ў сельвыканкам, каб сумеснымі намаганнямі іх вырашыць”.

Маларытчына даўно стала другой маленькай радзімай для Кацярыны Лысюк, якая нарадзілася ў вёсцы Навасёлкі, што ў Кобрынскім раёне.

— Як сёння памятаю той да­лёкі 1970 год, калі пасля за­канчэння Столінскага сель-с­ка­гас­падарчага тэхнікума па на­кіраванні я прыехала працаваць у мясцовы калгас “Новае жыццё” бух­гал­тарам, — расказвае пра свой лёс жан­чына. – 35 гадоў аддала сельскай гас­падарцы. У працоўнай кніжцы толькі два запісы: калі была прынята на працу і калі пайшла на пенсію. За той час, калі працавала, змя­ні­лася 10 кіраўнікоў, і з кожным з іх засталіся цудоўныя адносіны. Але асабліва добрыя словы хочацца сказаць у адрас былога кіраўніка гаспадаркі Сямёна Іванавіча Кавенькі, які ніколі не павышаў голас на сваіх работнікаў, сваім прыкладам выхоўваў у вяскоўцаў  ветлівасць да іншых і адказнасць за свае ўчынкі. Менавіта Сямён Іва­навіч навучыў нас культуры ўзае­маадносін.

Кацярына Сцяпанаўна  пра сваю работу, калег, калгаснае жыццё расказвае з асаблівым запалам. Адчуваецца, што сваю работу былы бухгалтар не толькі добра выконвала, але і любіла. І яна ніколі не згодзіцца з вы­казваннем, што, маўляў, у бух­галтарскай справе няма ні­чо­га цікавага, адны лічбы ды справаздачы.

— Ды толькі за кожнай лічбай стаяць людскія лёсы, — дадае Кацярына Сця­панаўна. – І ня­лёгкая, ад світання да позняй ночы, праца вяскоўцаў. Я ніколі не пашкадавала, што абрала для сябе та­кую спецыяльнасць. Мне было цікава працаваць. Памятаю, як распрацоўвалі ў калгасе новыя формы разлікаў, укаранялі чэкавую сістэму аплаты. Разлікі раней праводзіла на арыфмометры, пакуль не з’явіліся калькулятары. А калі на змену ім паступіла камп’ютарная тэхніка, працаваць ста­ла нам­нога прасцей. Сло­вам, на ра­боту я ішла заўсёды з ра­дасцю, а адпрацаваўшы дзень, з такім жа пачуццём вярталася дамоў.

Вечарам сваю любімую ма­тулю ва ўтульнай кватэры ча­калі двое дзяцей і муж, каб разам павячэраць, абмеркаваць сямейныя пытанні. Праўда, зараз Ка­цярына Сцяпанаўна жы­ве адна: гаспадар памёр, а дзеці даўно ўжо маюць свае сем’і. Жанчына ўдзячна лёсу, які падарыў ёй чатырох унучак прыгажунь, застаецца дачакацца яшчэ праўнукаў. 

— Хоць па натуры я і аптымістка, — га­ворыць Кацярына Сцяпанаўна, — але баліць, перажывае мая душа за вёску, яе будучыню. Хутка адны старыя і дач­нікі  застануцца жыць у Масевічах ды Пажэжыне. У двухпавярховай Па­жэжынскай базавай школе, якая раней была сярэдняй, навучаецца толькі 30 вучняў. А  раней у вёсцы як хораша было! Хоць і працавалі да сёмага поту і ўласную гаспадарку трымалі, але і адпачываць умелі, весела, з песнямі ды танцамі. Лічу, што жыццё ў вёсцы пачало за­міраць, калі рэарганізавалі СВК “Масевічы”.

Гэта было ў 2005 годзе, калі Кацярына Сцяпанаўна пайшла на заслужаны адпачынак. Некалькі гадоў даглядала, не адыходзіла ад хворай матулі, якую забрала з Навасёлак да сябе ў Масевічы. Вялікае добрае сэрца ў Кацярыны Сця­панаўны, хвалюецца яна і за сваіх аднавяскоўцаў. Тры гады таму Кацярына Сцяпанаўна была адным з ініцыятараў газіфікацыі вёсак Пажэжын і Масевічы. Угаварыла вяскоўцаў не ся­дзець склаўшы рукі ў чаканні, калі ў іх дамы прыйдзе блакітнае паліва, а самім, арганізаваўшы кааператыў, правесці газ.

— Вялікую падтрымку ў га­зі­фікацыі на­селеных пунктаў нам аказаў Вя­лі­карыцкі сель­выканкам, — тлумачыць жанчына. – У прыватнасці, старшыня сельвыканкама Віктар Кірычун, які сус­тра­каўся з намі, вырашаў арганізацыйныя пытанні. Цяпер у нашых дамах цёпла і ўтульна.

А яшчэ Кацярына Сцяпанаўна не толькі на словах, але і на справе прыхільніца здаровага ладу жыцця. Жанчына робіць штодня зарадку і займаецца скан­дынаўскай  хадзьбой. Так і надалей трымаць, Сцяпанаўна! 

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  • 39
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!